(па-расейску — па-беларуску)
- роза — ружа
- ромашка — рамонак („рымская кветка“)
- одуванчик — дзьмухавéц (і як агрэсіўнае пустазельле трапіла у гэтую годную кампанію?!)
- пион — півоня
- сирень — бэз
- жасмин — язьмíн (варыянт язьмéн; пэрсыдзкае слова ў беларускую прыйшло раней праз крымскататарскую, у расейскую пазьней праз францускую)
Кветкі чалавеку заўсёды ў прыгодзе. Пра іх імёны — больш дэталёва.
Ружа, рожа і шыпшына
Дзікія віды сямейства па-беларуску завуцца шыпшына. Слова — у нашым паэтычным каноне: „О Беларусь, мая шыпшына!“ (Ул. Дубоўка). Але этымалёгія прыземленая: ад шыпоў.
І эўрапейскія назвы — ῥόδον/rosa/ружа і падобныя — пайшлі ад старажытнага пэрсыдзкага слова *urda, таксама са значэньнем ‘калючкі’.
Беларуская форма ружа сугучная польскай, чэскай, славацкай, баўгарскай (у дыялектах), македонскай, харвацкай, сэрбскай, украінскай (поруч з асноўным словам троянда).
У старабеларускай з XV стагодзьдзя была рожа, бачым слова ў Скарыны, у мастацкіх творах:
„Вырасла адна рожа вельмі пекна, а на ней былі цьвяты вельмі красны“ („Аповесьць аб Трышчане“)
Так завецца і хвароба — ад колеру запаленьня. У расейскай рожа ‘хвароба’ — хутчэй за ўсё беларусізм.
А ў беларускай не было і няма слова „рожа“ са значэньнем ‘пыса’, ‘морда’. Рожа ‘кветка’ жыве ў народных песьнях, у гаворках, напрыклад на Тураўшчыне. Прычым у Давыд-Гарадку гэта ‘ружа’, а ў Верасьніцы — ‘мальва’: У мене е чырвона рожа, жоўта і малінова.
Чырвоная рожа (купальская песьня). Гурт Guda, альбом „Ігры Багоў“
Увага: колер — ружовы, куст — рýжавы.
У расейскай слова „роза“ толькі з XVIII ст., пазычана зь нямецкай.
Рамонак. Кветка рымлян
Назва роду Рамонак (Matricaria) і відаў рамо́нак аптэ́чны (або праўдзівы), рамонак усходні (Matricaria discoidea, рас. ромашка пахучая) ды інш.
Беларускае слова мужчынскага роду, а таму мэтафары зь ім у паэтычнай мове адрозьніваюцца ад расейскіх. Скажам, „песьня путаны“, факстрот зь фільму пра камуністычнага тэрарыста Прытыцкага „Чырвонае лісьце“(1958) — „Белая несмелая ромашка полевая“ — па-беларуску немагчымая.
У гаворках варыянты: рамон, румынка, руменка. Назва таго ж кораню, што раманскі (рымскі) — ад лацінскіх назваў іншых падобных кветак: Chamaemelum romanum.
Дзьмухавéц. Галаўны боль агароднікаў
Але лацінская назва віду гучыць як індульгенцыя: Taraxacum officinale, прыметнік азначае ‘аптэчны’, г. зн. лекавы.
Дзьмухавéц — ад дзеяслова дзьмухаць. Асноўная назва ў слоўніках 1920-х гадоў.
У слоўніках і літаратуры ёсьць і адуванчык; у гаворках з тым жа сэнсам — ‘які абдзімаецца’ — адуванец, абдуванчык, надуванчык (апошнія — вынік асваеньня пазычаньня з расейскай: у беларускай няма дзеяслова „адуць“, толькі абдуць/абдзьмуць).
Укладальнікі першых беларускіх батанічных слоўнікаў далі іншыя назвы. У Ластоўскага для віду, „якога пухавістае насеньне разносіцца ветрам“, назвы тым ня менш — багатка, кульбаба, у Зоські Верас — малачай (але ж яны азначаюць і іншыя расьліны). У Максіма Гарэцкага яшчэ і вобразны ксяндзоў плеш.
Расейская спагадлівая характарыстыка „старушка — божий одуванчик“, як і большасьць устойлівых выразаў, не перакладаецца на беларускую даслоўна. З нашых параўнаньняў блізкім будзе сухéнькая як скрыпка (скрыпачка).
Як півоня ў лопухах
Род па-лацінску Paeonia, ад старажытнагрэцкай Пэоніі — краіны на тэрыторыі сучаснай Паўночнай Македоніі. Слова півоня прыйшло зь сярэднявечнай лаціны: pionia. Устаўны [в] паміж галоснымі цешыць слых беларускай мілагучнасьцю паводле Дубоўкавых канонаў.
Кветка папулярная, слова пазнавальнае, яно ў народных выразах:
• дзеўка як півоня „пра вельмі яркую, прыгожую дзяўчыну ў росквіце“ (запісаў Фёдар Янкоўскі)
• сядзіць як півоня ў лопухах — насьмешліва: хто надта вылучаецца ў акружэньні (запісаў Мікола Даніловіч у Воранаўскім і Мастоўскім раёнах).
Маем і прыметнік колеру півоневы (= ‘фіялетавы’).
У расейскую мову слова пион прыйшло пазьней, праз галяндзкую ці нямецкую.
Бэз і „Сярэнеўка“
Старое агульнаславянскае слова. На паўночным усходзе Беларусі буз. Архаічнай формай кораня боз называюць бузіну (напрыклад, у Лельчыцкім р-не).
Розныя расьліны нярэдка мелі (амаль) тую самую назву: у клясычным батанічным слоўніку Зоські Верас бэз — Syringa vulgaris (рас. сирень), а бэза — Sambucus nigra (рас. бузина). Дарэчы, расейскі выраз пра бузіну і ў Кіеве дзядзьку мае беларускі адпаведнік зь іншай расьлінай: я яму пра абразы́, а ён мне пра гарбузы́.
Бэзавы — асноўнае беларускае слова для адпаведнага колеру.
Расейская „сирень“ запазычана празь нямецкае Sirene (з лац. syrinx, тое ў сваю чаргу з грэцк. σῦριγξ ‘трубка’: з галінак лёгка выціскаецца мяккая сарцавіна).
Слова „сирень“ чамусьці ўпадабалі зьнішчальнікі беларускай тапаніміі: ім і называлі вуліцы, і пераймяноўвалі вёскі з спрадвечнымі беларускімі назвамі.
У глухі савецкі час да нас, першакурсьнікаў БДУ, прыйшоў быў прафэсар Ніл Гілевіч з устаноўчай лекцыяй. І ўзгадаў перайменаваньне ў 1964 годзе вёскі Дарагічынскага раёну ў Сірэнеўку. Па-беларуску, кажа Гілевіч, слова „сірэнь“ нічога ня значыць, але ў вымаўленьні галосныя, падобныя на е, пераходзяць перад націскам у я.
Студэнты, якія зусім нядаўна здавалі ўступныя, тут жа зрабілі ў галаве гэтую апэрацыю і атрымалі „Сярэнеўку“. Выбухнуў рогат, а прафэсар Гілевіч толькі хітра пасьміхаўся. Прышчэпка ад русыфікатарскага ідыятызму ўдалася.
(Дадам ад сябе, што вёска звалася Калёнія Равíны, а пераназывалі яе тыя, хто не разумеў беларускага народнага значэньня слова калёнія — ‘хутар, выселкі’; гэта стары лацінізм.)
Язьмін
Знаўцы тут жа скажуць, што так у нас завуць „ня тую“ расьліну. Не Jasminum, род шматгадовых вечназялёных кустоў і ліян зь сямейства аліўных, які расьце ў цёплых краёх, а вонкава падобны да яго тутэйшы Philadelphus, род лістападных кустоў зь сямейства гартэнзіевых.
Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі першы называе проста язьмінам, а другі — язьмінам садовым.
У суседніх мовах таксама ёсьць такая праблема, разьвязваюць яе разьвядзеньнем тэрмінаў. Па-польску экзатычны завецца jaśmin, а свойскі — jaśminowiec; па-літоўску чамусьці наадварот: jazminaitis i jazminas. У расейскай паўночны куст завуць цюркізмам чубушник.
У беларускіх гаворках шмат варыянтаў: язьмень, язьма, язьвен, нават вязьмін (і націск пераважна ў пачатку). Але ў літаратурнай мове — язьмíн і язьмéн (норма ў міжваенны час, так у слоўніку Некрашэвіча і Байкова), з націскам на апошні склад. Прычым гэтае -мéн падказвае, што беларусы маглі пазычыць слова з крымскататарскай— yasimen.
А пачатковае слова — пэрсыдзкае, са значэньнем ‘божы дар’, у бальшыню эўрапейскіх моваў трапіла праз арабскую і лацінскую у выглядзе jasmine і падобных. Расейцы пазычылі свой жасмин позна, і бачна, што з францускай.
Язьмін зь яго пачуцьцёва-рамантычным водарам не адступае ад творцаў. У Максіма Гарэцкага ёсьць апавяданьне „Красаваў язьмін“:
З саду даходзіў к нам п’янавата-мляўкі пах язьміну...
Пра беларускую мову можна чытаць у тэлеграм-канале „Мова са Свабодай“: