Лаліта за мільён праляцела міма Рэчыцы

Лаліта

Мясцовыя чыноўнікі ня здолелелі сабраць каля паўмільярда рублёў, каб запрасіць у горад расейскую поп-зорку.

Па сеціве распаўсюдзіўся ліст з Рэчыцкага райвыканкаму пад нумарам 117, які яшчэ ў студзені падпісаў першы намесьнік старшыні Сяргей Ярац:

«18 сакавіка 2016 году ў горадзе Рэчыца адбудзецца канцэрт зоркі расейскай эстрады Лаліты.

Надаючы велізарнае значэньне імкненьню да падвышэньня культурнага і эстэтычнага ўзроўню жыхароў Рэчыцкага раёну, Рэчыцкі раённы выканаўчы камітэт просіць Вас набыць уваходныя білеты і забясьпечыць прысутнасьць прадстаўнікоў працоўнага калектыву Вашага прадпрыемства (арганізацыі, установы) на вышэйзгаданым мерапрыемстве».

У лісьце зьмяшчаліся тэлефоны для справаздачы пра набытыя білеты, кошт якіх — 950 тысяч і 1 мільён рублёў.

Ліст Рэчыцкага райвыканкаму

У аддзеле ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Рэчыцкага райвыканкаму карэспандэнту БелаПАН патлумачылі, што гэта не рашэньне ці распараджэньне выканаўчага камітэту, а проста «інфармацыйна-рэклямны ліст».

Паводле ідэолягаў, цана білетаў прымальная, бо сярэдні заробак у Рэчыцы — каля 7 мільёнаў рублёў. У бюджэтнай сфэры ён меншы, затое ў горадзе ёсьць нафтавікі і з большымі заробкамі. Разьлічвалі чыноўнікі і на фінансавую падтрымку прафсаюзаў.

Рэчыцкі грамадзкі актывіст Валер Пуціцкі, які разьмясьціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку так званы «інфармацыйна-рэклямны ліст» з райвыканкаму, заўважае:

«У Менск прыяжджае рок-гурт Manowar — і тое цэны ніжэйныя, а ў папулярным сталічным клюбе на канцэрты зорак наагул ходзяць за 300 тысяч».

Суразмоўца лічыць, што ў год культуры варта запрашаць беларускіх майстроў эстрады ды бардаў, папулярызаваць свае культурныя каштоўнасьці.

Адзін з пазначаных у лісьце нумароў для справаздачы пра набытыя квіткі на канцэрт Лаліты, аказаўся тэлефонам гарадзкога Палацу культуры. Там паведамілі, што выступу расейскай сьвявачкі ў Рэчыцы ня будзе, бо толькі асобныя прадпрыемствы пагадзіліся набыць квіткі па мільёне рублеў, але яны сваімі прадстаўнікамі паўтысячнцю залю запоўніць ня могуць.