Слова красавік у маіх вуснах упарта не хацела разумець касірка Беларускае чыгункі (прозьвішча вядомае, скарга пасланая). Хоць 12 назваў месяцаў павінны ўваходзіць у іхны прафэсійны лексычны мінімум. А ці назаве актуальны беларускі месяц выпадкова спынены на вуліцы чалавек? Глядзім відэа (вышэй) або слухайма аўдыё (гэта паўнейшая вэрсія) у фармаце падкасту:
Your browser doesn’t support HTML5
Практычна ўсе цяперашнія грамадзяне Беларусі вучылі ў школе беларускую мову (прынамсі як прадмет) і ў сшытках запісвалі дату з назвай месяца. З адпаведнай рабочай гіпотэзай — што беларускія назвы месяцаў усе ведаюць — журналісты Свабоды выйшлі на вуліцу. Але...
— Скажыце, калі ласка, якая сёньня дата і месяц?
— Сегодня второе апреля.
— Сегодня третьего апреля.
І нават:
— Даже не могу сказать, не знаю, честно.
Сумная выснова: нават чуючы беларускае пытаньне ад журналіста, чалавек не пераключае моўных кодаў. Апраўдаем спытаных: яны задумваліся, а якая папраўдзе сёньня дата, а нават блыталі парадкавы нумар дня. (Сапраўды ж запіс адбываўся 3 красавіка.)
Але было нямала і адэкватных рэакцыяў на мову пытаньня:
— Трэцяга красавіка.
Іншых даводзілася перапытваць:
— А як гэта будзе па-беларуску?
— Апрэль — сакавік?.. Нет. Красавік. Трэцяга красавіка!
(Дарэчы, малайцы: правільна ўжываюць родны склон у беларускай формуле даты трэцяга, ня „трэцяе“.)
Маем і калекцыю экзатычных адказаў:
— А па-беларуску як гэта будзе?
— Другога верасьня, по-моему. Или сакавіка — я не помню.
— А як гэта будзе па-беларуску?
— Честно говоря, не знаю. Ну не помню беларусский. Не разговариваю на нём.
— Трэцяга красавіка!
— Наверно. Ну я ж беларусский язык учил всё-тки в школе...
— З чым гэтая назва зьвязаная?
— ...Но мне он никогда не нравился. Никогда. А вы оппозиционный канал?
— пранікліва спытаў чалавек, размахваючы бутэлькай кефіру. Яно і праўда: хіба будзе нармальны канал дапытвацца нечага па-беларуску?
(Пра мову ў школе спадар сказаў невыразна, і спачатку фраза была расшыфраваная так: „Ну я ж беларусский язык учил в сельской школе“. Яна пайшла ў тытры відэа, у сацыяльныя сеткі, выклікаўшы адпаведную рэакцыю. Але інтанацыя і стыль прамоўцы вымусілі ўсумніцца і яшчэ раз услухацца. Значыць, проста вучыў у школе — і марна: ані функцыянальна, ані эмацыйна яго зь беларускаю моваю нічога ня лучыць.)
Квецень? Апрыль? Красавік перамог
У нашым рэгіёне Эўропы ўжываюцца дзьве сыстэмы назваў месяцаў — міжнародная, лацінская ў сваёй аснове, і ўласная, народная. Сыстэмы разьмеркаваныя пярэста. Так, у баўгарскай, македонскай, сэрбскай і расейскай — даволі неспадзявана для вонкавых назіральнікаў, бо гэта ўсходні праваслаўны абшар — ужываюцца назвы лацінскага паходжаньня. Але прыйшлі яны туды праз грэцка-бізантыйскае пасярэдніцтва, а замацаваліся нават у народных мовах дзякуючы зацятай вайне праваслаўнае царквы з старажытным народным календаром.
У Скарыны (XVI ст.) месяцы завуцца і з лаціны, і па-народнаму: стычань, люты, марац, квецень, чырвец, ліпец, серпень, урэсень, лістапад, грудзень, просінец. Некаторыя розьняцца ад сучасных, але супадаюць з суседзкімі — польскімі, чэскімі, украінскімі. Чацьверты месяц у яго зваўся альбо апрыль, альбо з народнага — квецень.
Квецень — маем і цяпер такі назоўнік, праўда, жаночага роду, які азначае ‘мноства кветак’, скажам, на лузе. Альбо квецень дрэваў.
Але ўжо ў слоўніку Івана Насовіча, знакамітага нашага лексыкографа ўжо XIX стагодзьдзя, чытаем:
Красавік — 'старое название месяца апреля или кветня'. Які сакавік, такі і красавік. Прыказка.
Стваральнікі новай беларускай літаратурнай мовы ў пачатку ХХ стагодзьдзя ўрэшце ўклалі цяперашні месяцаслоў на народнай аснове. Апрыль быў паступова заменены красавіком у „Нашай ніве“ Луцкевічаў і Купалы ў 1912 годзе.
Красавік любяць паэты и музыкі. Паліна Рэспубліка, песьня „Красавік“:
Чаму красавік? Спытаем людзей.
— А ведаеце, чаму гэты месяц называецца красавік?
— Красивый, калі ўсё расьцьвітае і вырастае на радасьць людзям.
— Может, природа возрождается, красота появляется...
— Ну что-то красивое, наверное. Да?
Вось такая „красата“.
Але не. У нашай мове няма словаў „красівый“ і „красата“, хіба што русізм у зьедлівым выразе красівая, як кабыла сівая. Беларускі лексычны склад фармаваўся безь ніякага ўплыву расейскае аж да ХІХ стагодзьдзя.
Красавік іншага паходжаньня. У красавіку ўсё красуе, то бо цьвіце. Скажам, палявыя краскі — так больш дакладна, чым палявыя кветкі.
Беларуская назва красавік унікальная. Калі студзеню, лютаму, траўню, чэрвеню, жніўню, верасьню ёсьць аднакаранёвыя ў іншых славянскіх мовах, то красавіку, як і сакавіку і кастрычніку, аналягаў няма, гэта наша адметнасьць.
Знайшліся людзі, якія дакладна вызначылі этымалёгію слова:
— Краса, таму што... Всё начинает расцветать, такой месяц, когда всё цветёт, поэтому краса — красавік.
— Зьвязана з тым, што ў прыродзе начынаюць цьвісьці кветкі, краскі, пачынаецца прабуджэньне.
Першаснае значэньне слова красá было зусім канкрэтнае. Яно азначала кветкі збожжавых — жыта, пшаніцы, ячмяню. Рыгор Барадулін лягічна назваў сваю кнігу „Рунець, красаваць, налівацца“.
А слова красавік яшчэ мае дыялектныя значэньні:
‘баравік, які расьце, калі красуе жыта’
‘жучок на коласе ў часе красаваньня’
‘лешч, нераст якога прыпадае на красаваньне’.
І нават ёсьць красавíца — вясёлка. Цэлы красавіцкі прыродны комплекс.
Руская хабза — красавіку гамон
Наастачу — незабыўны адказ вельмі добразычлівага хлопца:
— А ведаеце, чаму месяц красавік так называецца? З чым гэта зьвязана?
— Наверно, с осенью, что листья опадают. Красные листья опадают — красавік... Ну как-то связано...
Ён яшчэ пабедаваў:
— Блин, 9 лет в школе учился по-беларусскому и всё забыл уже. В русскую хабзу перешёл...