У кітайскім горадзе Сямынь 4 верасьня праходзіць саміт аб’яднаньня БРІКС. Перад яго пачаткам старшыня Кітаю Сі Цзіньпін заклікаў краіны-чальцы весьці сумесную барацьбу з ростам гандлёвага пратэкцыянізму ў сьвеце.
«Супрацоўніцтва краінаў БРІКС ёсьць не дыскусійным клюбам, а рабочай групай, якая рэалізуе ўсе мэты», — заявіў кітайскі лідэр.
На палях саміту адбылася сустрэча Сі Цзіньпіна з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Афіцыйнае агенцтва Кітаю «Сіньхуа» паведаміла, што два лідэры абмеркавалі абвастрэньне напружанасьці праз апошняе ядзернае выпрабаваньне Паўночнай Карэі.
Паводле паведамленьня, Сі і Пуцін рашуча асудзілі дзеяньні Пхэньяну і заявілі, што дамовіліся «прытрымлівацца мэты ў ядзерным раззбраеньні Карэйскага паўвострава, падтрымліваць цесную сувязь і каардынацыю і належным чынам рэагаваць» на выпрабаваньні.
Кітай зьяўляецца галоўным саюзьнікам Паўночнай Карэі і асноўным яе эканамічным партнэрам. Масква таксама мае цесныя кантакты з Пхэньянам, у прыватнасьці выкарыстоўвае на маштабных будоўлях працу паўночнакарэйскіх грамадзян.