Графіцісту Ларычаву прысудзілі 690 рублёў штрафу

Алег Ларычаў

Зранку 6 чэрвеня ў Кастрычніцкім судзе Менску абвясьцілі прысуд куратару стрыт-арт-праекту Signal Алегу Ларычаву: штраф у 30 базавых велічыняў (690 рублёў) за «дробнае хуліганства». Днём раней сяброўцы Ларычава Ганьне Новік, затрыманай разам зь ім 3 чэрвеня, прысудзілі штраф у 230 рублёў.

Ларычава і Новік затрымалі «людзі ў цывільным» пасьля таго, як яны пачалі наносіць на сьцяну малюнак у падтрымку арыштаваных у «справе патрыётаў» і адышлі ад сьцяны з малюнкам. За Ларычавым, як кажа ён БелаПАН, наўмысна сачылі. На судзе 5 красавіка сьведкі-міліцыянты блыталіся ў тым, за што затрымалі Ларычава: ці тое за «нецэнзурную лаянку», ці то за тое, што ён нешта фарбаваў.

Паводле Ларычава, у РУУС спачатку ня ведалі, што рабіць з затрыманымі; думалі, што злавілі тых, хто робіць надпісы на графіці «Масква — Менск». Адзін з супрацоўнікаў РУУС пытаўся, што такога натварылі затрыманыя, што за імі трэба сачыць. Паводле Ларычава, высьветлілася, што на яго нібыта пакрыўдзіліся за аплікацыі з Шуневічам, Балабам і Мясьніковічам. Але даказаць, што іх рабіў ён, ня могуць, бо Ларычаў мае алібі, а калі зьявілася першая работа, дык наогул сядзеў на Акрэсьціна. Аднак яму «настойліва рэкамэндавалі» прызнаць віну, забралі на экспэртызу тэлефон.

***

Алег Ларычаў раней адсядзеў 5 сутак за нібыта «маханьне рукамі і нецэнзурную лаянку», да таго Ларычава аштрафавалі на 1150 рублёў за дамалёўку калючага дроту на мурале «Масква-Менск». Ларычаў кажа, што адчуў на Акрэсьціна «асаблівае стаўленьне», зьвязвае гэта з тым, што старонка ягонага праекту Signal паведамляла ў сацсетках пра палітычныя графіці і аплікацыі ў Менску (хто іх рабіў, невядома). На пачатку красавіка Ларычаў быў зьбіты двума невядомымі, нападнікаў дагэтуль не знайшлі.

«Гэта я»: чыноўнікі-налепкі на вуліцах Менску. Фоты