«Напішы пра кнігу, якую чытаеш». Першы беларускі конкурс маладых крытыкаў

Беларускі ПЭН-цэнтар сумесна з сайтам bookster.by пры інфармацыйнай падтрымцы Радыё Свабода распачынае конкурс маладых літаратурных крытыкаў імя Адама Бабарэкі. Конкурс працягнецца да 1 сакавіка 2014 г.

Як распавяла Радыё Свабода сябра журы Ганна Янкута, конкурс мае на мэце знайсьці людзей, якія займаюцца ці цікавяцца беларускай літаратурай:

Ганна Янкута

«Апошнім часам даволі часта чуецца шмат нараканьняў, што ў Беларусі ці мала, ці няма літаратурнай крытыкі, ці пішуць ня тое і ня так. ПЭН-цэнтар вырашыў, што трэба нешта мяняць, таму прыдумалі гэты конкурс».

Аўтараў найлепшых працаў вызначыць журы ў складзе Тацяны Заміроўскай, Ганны Кісьліцынай, Марыі Мартысевіч, Аляксандра Фядуты і Ганны Янкуты.

Пераможцы атрымаюць дыплёмы і магчымасьць паўдзельнічаць у адмысловых майстар-клясах. Як абяцаюць арганізатары, майстар-клясы будуць праводзіць як беларускія адмыслоўцы, так і замежнікі. «Гэта будзе абмен досьведам розных пакаленьняў і розных краінаў», — кажа Янкута.

Арганізатары таксама прагаварыліся, што пераможцаў чакае сюрпрыз, які пакуль не агучваецца.
Арганізатары пакуль ня ведаюць, колькі працаў чакаць на конкурс, але папярэдне мяркуюць што гэта будзе лічба ад 20 да 200.

На пытаньне, ці літаратурным крытыкам можа стаць кожны, Янкута адказала, што ёсьць некалькі прынцыповых патрабаваньняў:

«Літаратурны крытык мусіць добра разьбірацца ў літаратуры. Любы чытач можа выказаць суб’ектыўнае чытацкае меркаваньне, і яно будзе цікавае. Калі чытач яшчэ валодае літаратурным талентам, то можа напісаць выдатнае эсэ. А калі яшчэ мае і літаратурны густ, то крытычнае эсэ можа стаць літаратурным творам само па сабе».

Арганізатары пакуль ня ведаюць, колькі працаў чакаць на конкурс, але папярэдне мяркуюць, што гэта будзе лічба ад 20 да 200.

«Мы нават паспрачаліся паміж сабой, — кажа Янкута. — Гэта першы конкурс такога тыпу. Раней ПЭН-цэнтар ладзіў конкурсы маладых літаратараў, і заўжды цяжка прадказаць колькасьць удзельнікаў. У любым разе мы плянуем шырокую рэклямную кампанію». Напрыклад, плянуецца ўкладаць у кніжкі з кнігарні Логвінава закладкі з рэклямай конкурсу і сьлёганам: «Напішы пра кнігу, якую чытаеш».

Працы на конкурс прымаюцца да 1 сакавіка 2014 году. Тэксты можна будзе даслаць праз сайт ПЭН-цэнтру. Вынікі будуць абвешчаныя ў красавіку.

Даведка
Адам Бабарэка — беларускі пісьменьнік і літаратуразнаўца. Паводле Вікіпэдыі, распрацоўваў мэтадалягічныя праблемы літаратуразнаўства і эстэтыкі, прынцыпы народнасьці, сацыяльнай і эстэтычнай каштоўнасьці літаратуры, дасьледаваў гісторыю беларускай літаратуры, творчасьць Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, У. Дубоўкі, К. Чорнага і інш. Адстойваў правы на вольнае творчае самавыяўленьне. Рэпрэсаваны ў 1938 годзе.