Сьцісла:
- Імя птушкі кнíгаўка апошнімі тыднямі пачулі ўсе: беларускую кнігарню з такой назвай улады абшукалі і закрылі ў дзень адкрыцьця, а заснавальніка кнігарні Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу Насту Карнацкую схапілі і ня выпусьцілі зь вязьніцы.
- Кнігаўка Vanellus vanellus сямейства сяўцовых — балотная птушка, падобная да куліка. Вокліч яе з двух складоў, беларусы чуюць яго як кі-гі, кні-гі — адсюль папраўдзе і назва, не ад кнігі.
- У архаічнай балта-славянскай карціне сьвету кнігаўка — вястунка абуджэньня прыроды, але і пільная вартаўніца ад злодзеяў. Калі ў нейчым доме апынецца яйка кнігаўкі — дом згарыць.
- У некаторых гаворках кнігаўку завуць кáняй. Але ў літаратурнай мове кáня — іншая птушка, драпежная, манатонна крычыць „Піць!“. Адсюль блытаніна: кнігаўцы прыпісваюць легенды пра кáню зь яе вечнай смагай. Роля кнігаўкі іншая: ня скардзіцца, а дзейнічаць, папярэджваць, ратаваць.
- Вершы пра кнігаўку зьдзіўляюць прарочасьцю: Ляцелі кніжкі / сумнакрылымі кнігаўкамі (Р. Барадулін). Або: Чую крыкі птушкі двухгаловай. / Бачу ейны кіпцюрасты цень. / Дзесьці слова, матчынае слова / Кнігаўкаю жаліцца ў сухмень (В. Гардзей).
- І ўсё ж кнігаўка — непераможная. Тыя, хто разбурыў гняздо кнігаўкі, моцна рызыкуюць. Кнігаўка яшчэ пастаіць за сябе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля ператрусу сілавікі затрымалі выдаўца Янушкевіча і супрацоўніцу кнігарні «Кнігаўка», забралі 200 кніг
Кнігаўка — у клетцы. Ані выдаўца і заснавальніка кнігарні «Кнігаўка» Андрэя Янушкевіча, ані супрацоўніцу кнігарні Насту Карнацкую пасьля адбыцьця адміністрацыйнага арышту ня выпусьцілі з турмы.
Імя адметнай птушкі загучала як вокліч трывогі і як сымбаль нязломнасьці творцаў беларускае культуры. Улады падстрэлілі „Кнігаўку“ — кнігарню выдавецтва „Янушкевіч“ — на ўзьлёце, у дзень адкрыцьця. Думаю, „кнíгаўка“ ўжо трапіла ў папярэдні сьпіс прэтэндэнтаў на Беларускае слова году – 2022.
Павага аўтарам назвы-брэнду — крэатыўнай і беларусацэнтрычнай. Так і фармуецца ўрбаністычная беларуская моўная прастора. Моцны кантраст з назвамі пэўных іншых менскіх кнігарняў — або іх увогуле нельга перадаць па-беларуску, або бачым плягіят.
Кулік? Але надта ж прыгожы
Шматколернае пер’е і пазнавальны здалёк чубок — характэрныя рысы віду Vanellus vanellus (сямейства сяўцовых, парадак сеўцападобных, жывуць блізка да вады).
Кнігаўкі зьяднаныя і адважныя, ад вароны, якая спрабуе выкрасьці іхныя яйкі, адбіваюцца усёй чарадой.
Нястомныя знаўцы з „Аховы птушак Бацькаўшчыны“ выбралі былі кнігаўку беларускай Птушкай году (2006), і інфармацыйная прастора запоўнілася фотапартрэтамі зоркі, дзіцячымі малюнкамі, размалёўкамі для самых малых.
Дзеці тады ж і свае легенды пра кнігаўку выдумлялі. У тым ліку адкуль назва: маўляў, у палёце крылы кнігаўкі нагадваюць разгорнутую кнігу. Але папраўдзе кнігаўка мае імя ад голасу, ад крыку.
Трывожны вокліч з двух складоў людзі чуюць па-рознаму: беларусы — кі-гі, кні-гі (ёсьць у гаворках і дзеяслоў кніжыць ‘капрызіць, плакаць, вішчаць’); палякі — ki-wit, ангельцы pee-wit, расейцы чьи-вы. Ад воклічу і назвы: нямецкая Kiebitz, цюрскія і расейская чибис...
Кнігаўкай ці кнігай птушку завуць беларусы, украінцы і чэхі. Слова ж кніга ў значэньні сшытых аркушоў з тэкстам іншага паходжаньня: агульнаславянскае пазычаньне зь нейкай усходняй мовы.
Вястунка і вартаўніца
У нашых суседзяў літоўцаў, зь якімі маем мноства супольных архаічных традыцыяў, кнігаўка (knyvė або pempė) мае свой дзень этнаграфічнага календара — Pempinės, літаральна „Кнігавіны“, 19 сакавіка. Прылёт кнігаўкі з выраю вястуе цяпло і абуджэньне прыроды. З прыходам хрысьціянства на Кнігаўчын дзень наклаліся імяніны сьвятога Язэпа.
Літоўская традыцыя шануе кнігаўку за пільнасьць: на начлезе яна папярэджвае рэзкім крыкам пра ваўка ці канакрада. (Дарэчы, у нямецкай мове Kiebitz мае і пераноснае значэньне: ‘назіральнік за картачнай гульнёй’.)
Сярод літоўскіх мудраслоўяў пра кнігаўку ёсьць і звычайныя каляндарна-сынаптычныя: калі кнігаўкі нізка лётаюць, быць дажджу; калі на Кнігавіны пагодны дзень, год будзе малочны. Але ёсьць і суворыя папярэджаньні пра таемную сілу кнігаўкі:
Калі кнігаўка носіцца і крычыць каля дому, гэты дом згарыць. Калі кнігаўка занясе яйка ў дом, ён згарыць.
Думаю, і ў нетры беларускай народнай міталёгіі мусіў захавацца вобраз пільнай і сьмелай птушкі, яйка якой нельга браць — згарыш! Пагатоў у беларускіх паданьнях пра гэты дзень таксама ёсьць і птушкі (праўда, іншыя), і яйкі: „На Язэпа дзікая качка яйцом пахваліцца“.
Кнігаўка — не „настаўніца“! Не чытайма псэўданародны каляндар
Зьбіраючы матэрыялы пра кнігаўку ў традыцыйным беларускім сьветаглядзе, я (ня першы ўжо раз) наткнуўся на дзівосы ў шматлікіх „народных календарах“, што з 1990-х выходзяць і кніжкамі, і артыкуламі ў раёнках. Паводле іх 9 красавіка беларусы адзначаюць нібыта „Матрону-настаўніцу“, тады ж і кнігаўка прылятае: „Настаўніца-птушка, так звалі кнігаўку“.
Вось жа гэта ў расейскім народным календары ёсьць „Матрёна-настовица“ — ад слова „наст“, ледзяная скарынка. Нядоўга думаючы, беларускія народна-каляндарных дзел масьцера зрабілі з „настовицы“... настаўніцу (!). А „настаўніца-птушка“ — гэта ў расейскім арыгінале, прычым рыфмаваным, „настовица-птица“ (= „чибис“). Пазьнейшыя аўтары „беларускіх народных традыцыяў“ заўважылі недарэчнасьць і скалькавалі расейскі першаўзор зь беларускаю назваю ледзяной скарынкі: „Матрона-шарпаковіца“ (ад слова шарпак, іначай шарон).
Дык вось беларуская кнігаўка — і не „настаўніца“, і не „шарпаковіца“, і да дня Матруны ня мае дачыненьня, бо прылятае да нас раней, у лютым–сакавіку.
Досыць гугальтрансьлейтаў з расейскай псэўдаэтнаграфічнай папсы (або і проста „трансьлейтаў“ — у 90-я гугля яшчэ не было). Карыстаймася надзейнымі беларускімі крыніцамі, найперш палявымі запісамі этнографаў і фальклярыстаў, навукова абгрунтавананымі зводнымі выданьнямі — як „Беларускі народны каляндар“ Алеся Лозкі (акадэмічная сэрыя „Беларуская народная творчасьць“).
Кнігаўка і кáня: хто зь іх хоча піць?
Як і бальшыня птушак, кнігаўка мае розныя імёны ў беларускіх гаворках.
Большую частку беларускага моўнага абшару займаюць аднакаранёвыя назвы кнігаўка, кніга, кнігікаўка, кнігавіца. Ёсьць і кнёўка, кігіка, кігікаўка, кібіс; пігаўка, пімпа; чаіца, чайка (дарэчы, і па-польску czajka). Толькі на частцы Полаччыны гэтую птушку завуць кáня.
Але ў літаратурнай мове кáня (у першым значэньні слова) — зусім іншая птушка: драпежная, сямейства ястрабіных (або шуляковых у тэрміналёгіі АПБ). У гаворках птушку называюць яшчэ канюх, канюк, мышалоў. У яе манатонным аднаскладовым крыку людзі чуюць слова „піць“.
Адсюль шматлікія паданьні і літаратурныя творы пра кáню, дзе розным чынам тлумачыцца яе нязбытная смага.
Такім чынам, кнігаўку Vanellus vanellus кáняй дзесьці называюць, а вось кáню Buteo buteo кнігаўкай — здаецца, не.
І тым ня менш у літаратуры сустракаем тыя самыя паданьні пра смагу і крыкі „піць“, але ўжо ў выкананьні кнігаўкі. Мо сапраўды ў нейкіх гаворках таго каршука завуць „кнігаўкай“? Ці гэта адваротны ўплыў мовы на ўспрыманьне рэальнасьці: калі недзе слова кнігаўка замяняецца на кáню, то падсьвядома думаецца, што можна і наадварот?
Кнігаўкі — непераможныя. Сьведчыць беларуская паэзія
І ўсё ж архетыповая, першасная місія вобразу кнігаўкі — ня скардзіцца, а дзейнічаць, папярэджваць, ратаваць.
Рыгор Барадулін пісаў пра Яўгенію Янішчыц: „Як тая кнігаўка, адводзіла бяду ад роднага гнязда“ — пра намаганьні паэткі ўратаваць родныя палескія мясьціны і ад мэліярацыі, і ад наступстваў Чарнобылю, і ад раскультурваньня.
І ў паэзіі самой Яўгеніі Янішчыц ёсьць кнігаўка — нястомная натхняльніца:
За грамáмі веку, за дажджамі,
За чаканьнем сонца і адліг —
Сойка скрухі,
Перапёлка жалю,
Кнігаўка маіх лірычных кніг!
Перагуканьне кнігі і кнігаўкі прывабіла і Барадуліна. Ягоны твор, які пачынаецца радкамі „Апошнія паэты яўрэйскія. Каму чытаць ім вершы свае на ідыш?“, прысьвечаны пакутнаму лёсу гэтае мовы:
Ляцелі кніжкі
сумнакрылымі кнігаўкамі.
Гляджу
на кнігавак беларускіх
i ўспамінаю панылакрылых самотных выгнаньніц.
Радкі са зборніка 1990 году — і пра беларускую мову. І вобраз кнігавак зь верша сёньня ну зусім прарочы.
Зрэшты, творцы нямала напісалі і пра кнігаўку ў іпастасі асьмяглай кáні. Віктар Гардзей, верш „Пасьля рэфэрэндуму“:
Чую крыкі птушкі двухгаловай.
Бачу ейны кіпцюрасты цень.
Дзесьці слова, матчынае слова
Кнігаўкаю жаліцца ў сухмень.
Пазнавальны пасьля пагрому 17 траўня 2022 году сюжэт.
А Васіль Зуёнак прысьвяціў сваім любімым кнігаўкам асобны верш:
Я разумеў вас, кнігаўкі...
I вы мне
Ключы далі да ўсіх сваіх сакрэтаў.
I толькі аднаго я ў вас ня выменяў,
I аднаго я не спасьціг дагэтуль:
Ад сілы вашай і ад вашай веры,
Ад памяці — глыбокай і бяскрайняй —
Дзе ключ хаваеце? Дзе тыя дзьверы?..
Скажыце... Я ня выдам тайны...
Вось жа кнігаўкі — непераможныя. Той, хто разбурыў гняздо кнігаўкі і завалок да сябе ейныя яйкі, — моцна рызыкуе. Кнігаўкі яшчэ пастаяць за сябе.