Вольскі прэзэнтаваў кліп «Героі не паміраюць»

Сьпявак Лявон Вольскі прэзэнтаваў на тэлеканале «Белсат» кліп на новую песьню «Героі не паміраюць».

«Гэтая песьня прысьвячаецца ўсім тым, хто змагаўся, будаваў, набліжаў, верыў, спадзяваўся і любіў... — піша Лявон Вольскі. — Усім тым, хто быў задоўга да нас, тым, хто ішоў поруч з намі і тым, хто пойдзе па гэтым шляху пасьля нас. Зь днём Волі! Са стагодзьдзем БНР! Героі не паміраюць! Жыве Беларусь!»

Кліп зьнялі рэжысэр Матвей Сабураў і тэлеканал «Белсат». Канал нагадаў, што будзе весьці 25 сакавіка дзьве трансьляцыі: зь менскага «Сьвята незалежнасьці» і зь беластоцкага канцэрту Вольскага.

***

Канцэрт-мітынг у Менску пачнецца 25 сакавіка а 13-й гадзіне ля Опэрнага тэатру. На яго правядзеньне праз сайт Talaka.by сабралі амаль 35 тысяч рублёў, зьбіраюць сродкі і іншымі шляхамі. Бел-чырвона-белыя сьцягі дазволеныя, але будуць міліцэйскія кардоны.

Хадзіць па газонах, ня ныць, натхняць адзін аднаго — усе пытаньні пра Дзень Волі каля Опэрнага

На канцэрце маюць выступіць гурты Akute, Dzieciuki, «Мутнаевока» і «Разьбітае сэрца пацана», сьпевакі Ігар Варашкевіч, Кася Камоцкая, Пятро Клюеў і Юры Стыльскі, музычная праграма «Сьпеўнага сходу» і выступ актораў «Свабоднага тэатру», бліжэй да сьвята будуць анансаваныя таксама іншыя выступоўцы. Дачка Лявона Вольскага Адэля Вольская засьпявае песьні бацькі.

Лявон Вольскі мае сьпяваць 25 сакавіка ў Беластоку (канцэрт там быў заплянаваны яшчэ мінулым летам, арганізатары вырашылі яго не пераносіць), але таксама выступіць на менскім канцэрце праз тэлемост.

У іншых гарадах на імпрэзах 25 сакавіка выступяць гурты :B:N:, Handmade, N.R.M., Re1ikt і іншыя.