«Крумкачы»: «Нашы канкурэнты – бары і кінатэатры»

Яшчэ летась мала хто сур’ёзна ўспрымаў «Крумкачоў». Цяпер футбольны клюб з двухгадовай гісторыяй зьбірае больш гледачоў, чым любая менская каманда. «Крумкачы» запрашаюць да сябе зорных футбалістаў і падпісваюць кантракты з буйнымі кампаніямі.

Як перамагчы антыфутбольны стэрэатып і сабраць цэлы стадыён хіпстэраў, Свабодзе распавёў Аляксей Важнік, спэцыяліст па працы з заўзятарамі «Крумкачоў».

Мы проста рабілі тое, што нам самім цікава

Аляксею Важніку 28 год. Ён скончыў пэдунівэрсытэт імя Максіма Танка, але адразу пасьля вучобы працаваў мэнэджэрам у рэклямных агенцыях з такімі брэндамі, як МТС, LG, Samsung, life:).

Аляксей Важнік

На футбол глядзеў праз прызму маркетынгу і самастойна вывучаў досьвед эўрапейскіх клюбаў. Масавая гульня павінна цікавіць і рэклямадаўцаў, упэўнены Важнік. Але чамусьці ў Беларусі гэтым мала хто карыстаўся.

«Поле – гэта вольная ў Беларусі ніша, – кажа Аляксей. – А ніхто не выкарыстоўвае яго, каб прасоўваць клюб, каб зарабляць грошы на рэкляме. Ёсьць нават меркаваньне, што некаторыя клюбы, як мне казалі, адмыслова не піярацца, каб не прыцягваць да сябе лішняй увагі».

На гасьцявым матчы ў Смалявічах у 2015 годзе



Патрапіць у структуру топавых БАТЭ ці «Дынама» Важніку не спрабаваў. Але ўзімку 2015 году на сустрэчы выпускнікоў у Смалявіцкай школе ён сустрэўся са сваім аднаклясьнікам Антонам Шунто – брамнікам «Крумкачоў» і братам сузаснавальніка Дзяніса Шунто.

«Я прапанаваў яму весьці суполку „Ўкантакце“. Ніякай стратэгіі ў мяне і Максіма Паршуты (прэс-сакратара клюбу. – РС) не было. Мы проста рабілі тое, што нам самім было цікава. Так пачалася нашая казка».

Так «Крумкачы» прэзэнтавалі форму ў 2016 годзе



Леташнюю актыўнасьць «Крумкачоў» сапраўды можна назваць казкай. Яны былі адзіным клюбам Першай лігі, хто прэзэнтаваў сваю форму. Яны ладзілі сустрэчы зь нешматлікімі заўзятарамі, давалі дзёрзкія інтэрвію. І ўсё гэта літаральна задарма.

«Клюбы мусяць быць больш адкрытымі для заўзятараў. Вось у нас не было грошай на фатографа, і здымкі нам рабіла Аня Занковіч. За год яна вырасла як спартовы фатограф, і зараз яе клічуць на здымкі за ганарар».

Нашы заўзятары добра атрымліваюць, яны не зайздросьцяць заробкам гульцоў

Летась на гульні Крумкачоў зьбіралася па 200-300 чалавек. Сёлета на іх прыходзіць больш, чым на легендарнае «Дынама».

Каб зразумець, хто заўзее за каманду, перад пачаткам сэзону праз сацыяльныя сеткі «Крумкачы» правялі сацыялягічнае дасьледаваньне. Анлайн-анкеты запоўнілі 800 чалавек – у тры разы больш, чым прыходзілі на гульні ў 2015 годзе.

На сёлетнім матчы з «Дынама» ў Менску быў поўны аншляг — 3 100 чалавек прыйшлі на гульню

«Мы ні ў кога не забралі заўзятараў. Людзі, якія ходзяць на «Крумкачоў», раней увогуле не хадзілі на футбол»
Аляксей Важнік

«Мы даведаліся, чаму людзі не хадзілі на футбол раней, што яны чакаюць пабачыць на стадыёне», — з гэтымі зьвесткамі «Крумкачы» рыхтуюць хатнія матчы, з рок-гуртом на разагрэве, клоўнамі для дзяцей і стэндамі для сэлфі. — Мы ні ў кога не забралі заўзятараў, – кажа Важнік. – Людзі, што ходзяць на «Крумкачоў» раней увогуле не хадзілі на футбол. Як мы пісалі ў сваёй стратэгіі на гэты сэзон, за наведнікаў мы канкуруем не з зь іншымі футбольнымі клюбамі, а з барамі і кінатэатрамі».

У «Крумкачах» дакладна ведаюць, хто іхні заўзятар. А таму капучына і чызкейкі перад матчам тут прасьцей знайсьці, чым піва. Таму тут шмат бацькоў зь дзецьмі. І ніхто з трыбуны ня ганьбіць гульцоў, якія гуляюць за грошы іхняга прадпрыемства.

Пустога стадыёну на хатніх гульнях яшчэ не было

«Слава Глеб кайфуе ад таго, як яго любяць заўзятары. Гэта ў Жодзіне яго дакаралі тым, што ён зашмат атрымлівае. А нашы заўзятары – праграмісты, дызайнэры, журналісты, – яны добра атрымліваюць і не зайздросьцяць гульцам».

«Крумкачы» – гэта збой у беларускай футбольнай сыстэме

Зьяўленьне «Крумкачоў» у беларускім футболе – гэта збой сыстэмы. Ужо шмат год тут прызвычаіліся да схемы без інтрыгаў. БАТЭ за некалькі тураў да канца чэмпіянату займае першае месца. «Дынама» – другое, «Шахцёр» – трэцяе. Далей парадак абсалютна няважны і ні на што не ўплывае.



Усё стала вельмі прадказальным. Пустыя стадыёны тлумачаць тым, што мясцовыя каманды дрэнна выступаюць. Маўляў, ёсьць формула: выйгрыш – поўны стадыён, параза – пусты. Але «Крумкачы» даказваюць, што заўзятары могуць любіць каманду, а ня толькі пасьпяховыя выступы.

«Мы прайграем «Слуцку», а на наступны матч усё адно прыходзіць больш за паўтары тысячы чалавек. Калі вы будзеце ствараць сьвята кожную гульню, дзякаваць кожнаму заўзятару за тое, што ён прыйшоў, людзі гэта адчуюць».

Гульцы не аддаленыя ад заўзятараў



Калі гэта працуе ў «Крумкачах», чаму ў астатніх клюбах не кантактуюць так шчыльна з заўзятарамі? Важнік лічыць, што ня ўсе клюбы правільна сябе пазыцыянуюць. Напрыклад, каманда «Мінск» з маладым і моцным складам, вядомая ў горадзе найперш па вялікай футбольнай школе, у якасьці прыза разыгрывае паездку дамоў на кабрыялеце.

«І як гэта ўпісваецца ў пазыцыянаваньне клюбу? Разыгралі б лепш сэртыфікат у дзіцячы цэнтар».

Ня ведаю, што будзе заўтра. Мы атрымліваем кайф ад таго, што робім сёньня

Увесь мінулы год Аляксей Важнік займаўся «Крумкачамі» ў вольны ад рэклямнай працы час. Перад пачаткам сэзону клюбных спраў стала так шмат, што ён сышоў з працы. Да таго ж невялікія грошы зьявіліся і ў «Крумкачах».

Першы буйны спонсар — «Крыніца»




«Бацькі ў мяне пыталі, навошта мне справа, якая не прыносіць грошай. Але ж усе мы тут ня дзеля грошай, а дзеля асалоды ад футболу. Дзякуй богу, жонка мяне разумее».

Яшчэ ня так даўно ўдзел «Крумкачоў» у чэмпіянаце ставіла пад сумненьне Беларуская фэдэрацыя футболу. Але пасьля адзінаццаці тураў каманда ідзе на трэцім месцы ў табліцы Найвышэйшай лігі. «Крумкачы» ўжо перайгралі многія топавыя беларускія клюбы. У Салігорску ад іх пацярпеў «Шахцёр», потым быў разгром менскага «Дынама». Заўтра яны гуляюць з БАТЭ.

Аляксей Важнік разам з сузаснавальнікамі "Крумкачоў" Дзянісам Шунто і Васілём Глезавым



«У нас усе пытаюць, што будзе з вашым клюбам заўтра, да чаго вы імкняцеся? А я ня ведаю, што будзе заўтра. Мы ўсе атрымліваем кайф ад таго, што робім сёньня. Гэта самае галоўнае».