Кот марцовы:
- ‘распусьнік’
Выраз няўхвальны. Яго ахвотна ўжываў, да прыкладу, Якуб Колас. У паэме „Рыбакова хата“ юрлівага паляка Богута называюць катом марцовым і Марына, да якой ён заляцаўся, і ягоная ўласная жонка:
Чаго ж у вокны лез, сьмярдзюх?..
О, кот марцовы, гад плюгавы!
Справадзіў мужа да астрога,
А сам да жоначкі яго…
Хіба ты ў сэрцы маеш Бога?
Каго ашукваеш, каго?
Марцовы = 'сакавіцкі'. У нас суіснавалі лацінскія і беларускія народныя назвы месяцаў. Бачым марац у старабеларускіх тэкстах XV–XVII ст., у тым ліку ў Статуце 1566 г. З даўніх часоў ужываюцца „каляндарныя“ выразы марцовае піва, марцовы мёд. Слова замацавалася ў фразэмах і прыказках:
Прыйшоў марац — прымарозіў палец.
Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно і ў маю нясуць яго да гаю.
Таму лацінізм марац сярод іншых назваў месяцаў трымаўся асабліва доўга, не саступаў сакавіку: „Наша ніва“ (тая, першародная, Луцкевічаў і Купалы) ужывала слова марац прынамсі да 1915 году.
Чаму і кот менавіта марцовы — бо ўсе чулі пранікнёныя веснавыя сьпевы катоў на дварэ. Каты марцуюць, марцуюцца.
Сынонімы: юрлівец, кныр, бабздыр, бабадур; пра немаладога — марцовы кавалер; стары бугай.
У расейскай мове фразэалягізм мартовский кот ёсьць, але ён новы, ня мае стылёвых нюансаў і лексычных перагуканьняў. Пранік, відаць, праз турэмнае арго (дзе шмат беларусізмаў). У турэмнай мове азначае ‘мужчыну, што жыве коштам жанчыны’.
Шукайма беларускія фразэмы тут:
Фёдар Янкоўскі. Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне. — Менск, 1968.
Зьміцер Санько. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. — Менск, 1991.
Ян Станкевіч (пры ўчасьці Антона Адамовіча). Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. / 3-е выданьне. — Менск, 1992.
Іван Лепешаў. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. У 2-х т. — Менск, 1993.
Мікола Даніловіч. Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны. — Горадня, 2000.
Е. Боярина, В. Сивчиков. 2000 русских и 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний. — Минск, 2006.
Вольга Ляшчынская. Сучасная беларуская мова: фразеалогія. — Менск, 2010.