Праз выкрыцьцё фактаў карупцыі ў лясгасах Міністэрства лясной гаспадаркі хоча паскорыць распрацоўку электроннай сыстэмы ўліку драўніны. Пра гэта заявіў намесьнік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы на нарадзе 20 лютага ў Мінлясгасе.
Сыстэма электроннага ўліку драўніны будзе кантраляваць рэалізацыю прадукцыі на ўнутраным і зьнешнім рынку.
Як паведаміла Радыё Свабода прэс-сакратарка міністэрства Анастасія Дакучаева, ужо ёсьць пілётныя праекты электроннага ўліку, якія працуюць на базе некаторых лясгасаў. Першапачаткова заяўлялася, што электронная сыстэма будзе гатовая да 2020–2021 году.
Міхаіл Русы загадаў паскорыць распрацоўку. Новых тэрмінаў здачы сыстэмы электроннага ўліку ў міністэрстве яшчэ ня вызначылі. На думку Русага, электронны ўлік дазволіць спыніць эканамічныя злачынствы ў гандлі драўнінай.
Аляксандар Лукашэнка звольніў 15 лютага міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча за «непрыняцьце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэньнямі ў падведамных арганізацыях».
На наступны дзень, 16 лютага, КДБ паведаміў пра затрыманьне 12 чыноўнікаў «ляснога» міністэрства і двух прадпрымальнікаў, зьвязаных зь лясной гаспадаркай. Сьцьвярджалася, што 11 з 14 затрыманых прызналі сваю віну ў злачынствах, большасьць актыўна супрацоўнічае са сьледзтвам.
«Што тычыцца гэтых выпадкаў, пра якія кажа КДБ, справы яшчэ вядуцца, віна супрацоўнікаў яшчэ не даказаная, суды яшчэ не прайшлі. Міністэрствам таксама была праведзеная ўнутраная праверка, былі сабраныя матэрыялы, якія цяпер вывучаюцца. Мы таксама зацікаўленыя ў законнасьці», — сказала Анастасія Дакучаева.
Паводле КДБ, службовыя асобы наўмысна заніжалі цэны піламатэрыялаў пры продажы лясгасамі. Пад выглядам таннай драўніны закуплялася прадукцыя высокай якасьці, якая затым экспартавалася праз пасярэдніцкія структуры ў Беларусі. Таксама ў схеме ўдзельнічалі «фірмы-пракладкі» з краінаў Балтыі. Прыбытак заставаўся ў кантраляваных беларусамі фірмах Літвы і Эстоніі, падаткі ня сплочваліся.