Ці закране «крамлёўскі даклад» Міністэрства фінансаў ЗША, прадстаўлены 30 студзеня на абмеркаваньне ў амэрыканскі Кангрэс, бізнэс-інтарэсы расейскіх алігархаў у Беларусі?
З амаль сотні багацеяў, якія трапілі ў «чорны сьпіс», траціна мела ці мае актывы ў суседняй краіне.
Карагін: «Тры дзясяткі расейскіх дзелавых групаў завязаныя на беларускіх праектах»
У пераліку фінансавага ведамства названыя імёны 114 чыноўнікаў і 96 бізнэсоўцаў, якія маюць цесныя кантакты з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным.
Праўда, адзін з аўтараў дакумэнту, экспэрт Атлянтычнай рады Андэрс Ослунд заявіў, што «крамлёўскі даклад» у апошні момант «падмянілі». Па яго словах, у пачатковым варыянце пералічваліся толькі прадпрымальнікі, якія зарабілі свае багацьці праз сувязі ў Крамлі. Аднак хтосьці невядомы ўнёс у сьпіс імёны практычна ўсіх вышэйшых чыноўнікаў з ураду Расеі і расейскіх мільярдэраў са сьпісу Forbes.
У любым выпадку ўдакладняецца, што на гэтым этапе наяўнасьць прозьвішча ў сьпісе яшчэ не азначае, што супраць чалавека ўвядуць пэрсанальныя санкцыі — за выключэньнем тых, адносна каго абмежаваньні ўведзеныя раней.
Тым ня меней, як лічыць старшыня прэзыдыюму Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва і Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін, калі санкцыі стануць рэальнасьцю, іх наступствы Беларусь не абмінуць.
«Безумоўна, пры такім раскладзе ўдарыць і па Беларусі, — перакананы ён. — Нават калі не наўпрост, то ўскосна — абавязкова. Па нашых падліках, ня меней за тры дзясяткі расейскіх дзелавых групаў — ад банкаўскіх да транснацыянальных — завязаныя ва ўзаемадзеяньні зь Беларусьсю ў інвэставаньні, сумесных праектах. Таму калі прыціснуць іх, то пэўным чынам зачэпіць і нас. Любы ўдар па партнэры — гэта заўсёды балюча. Будуць вымушаныя пераарыентоўвацца, шукаць выйсьця. Цалкам натуральна, што незаўважна ня пройдзе».
Разам з тым, адзначае Карагін, для беларускіх суб’ектаў гаспадараньня, шчыльна зьвязаных з расейскімі інвэстарамі, зьяўляецца магчымасьць дывэрсыфікацыі, пошуку новых стратэгічных партнэраў.
«Сытуацыя ў Расеі выклікае інтарэс да Беларусі — замежныя інвэстары, якія працуюць там, пераходзяць да нас, — кажа Карагін. — Гэта сапраўды спрыяльны момант, каб заняць вакантнае месца і ў пэрспэктыве супрацоўнічаць з зонай гандлю Эўразьвязу. Бо калі расейскія актывы разьмешчаныя ў афшорах, ЗША ці Эўропе, цалкам верагодна, што іх могуць замарозіць. Адпаведна, усю дзейнасьць давядзецца адкарэктаваць. Нават калі ў арганізацыі шмат рахункаў, актываў. Нас гэта, дарэчы, ніяк не абавязвае рэагаваць, такога рашэньня няма, я прааналізаваў «крамлёўскі сшытак».
Раманчук: «Забарона на замежныя кантакты азначае абмежаваньне на бізнэс зь Беларусьсю»
Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук кажа, што пакуль статус «крамлёўскага сьпісу» канчаткова не акрэсьлены, расейскія алігархі яшчэ маюць магчымасьць для манэўру.
«Нават экспэрты, якія працавалі зь Міністэрствам фінансаў ЗША, прызнаюць: сьпіс ёсьць, але ніякіх юрыдычных ці фінансавых наступстваў ён ня мае, — кажа ён. — Абнародавалі — і пакуль усё. Адзінае, што са скандалам: аказалася, гэта не зусім той варыянт, які быў адпачатку. Таму Трамп і Кангрэс яшчэ будуць вырашаць, што з усім гэтым рабіць. Але ў тэорыі можна дапусьціць: калі фігурантам забароняць кантакты з амэрыканскімі або эўрапейскімі арганізацыямі, гэта адаб’ецца і на іх бізнэсе зь Беларусьсю. Калі беларускія структуры алігархаў будуць працаваць з Эўропай, падпадуць пад санкцыі».
Якія наступствы для фігурантаў «крамлёўскага сьпісу» найбольш балючыя з гледзішча вядзеньня бізнэсу?
«Самае страшнае для іх — гэта, па-першае, замарожваньне актываў за межамі краіны, — пералічвае Раманчук. — Па-другое — забарона амэрыканскім і эўрапейскім кампаніям рабіць бізнэс зь людзьмі, якія падпадаюць пад санкцыі. Такім чынам, хоць ініцыятары такіх захадаў нічога ня змогуць зрабіць непасрэдна з расейскімі фірмамі, але калі ў партнэрах расейцаў значыцца нейкая амэрыканская кампанія, то яна атрымае страшэнныя штрафы. І, безумоўна, ніхто на такую рызыку ня пойдзе».
Раней у Дзярждэпартамэнце заявілі: калі новыя санкцыі і будуць уведзеныя празь верагоднае ўмяшаньне Масквы ў выбары ў ЗША і анэксію ўкраінскага Крыму, то будуць у асноўным тычыцца нерасейскіх суб’ектаў, якія нясуць адказнасьць за буйныя апэрацыі з абаронным сэктарам і выведкай Расеі.
Тым часам ЗША заявілі, што гатовыя ўводзіць санкцыі супраць любых асобаў, якія робяць бізнэс з расейскімі абароннымі і выведнымі арганізацыямі.
«Дзярждэпартамэнт можа пачаць уводзіць санкцыі ў адпаведнасьці з разьдзелам 231 закону «Аб супрацьдзеяньні праціўнікам ЗША праз санкцыі (CAATSA) за значныя транзакцыі з арганізацыямі абароннага або выведнага сэктару Расеі», — гаворыцца ў заяве амэрыканскага зьнешнепалітычнага ведамства.
Алесін: «Слабасьць беларускага ВПК у дадзеным выпадку аказваецца нашай сілай»
Летась у кастрычніку Дзярждэпартамэнт апублікаваў сьпіс расейскіх «абаронных і выведных кампаній і ведамстваў», «істотнае супрацоўніцтва» зь якімі можа пагражаць «другаснымі» санкцыямі юрыдычным і фізычным асобам у любых краінах.
У пералік, сярод іншых, увайшлі такія прадпрыемствы ВПК, як «Калашников», «Ижмаш», «Туполев», «Алмаз-Антей», «Рособоронэкспорт», «Ростех», «Сухой», «Адмиралтейские верфи», «Ижевский механический завод», «Оборонпром», «Уралвагонзавод», «Вертолеты России», а таксама сілавыя структуры кшталту ФСБ, СВР і ГРУ.
«Агароджваючы іншыя дзяржавы ад куплі расейскай вайсковай і выведнай тэхнікі, мы пазбаўляем Расею даходаў ад зьдзелак, якія яна выкарыстоўвае дзеля працягу сваёй міжнароднай кампаніі шкодніцкага ўплыву і дэстабілізацыі», — гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнту 29 студзеня.
Беларусь мае ўстойлівыя сувязі з Расеяй у вайсковай галіне, набываючы расейскую зброю і пастаўляючы туды камплектуючыя. Наколькі вялікая рызыка апынуцца пад амэрыканскімі санкцыямі — камэнтуе вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.
«Слабасьць нашага ВПК у дадзеным выпадку аказваецца нашай сілай, — кажа ён. — Пачынаючы ад Савецкага Саюзу і да нядаўняга часу, мы практычна не выраблялі гатовых узораў зброі, толькі камплектуючыя. Гэтая элемэнтная база пераважна двайнога прызначэньня, цяжка нават сказаць, якая яна — вайсковая ці цывільная, усё залежыць, якія яе выкарыстоўваць. Ёсьць такая прымаўка: ва ўмелых руках і сякера зброя, можна цясьлярствам займацца, а можна і галовы адсякаць. Дакладна гэтак жа і нашы вырабы. Беларусь выпускае ў асноўным электронныя кампанэнты, электратэхнічнае абсталяваньне, праграмнае забесьпячэньне, вылічальныя машыны, якія выкарыстоўваюцца і там, і там».
Аднак, працягвае суразмоўца, ёсьць як мінімум адна галіна, дзе абвяшчэньне санкцый беларускім вытворцам і гандлярам зброяй цалкам верагодна, хоць, удакладняе, і «з нацяжкай».
«Каго з нацяжкай, але можна падвесьці пад санкцыі, — гэта Менскі завод колавых цягачоў, — дапускае экспэрт. — Ягоныя колавыя шасі выкарыстоўваюцца для транспартаваньня расейскіх ракетных комплексаў рознага тыпу. Разам з тым нашы цягачы ідуць і ў Кітай, і ў Арабскія Эміраты. Калі зараз зірнуць на зоны баявых дзеяньняў — Сырыя, Ірак, Емэн — акажацца, што варагуючыя бакі выкарыстоўваюць яшчэ савецкія сыстэмы, якія базуюцца на колавых шасі спэцвытворчасьці Менскага аўтазаводу, цяперашняга МЗКЦ. Але нават у разгар самых жорсткіх дзеяньняў гэта ня стала падставай да санкцый. Таму ня думаю, што пабачым захады ў адносінах да беларускага прадпрыемства».
Разам з тым Алесін не выключае, што могуць узьнікнуць пытаньні да зьнешнегандлёвых аб’яднаньняў, якія гандлююць вайсковай тэхнікай і маёмасьцю. Таму што, па яго словах, прадаюць ня толькі запасы, якія засталіся ад савецкага часу, але, застаючыся ў шчыльнай каапэрацыі з бліжэйшым саюзьнікам, таксама і вырабленыя ў Расеі рэчы вайсковага прызначэньня.
Як кажа суразмоўца, Беларусь нярэдка выкарыстоўваецца ў якасьці «прыкрыцьця» пры пастаўках у рэгіёны, дзе Расеі «сьвяціцца» не выпадае з палітычных меркаваньняў.