Мікалай Лазавік вызвалены ад пасады сакратара Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў у сувязі з выхадам у адстаўку. Адпаведны ўказ Аляксандар Лукашэнка падпісаў 17 кастрычніка.
Паўнамоцтвы бальшыні чальцоў ЦВК, у тым ліку і спадара Лазавіка, павінны скончыцца напрыканцы сьнежня. Аднак кіраўнік дзяржавы не дачакаўся гэтага часу.
Паводле інфармацыі Свабоды, прычына звальненьня — стан здароўя Мікалая Лазавіка. Сёлета ён перанёс складаную анкалягічную апэрацыю. Пасьля яе сакратар Цэнтравыбаркаму спрабаваў вярнуцца да працоўнай дзейнасьці. Аднак паўнавартаснага выздараўленьня не атрымалася. Спачатку спадар Лазавік працаваў толькі ў першай палове дня. Аднак затым і гэта спынілася. У склад ЦВК, паводле Канстытуцыі, уваходзяць 12 чалавек. Палову зь іх прызначае прэзыдэнт Беларусі, другую палову — Савет Рэспублікі. Мікалай Лазавік, як і ягоная непасрэдная кіраўніца Лідзія Ярмошына, праходзяць па прэзыдэнцкай квоце. Дзейны склад Цэнтравыбаркаму сфармаваны 21 сьнежня 2011 году.
Мікалай Лазавік быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня. Першапачаткова ён паставіў свой подпіс пад імпічмэнтам Аляксандру Лукашэнку. Аднак у апошні момант адклікаў свой подпіс. 22 лістапада 2000 году Лукашэнка ўвёў яго ў склад ЦВК.
З 2006 па 2015 гады Мікалай Лазавік знаходзіўся ў сьпісе асобаў, якім быў забаронены ўезд у Эўразьвяз.
Спадар Лазавік нарадзіўся ў 1951 годзе ў вёсцы Невіняны Вілейскага раёну Менскай вобласці. У 1972 годзе скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, у 1993 годзе — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, у 2000 годзе — Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце, у 2003 годзе — асьпірантуру пры Акадэміі кіраваньня.