У Косаве ўшанавалі Тадэвуша Касьцюшку

У мястэчку Косава на Берасьцейшчыне беларусы і замежнікі адзначылі дзень нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі (1746–1817).

Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся ва ўрочышчы Мерачоўшчына ля Косава, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка і дзе аднавілі ягоную сядзібу.

Замежных дыпляматаў з краін, дзе жыў Тадэвуш Касьцюшка (ЗША, Польшчы, Швайцарыі, Расеі) сустракалі прадстаўнікі Івацэвіцкага райвыканкама і актывісты апазыцыйных партый.

Пасьля ўскладаньня вянкоў і кветак да мэмарыяльнага знаку Касьцюшку прысутныя накіраваліся ў сядзібу-музэй, дзе івацэвіцкія выканаўцы зайгралі мэлёдыі палянэзаў, складзеных Тадэвушам Касьцюшкам.

Сябры фонду Касьцюшкі з Польшчы ўбраліся ў шляхецкія строі часоў Касьцюшкі

Пра свае ўражаньні ад наведваньня Свабодзе распавёў павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд:

«Гэта быў вялікі гонар для мяне. Я вельмі шмат даведаўся пра гэтага амэрыканскага героя — Касьцюшку. Быць тут, на яго радзіме, дзе ён вырас, бачыць гэта сваімі вачыма — дапамагае зразумець гэтага важнага чалавека. Я тут шмат даведаўся пра тое, што ён зрабіў, каб дапамагчы вызваліць рабоў у ЗША, забясьпечыць іх адукацыяй. Я гэтага раней ня ведаў. Таму, вядома, Касьцюшка — такі чалавек, які думаў на шмат гадоў наперад».

У часе ускладаньня кветак да мэмарыяльнага каменя Касьцюшку

Скот Роланд прывёз музэю падарунак — уніформу кадэта вайсковай акадэміі Ўэст-Пойнт, адным з стваральнікаў якой быў Тадэвуш Касьцюшка. Разам з Скотам Роландам на ўрачыстасьць прыехаў і выпускнік акадэміі Ўэст-Пойнт, памочнік вайсковага аташэ ў Кіеве маёр Яніс Мікітц.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд (справа) і памочнік вайсковага аташэ ЗША ў Кіеве маёр Яніс Мікітц

Ужо трэці год запар урачыстасьці з нагоды дня народзінаў Касьцюшкі наведвае і генэральны консул Расеі ў Берасьці Мікіта Маткоўскі. У інтэрвію Радыё Свабода спадар Маткоўскі распавёў, што Касьцюшка — гэта і расейская гісторыя:

«Гэта неверагодна цікавае месца. З аднаго боку, для мяне Касьцюшка — асоба неадназначная. Гэта чалавек, які даваў прысягу Расейскай імпэрыі і парушыў яе, узьняўшы паўстаньне. Але гэта гісторыя Расеі, гэта гісторыя Беларусі, бо гэты дом стаіць на тэрыторыі Беларусі. І з кнігі гісторыі нельга вырваць старонкі — яна будзе няпоўнай».

Генэральны консул Расеі ў Берасьці Мікіта Маткоўскі

Імпрэза не абышлася і без палітычных абмеркаваньняў. У часе экскурсіі грамадзкі дзеяч з Кобрына Алесь Мех меў размову з дыпляматам ЗША Скотам Роландам. Спадар Мех узьняў перад часовым павераным пытаньне наяўнасьці ў Беларусі палітвязьняў, праінфармаваў яго пра нядаўнюю галадоўку Юрыя Рубцова. Скот Роланд распавёў Алесю Меху, што ЗША пасьлядоўна настойвае на неабходнасьці вызваленьня палітвязьняў у Беларусі. Амэрыканскі амбасадар перадаў асабістае вітаньне Юрыю Рубцову.

Інтэр’ер сядзібы-музэю Касьцюшкі

Пасьля экскурсіі і ад’езду дыпляматаў прадстаўнікі апазыцыі пачаставаліся гарачай «кашай касінераў» ад баранавіцкага прадпрымальніка Міколы Чарнавуса.

«Каша касінераў» ад баранавіцкага прадпрымальніка Міколы Чарнавуса

Бард Зьміцер Бартосік засьпяваў свае песьні, прысьвечаныя Тадэвушу Касьцюшку і ягонаму паўстаньню.

Сядзіба Тадэвуша Касьцюшкі ў Косаве