Актывіст праз 5 гадоў дамогся даведкі, што быў зьбіты на мітынгу 19 сьнежня 2010 году

Леанід Кулакоў

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў атрымаў з 2-га шпіталя Менску копіі дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць, што 19 сьнежня 2010 году ён быў зьбіты міліцыяй.

Паводле Леаніда Кулакова, ён амаль 5 гадоў спрабаваў атрымаць такую даведку, зьвяртаўся вусна да лекараў шпіталя, але яму раз за разам адмаўлялі. Месяц таму Кулакоў распавёў пра гэтую гісторыю праваабаронцу «Вясны», былому адвакату Паўлу Сапелку. Той дапамог напісаць пісьмовы зварот у шпіталь, і гэта спрацавала: днямі Леанід Кулакоў атрымаў копіі дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць ня толькі тое, што 19 сьнежня 2010 году ён атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, але і пазначана яе паходжаньне — што быў зьбіты міліцыяй.

Як адбываліся падзеі, у выніку якіх пацярпеў Леанід Кулакоў?

Леанід Кулакоў згадвае, што ў 2010 годзе ня быў актывістам ніякай партыі ці руху, а на мітынг супроць фальшаваньня выбараў прыйшоў збольшага «зь цікаўнасьці і спачуваючы». Але далей апынуўся ў віры падзеяў, у тым ліку стаяў каля прыступак Дому ўраду і на свае вочы бачыў, як некалькі «хлопцаў у вязаных шапачках з заплечнікамі білі вокны Дому ўраду і нешта крычалі». Гэта цяпер Леанід Кулакоў мяркуе, што то былі засланыя правакатары, якія заклікалі далучыцца да хуліганскіх дзеяньняў такіх, як ён, звычайных мінакоў альбо сьвядомых апазыцыянэраў. Але тады ён проста стаяў і глядзеў. А потым, паводле Леаніда Кулакова, з Дому ўраду пачалі выскокваць адзін за адным амапаўцы ў шлемах з дубінкамі ды шчытамі і кінуліся зьбіваць удзельнікаў мітынгу. Аднаму з пацярпелых Леанід Кулакоў паспрабаваў дапамагчы, але сам стаў ахвярай гвалту.

«Бачу, што побач ляжыць на баку малады хлопец і трымаецца за галаву рукамі. А галава ў крыві. Я нахіліўся, каб яго падняць і выцягнуць з той паласы паміж натоўпам і шэрагам міліцыянтаў, і ў гэты момант мне на галаву пасыпаліся ўдары дубінамі. Страціў прытомнасьць і ачуняў толькі ў аўтамабілі хуткай дапамогі, які стаяў на вуліцы Берсана, за Чырвоным касьцёлам. Яшчэ памятаю, што адчуваў, як мяне туды несьлі. Там мне дапамаглі, але праз вокны я ўбачыў шмат міліцэйскіх чорных масак і шчытоў. Сказаў лекарам, што мяне зараз туды забяруць, але лекары сказалі, каб супакоіўся, што не аддадуць мяне, і зачынілі аўтамабіль. Адвезьлі мяне ў 2-ю клінічную бальніцу, якая тады была на Нямізе, там паставілі дыягназ — чэрапна-мазгавая траўма, і зашылі галаву. Яшчэ спыталі, ці многа такіх будзе, а я сказаў, што будзе шмат. Адправілі мяне на рэнтген, а самі, відаць, паведамілі ў міліцыю пра чалавека з траўмай, бо яны ж гэта абавязаны рабіць. У калідоры мне захацелася пакурыць, і я выйшаў на ганак, а тут да мяне падскочылі міліцыянты, схапілі і як быў, у бінтах, адправілі ў ізалятар на Акрэсьціна. Там я быў сярод такіх жа арыштаваных на першым паверсе, і там мне стала блага, нават пачало ванітаваць. Памятаю, міліцыянты забегалі, зь некім яшчэ раіліся і ў выніку проста выкінулі мяне на вуліцу з ізалятара на мароз. Пешкам з разьбітай галавой дайшоў да гандлёвага дому на Нямізе, дзе мяне падабралі на аўтамабілі нейкія хлопцы. Проста спыталі, ці я адтуль, маючы на ўвазе плошчу, і адвезьлі проста да дому. Вось з таго часу, з таго зьбіцьця людзей за пратэсты я і ўсьвядоміў, што трэба змагацца за свабоду і дэмакратыю».

Паводле Леаніда Кулакова, у канцы студзеня 2011 году яго выклікалі ў міліцыю, дзе прапаноўвалі адказаць на вялікую колькасьць пытаньняў, зьвязаных з падзеямі 19 сьнежня. Але Кулакоў паскардзіўся на зьбіцьцё на плошчы. Пазьней яму даслалі адказ, што нібыта яго ніхто не зьбіваў, а ўсе дзеяньні міліцыі ў той дзень былі законныя.

Што будзе рабіць Леанід Кулакоў з дакумэнтамі са шпіталя, якія пацьвярджаюць, што ён сапраўды атрымаў траўму ад рук міліцыянтаў? Актывіст кажа, што яшчэ ня вырашыў, ці будзе даваць ход гэтым паперам. «Пакуль мне галоўнае — атрымаць сьведчаньне, што гэта было», — кажа Леанід Кулакоў. Сам ён цяпер вымушаны займацца іншай праблемай — яго звольнілі зь фірмы таксі, дзе ён працаваў 9 гадоў, і цяпер паўстала пытаньне, як зарабляць на жыцьцё.

Праваабаронца зь «Вясны» Марыя Касьян дапамагае Леаніду Кулакову ў ягоных юрыдычных праблемах — за мінулы год актывіста некалькі разоў судзілі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Марыя Касьян лічыць, што дакумэнты, якія атрымаў Леанід Кулакоў з 2-га шпіталя, могуць стаць падставай для новага разбору законнасьці дзеяньняў міліцыі 19 сьнежня 2010 году.

Марыя Касьян

«Тады ж на ўвесь сьвет было заяўлена, што міліцыя дзейнічала нібыта законна. Але вось дакумэнт, у якім пазначана, што чалавек атрымаў траўму чэрапа менавіта ад міліцыі. На якой падставе супроць яго ўжылі сілу, калі асабіста ён нічога не рабіў супрацьзаконнага? Значыць, быў загад зьбіваць людзей? Хто яго аддаваў, на якой падставе? Вядома, мы параімся зь юрыстамі, бо мінула амаль 5 год. Але жаданьне працягнуць гэтую гісторыю ёсьць вялікае», — кажа Марыя Касьян.

Праваабаронца зь «Вясны» Наста Лойка пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году адмыслова зьбірала сьведчаньні міліцэйскага гвалту над удзельнікамі мітынгу пратэсту. Паводле Насты Лойкі, тады было затрымана больш за 700 чалавек, зь іх дзясяткі мелі сьляды зьбіцьця і траўмы, у тым ліку пераломы рук і ног. Аднак, згадала Наста Лойка, нікому з пацярпелых не ўдалося прыцягнуць вінаватых міліцыянтаў да адказнасьці. Адна з ахвяраў, Мая Абромчык, дагэтуль спрабуе дамагчыся справядлівасьці, кажа Наста Лойка.

«Гэта знакамітая гісторыя пра Маю Абромчык, якую супрацоўнік спэцназу пачаў біць і зламаў ёй нагу. Яна вельмі актыўна абскарджвала гэта, але тут безвынікова, і цяпер яе скарга пададзеная ў Камітэт правоў чалавека ААН. Мы чакаем рэакцыі па гэтай скарзе. Можа, так удасца дамагчыся расьсьледаваньня хоць аднаго інцыдэнту».