30 ліпеня ў Кіеве каля будынка пасольства Беларусі ва Ўкраіне адбылася акцыя «Раздавім рашысцкую гадзіну». Зладзіў яе рух салідарнасьці «Разам» і яго ўкраінскія сябры.
У сваёй прамове старшыня руху Вячаслаў Сіўчык падкрэсьліў, што чорна-памаранчавая стужка, якая фактычна стала сымбалем прарасейскага сэпаратызму на ўсходзе Ўкраіны, зьяўляецца небясьпечнай і для Беларусі. Свабодная раздача такіх стужак у беларускіх гарадах — гэта крок да зьяўленьня сэпаратысцкіх «рэспублік» і на ўсходзе Беларусі — тым больш, што ў сацыяльных сетках суполкі кшталту «Гомельскай народнай рэспублікі» ўжо існуюць.
Прыканцы акцыі яе ўдзельнікі сымбалічна спалілі стужкі, якія яны называлі «каларадзкімі». Таксама ў беларускае пасольства быў перададзены зварот з патрабаваньнем забароны ў Рэспубліцы Беларусь «георгіеўскіх» стужак, бо «гэтая сымболіка выкарыстоўвалася расейскімі вайсковымі фармаваньнямі, якія ваявалі на баку Гітлера».