Беларускаму добраахвотніку Ігару Кляўку, які зь лютага знаходзіцца ў Марыюпальскім сьледчым ізалятары Данецкай вобласьці, паводле падазрэньня ў выкраданьні і наўмысным забойстве жыхара паселішча Мангуш прызначылі судовую псыхіятрычную экспэртызу і падоўжылі ўтрыманьне пад вартай да 29 верасьня.
«На першым этапе ў Славянску Ігар амбуляторна прайшоў псыхіятрычную экспэртызу, — сказала Свабодзе грамадзянская жонка беларускага добраахвотніка Валянціна Сакалова. — Але пакуль высноваў няма. Пасьля іх атрыманьня за ім будуць назіраць два месяцы, а ўжо потым ён будзе накіраваны ў стацыянар для працягу экспэртызы. Псыхалягічны стан Ігара вельмі цяжкі».
Паводле яе, да 29 верасьня суд мае разгледзець новае хадайніцтва сьледчых аб падаўжэньні тэрміну арышту.
«Бо ў справе зьявіліся новыя абставіны. На месцы, дзе было знойдзенае цела жыхара Мангуша, натрапілі яшчэ на косткі, якія належаць іншай асобе. Але ў справе яшчэ шмат матэрыялаў засакрэчана», — кажа яна.
Валянціна Сакалова кажа, што Ігар Кляўко зь ліпеня не кантактуе ні зь ёй, ні з адвакатам.
«Ён маўчыць, ні з кім не размаўляе. Маўчаў і на апошнім пасяджэньні суду», — дадала жонка беларускага добраахвотніка.
На судовым пасяджэньні, калі разглядалася пытаньне аб працягу ўтрыманьня Ігара Кляўка пад вартай да 29 верасьня, сьледчы сказаў, што ў сувязі з новымі абставінамі плянуецца праверыць магчымую датычнасьць асобаў, падазраваных у забойстве жыхара Мангуша, да іншых крымінальных спраў, а пасьля гэтага ўсім фігурантам справы будзе выстаўлена абвінавачаньне ў канчатковым выглядзе.
Ігар Кляўко, больш вядомы пад пазыўным «Леў», разам з батальёнамі «Данбас» і добраахвотніцкім украінскім корпусам «Правы сэктар» прайшоў амаль усе гарачыя кропкі антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны: Арцёмаўск, Папасную, Лісічанск, Ілавайск і Пяскі.
Сёлета ў лютым яго ўзялі пад варту паводле падазрэньня ў выкраданьні і наўмысным забойстве.
У чэрвені Ігар Кляўко абвясьціў галадоўку, патрабуючы зьмены меры стрыманьня. Праз тры тыдні жонцы ўдалося пераканаць яго спыніць галадоўку.