«Наколькі мне вядома, цяпер сын знаходзіцца ў турэмнай лякарні», — расказала сайту palitviazni.info Галіна Кондрусь, маці беларускага палітвязня.
Судовы працэс над палітвязнем Уладзімерам Кондрусем, якога амаль праз шэсьць гадоў судзяць за ўдзел у масавых беспарадках падчас Плошчы-2010, распачаўся 16 лістапада. Аднак пасьля таго, як у зале суду Кондрусь паспрабаваў ускрыць сабе вены, было вырашана адправіць падсуднага на комплексную псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу.
Апошні вязень Плошчы-2010 Кондрусь рэзаў сабе вены на судзе
Кондруся затрымалі сёлета 14 чэрвеня ў межах папярэдняга расьсьледваньня. Пасьля ён знаходзіўся ў СІЗА № 1 Менску, дзе трымаў галадоўку.
Праваабаронцы прызналі Уладзімера Кондруся палітычным зьняволеным.
«Суд над сынам можа прадоўжыцца на наступным тыдні — 26 сьнежня, — кажа маці Ўладзімера. — Судзьдзя, якая вядзе гэты судовы працэс, была ў адпачынку, але цяпер ужо выйшла на працу. Таму, думаю, суд сапраўды працягнецца ў найбліжэйшыя дні».
Уладзімер Кондрусь прайшоў комплексную псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу, але яе вынікі пакуль не паведамляюцца.
Што чакае Кондруся на экспэртызе ў «Навінках»? Расказвае былы палітвязень Аўтуховіч
«Калі перадавала ў ізалятары перадачу, запыталася пра вынікі экспэртызы, але мне сказалі, што ня маюць права даваць такую інфармацыю, — працягвае Галіна Васілеўна. — Сын працягвае знаходзіцца ў турэмнай лякарні. Там асобны пакой, свой ложак. У лякарні крыху прасьцей, бо ў агульнай камэры Валодзя вельмі пакутуе — ён не пераносіць цыгарэтнага смуроду. Дарэчы, пісалі, што сын вены на судзе парэзаў, але там больш драпіны, чым парэзы. Нават павязку не накладвалі. Доктар мне таксама паведаміў, што шыць рукі не давялося. А ўвогуле, са слоў адваката, адчувае сябе Валодзя нармальна, чакае працягу працэсу».