Ад 5 па 8 красавіка ў Беларусі праводзіць афіцыйны візыт міністар абароны Кітайскай Народнай Рэспублікі, генэрал-палкоўнік Вэй Фэнхэ, паведамляе Міністэрства абароны Беларусі.
Падрабязна мэты візыту не раскрываюцца. Вэй Фэнхэ быў прызначаны на сваю пасаду 19 сакавіка 2018 году. У Беларусь ён прыбыў з Масквы, дзе знаходзіўся зь першым візытам пасьля прызначэньня на пасаду.
«У час візыту будзе праведзены шэраг сустрэч з кіраўніцтвам беларускага вайсковага ведамства, на якіх плянуецца падвесьці вынікі, а таксама абмеркаваць актуальныя пытаньні далейшага разьвіцьця двухбаковай супрацы ў галіне супольнай баявой падрыхтоўкі, вайсковай адукацыі, а таксама ўзаемадзеяньня ў межах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, — піша беларускае Мінабароны. — Для кіраўніка кітайскага вайсковага ведамства прадугледжана таксама наведваньне шэрагу вайсковых аб’ектаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь».
Пра тое, як праводзіцца супольная беларуска-кітайская падрыхтоўка вайскоўцаў, вядома ня так шмат, як пра беларуска-расейскую. Так, пра беларуска-кітайскія вучэньні «Адзіны шчыт-2017» паведамлялася значна меней падрабязнасьцяў, чым пра беларуска-расейскія «Захад-2017».
«Асаблівыя прыязныя стасункі»
Цягам 2017 году Аляксандар Лукашэнка адсылаў афіцыйныя прывітаньні кіраўніку Кітаю Сі Цьзіньпіну ня менш за чатыры разы — віншаваў з 25-годзьдзем дыпляматычных дачыненьняў (узаемна), днём народзінаў (ці віншаваў Сі Цьзіньпін Лукашэнку ў адказ, не паведамлялася), 90-годзьдзем стварэньня Народна-вызваленчай арміі Кітаю, днём абвяшчэньня Кітайскай Народнай Рэспублікі (Сі Цьзіньпін віншаваў Лукашэнку з Днём Рэспублікі 3 ліпеня), таксама Лукашэнка выкаваў спачуваньні Сі Цьзіньпіну і родзічам ахвяраў апоўзню ў правінцыі Сычуань. Мікалай Лукашэнка віншаваў кітайцаў з Новым годам — сыграў на раялі, размаўляў па-кітайску. У сакавіку Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Сі Цзіньпіна зь перавыбраньнем — у іх абодвух цяпер «безьліміт на кіраваньне».
Амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды заклікаў правільна называць Беларусь па-кітайску: 白罗斯, а не 白俄罗斯.
Лукашэнка ў 2017 годзе сустракаўся з шэрагам кітайскіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, у тым ліку ў траўні асабіста зь Сі Цьзіньпінам у Пэкіне пасьля форуму «Адзін пояс — адзін шлях», дзе абмяркоўваўся ў тым ліку новы Шаўковы шлях. Да таго Лукашэнка ладзіў у Менску сустрэчу з прадстаўнікамі кітайскіх СМІ.
«Калі Расея захоча захапіць Беларусь — Кітай ня будзе яе абараняць»
У 2017 годзе кітайцы разам з грамадзянамі яшчэ васьмі дзясяткаў краінаў атрымалі магчымасьць езьдзіць у Беларусь бязь візы на 5 дзён (пры ўмове прылёту ў менскі аэрапорт), таксама Беларусь увяла бязьвізавы рэжым для кітайцаў, якія ўяжджаюць для афіцыйных паездак, да 30 дзён. Беларускі прэм’ер прапанаваў Кітаю абвясьціць 2018-ы Годам беларускага турызму, але ці пагадзіліся на гэта ў Кітаі, невядома.
Беларусь актыўна гандлюе з Кітаем (больш, чым зь Нямеччынай, Вялікай Брытаніяй і Польшчай, менш толькі за гандаль з Расеяй і Ўкраінай), але прадае мала і купляе шмат: таваразварот склаў у 2017 годзе 2,8 млрд даляраў, што на 22,4% больш за 2016 год, але беларускага экспарту ў гэтым таваразвароце толькі 319 млн даляраў (гэта на 21% меней за 2016 год), астатняе — імпарт. Лукашэнку гэта насьцярожвала.
«Менск-таўн» — кітайскі трамплін у Эўропу. Рэпартаж з будучага кітайскага гораду ў Беларусі
Цягам 2017 году Беларусь пазычыла 306,6 млн даляраў з кітайскіх банкаў, сплаціла Кітаю 245,8 млн па ранейшых пазыках. Пад Менскам будуецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк.
На пачатку 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў распараджэньне аб аздараўленьні ў Беларусі 330 кітайскіх дзяцей: у праграме адпачынак у лягеры «Зубраня» і лячэньне ў цэнтры «Ждановічы», а таксама экскурсіі. Такім чынам, паводле прэс-службы Лукашэнкі, дэманструюцца «асаблівыя прыязныя стасункі» Беларусі і Кітаю.