КПБ «з заўважнай доляй сарказму» назірала за затрыманьнем Дашкевіча. Статкевіч назваў дзеяньні амапаўцаў катаваньнямі

Затрыманьне Зьмітра Дашкевіча 7 лістапада

Кампартыя Беларусі і старшыня незарэгістраванай БСДП (Народная грамада) Мікалай Статкевіч пракамэнтавалі падзеі, якія адбываліся падчас адкрыцьця помніка Леніну ля МТЗ 7 лістапада.

КПБ абвінаваціла ў спробе правакацыі апазыцыйныя СМІ, якія паведамілі пра акцыю маладафронтаўца Зьмітра Дашкевіча.

У КПБ цьвердзяць, што «групы моладзі» на мерапрыемстве не было, а быў «старшыня радыкальнай палітычнай групоўкі „Малады фронт“ Зьміцер Дашкевіч у адзіным экзэмпляры».

«Менавіта згаданы Зьміцер быў эвакуаваны АМАПам у апэратыўную машыну пасьля таго, як залез зь нейкай раздрукоўкай А4 на пастамэнт помніка. Эвакуацыя Дашкевіча была праведзена супрацоўнікамі падразьдзяленьня ў позе „марской зоркі“, пад белы рукі-ногі. Тым ня менш, актывіст незарэгістраванай у Рэспубліцы Беларусь арганізацыі падчас гэтага працэсу прымудраўся выкрыкваць лёзунг „Ганьба“, які, верагодна, быў адрасаваны агульнай усясьветнай несправядлівасьці», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы КПБ.

Таксама ў кампартыі цьвердзяць, што «акцыя „Маладога фронту“ па зрыве мерапрыемства доўжылася каля 50 сэкундаў, што, магчыма, было зьвязана як зь неспрыяльнымі мэтэаўмовамі, так і зь неспрыяльнай аўдыторыяй».

Паведамляецца, што «за эвакуацыяй Дашкевіча кіраўніцтва Кампартыі Беларусі назірала з заўважнай доляй сарказму».

Паводле прэс-службы КПБ, «эвакуацыя Зьмітра Дашкевіча была ажыцьцёўлена ў першую чаргу ў інтарэсах самога Зьмітра, за што яму варта было б падзякаваць сталічнай міліцыі».

Старшыня незарэгістраванай БСДП (Народная грамада) Мікалай Статкевіч у фэйсбуку зрабіў заяву з нагоды «катаваньняў аднаго зь лідэраў апазыцыі, сябра Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу Зьмітра Дашкевіча».

Ён лічыць, што дзеяньні амапаўцаў падпадаюць пад крымінальны артыкул аб злачынствах супраць бясьпекі чалавека.

«Памятаю канец жніўня 1991 году, калі пасьля правалу путчу ў Маскве ва ўсіх газэтах друкавалі тэлефоны для паведамленьняў пра выпадкі падтрымкі путчыстаў супрацоўнікамі сілавых структураў. Такіх паведамленьняў было вельмі шмат, і многія пазбавіліся карʼеры, службы. Былі і крымінальныя справы. Сілавыя структуры — асяродзьдзе вельмі канкурэнтнае, і цяжка было разабрацца, дзе абʼектыўная інфармацыя, а дзе барацьба за пасады ці зьвядзеньне асабістых рахункаў.

Настойліва раю супрацоўнікам цяперашніх беларускіх сілавых структураў засьцерагчы сябе ад магчымых праблемаў у будучыні і не зрабіцца крайнімі пры зьмене ўлады. Таму, калі вам аддаюць супрацьзаконны загад, паспрабуйце зафіксаваць гэта. Напрыклад, на дыктафон мабільнага тэлефона ў кішэні. Ці проста запісаць пазьней падрабязнасьці і абставіны атрыманьня такога загаду на паперы і схаваць яе.

Таксама аналягічна фіксуйце выпадкі ажыцьцяўленьня супрацьпраўных дзеяньняў, сьведкамі якіх вы сталі».

8 лістапада сустаршыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч зьняў у мэдычнай установе пабоі, якія атрымаў 7 лістапада падчас жорсткага затрыманьня на адкрыцьці помніка Леніну ў Менску.