Днём раней крыжы павалілі і зьнесьлі ў бок ад «неафіцыйнага» праезду ў рэстарацыю. Цяпер прыбралі зусім. Пратэстоўцы пакуль ня вырашылі, ці будуць аднаўляць крыжы.
Абаронцы Курапатаў, якія пратэстуюць супраць адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим» за 50 мэтраў да месца масавых расстрэлаў у часы сталінскіх рэпрэсіяў, 12 чэрвеня ўсталявалі некалькі крыжоў на тэрыторыі ахоўнай зоны мэмарыялу на сьцяжынцы, якой, як яны сьцьвярджаюць, карыстаюцца супрацоўнікі рэстарацыі і пастаўшчыкі харчоў, каб праяжджаць міма пратэстоўцаў ля галоўнага ўваходу.
У ноч на 13 чэрвеня невядомыя павалілі і зламалі крыжы, склалі недалёка ад дарогі. Цягам 13 чэрвеня абаронцы Курапатаў аднавілі 8 крыжоў. За ноч на 14 чэрвеня крыжы зьніклі зусім.
Супрацоўнікі міліцыі 13 чэрвеня хацелі скласьці пратаколы на Ганну Шапуцьку і Тацяну Кім паводле артыкулу аб самавольным захопе зямлі (арт 23.41 КаАП). Актывісты абурыліся, што не захоплівалі зямлю. Міліцыянты запісалі дадзеныя Ганны Шапуцькі і яе мужа, а таксама Тацяны Кім.
У той жа дзень аўтамабіль з расейскімі нумарамі зьбіў двух пікетоўцаў на ўезьдзе ў рэстарацыю. СМІ выявілі, што ў машыне былі бізнэсовец Іван Ермакоў і экс-вядоўца БТ Стэла Чыркова.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.