«Імпульсіўныя і рухавыя, а як падапʼюць, то выбуховыя», — такімі ўбачыў беларусаў футбаліст з Камэруна Кікі Габі.
Камэрунец — футбаліст магілёўскага «Дняпра». Па выніках мінулага сэзону заўзятары назвалі легіянэра найлепшым гульцом клюбу. Прыхільнасьць фанатаў, па словах футбаліста, прадвызначыла яго рашэньне застацца ў «Дняпры» прынамсі яшчэ на сэзон.
Сьнег — складаная зьява
Кікі Габі 22 гады. У Беларусь прыехаў узімку і быў уражаны сьнегам. Доўга прыстасоўваўся да незвычайна марознага для яго надворʼя.
«У мяне як чалавека з Афрыкі няма спэцыфічных слоў ці фразаў, каб перадаць адчуваньні ад сьнегу. Ён для мяне дужа складаная зьява», — усьміхаецца Кікі.
У магілёўскім «Дняпры» ён адгуляў адзін сэзон. Кантракт з клюбам заключыў 31 сакавіка 2017 году. Беларусь — першая краіна, у якой футбаліст затрымаўся больш чым на год. Дагэтуль ён гуляў у клюбах на сваёй радзіме. Прызнаецца, што пра Беларусь нічога ня ведаў.
«Думаў, што тут пануе расізм, але зь яго праявамі пакуль не сутыкнуўся. Адчуваю сябе ў Беларусі няблага, і няма таго, што б стварала дыскамфорт», — кажа камэрунец.
Кікі — улюбёнец магілёўскіх футбольных заўзятараў. За тое, каб легіянэр з Афрыкі атрымаў тытул найлепшага гульца клюбу, прагаласавала 435 чалавек. Сам футбаліст адзначае, што ўвага да яго прыязная і сардэчная. «Гэта адна з прычынаў, чаму я вярнуўся ў Магілёў», — кажа ён карэспандэнту Свабоды.
«Такое стаўленьне да мяне, відаць, таму, што я добра гуляю, а яшчэ, вядома ж, уплывае на папулярнасьць і мая зьнешнасьць. Для беларусаў яна нязвыклая», — лічыць Кікі.
У ролі найлепшага гульца клюбу яму падабаецца. Прыгадвае, што пасьпеў даць нямала аўтографаў, нават даводзілася расьпісвацца на целе заўзятараў.
«Але я лічу сябе роўным сярод роўных у камандзе і разумею, што для мяне створаныя дужа добрыя ўмовы ў клюбе, таму даводзіцца шмат працаваць», — ужо сурʼёзна кажа Кікі.
У беларусаў ёсьць мова, але яе не чуваць
Камэрунец ведае, што ў беларусаў ёсьць свая нацыянальная мова, але зь людзьмі, якія б гаварылі па-беларуску, ён не сутыкаўся.
«Мне наагул падаецца, — казаў ён, — што беларускую мову ніхто не вывучае ў вас, таму яе і не чуваць».
На радзіме ў Кікі, па ягоных словах, пануе француская мова. Да 1960 году Камэрун быў калёніяй Францыі. На пытаньне, як камэрунцы ставяцца да каляніяльнага мінулага, адказвае, што па-рознаму.
«Я ня чуў, каб асабліва абмяркоўвалі гэтую тэму. Відаць, у кожнага камэрунца свой погляд. Што да мяне асабіста, то да гэтага пытаньня я стаўлюся спакойна і адаптавана», — кажа ён.
Кікі ня ўбачыў, што беларусы спакойныя і ўраўнаважаныя. Яму ў вочы кінулася, наадварот, беларуская імпульсіўнасьць і рухавасьць.
«А, як падапʼюць, — кажа ён з усьмешкай, — то становяцца яшчэ больш імпульсіўнымі і нават выбуховымі».
Ва ўжываньні алькаголю «зь лішкам» суразмоўца ўгледзеў падабенства беларуса з камэрунцам.
«Гарэлка ўсюды аднолькавая», — сьмяецца ён.
У Камэруне спорт дае магчымасьць падзарабіць
Сваю краіну Кікі называе маладой. Моладзь у іх з ахвотай вучыцца, бо для адукаванага камэрунца больш пэрспэктыў у жыцьці. Нямала ягоных суайчыньнікаў эмігруюць, перадусім у Эўропу.
Жыцьцё ў Камэруне, кажа Кікі, нялёгкае. Многім даводзіцца шмат працаваць. Але ёсьць і заможныя людзі.
Па словах суразмоўцы, спорт дае магчымасьць зарабіць мінімальныя грошы на харчаваньне.
«Але адпачатку спорт успрымаецца ў Камэруне як спосаб захаваць здароўе. Ён яднае людзей і стварае добрую сямейную атмасфэру», — кажа ён.
«Што да палітыкі, то я за ёю не сачу, — дадае Кікі. — Асабліва не назіраю і за жыцьцём. Усяго сябе аддаю спорту».
Верыць у чэмпіёнскую будучыню «Дняпра» і спадзяецца пагуляць у «Манчэстэр Сіці»
Для магілёўскага «Дняпра» мінулы сэзон склаўся ня надта няўдала. Каманда ўтрымалася ў вышэйшай лізе, але заняла дванаццатае месца. Як кажуць экспэрты, клюб правёў сэзон няроўна, некаторыя матчы прайграў з разгромным лікам. Афрыканскі легіянэр, гаворачы пра пэрспэктывы «Дняпра», кажа, што чэмпіёнскі патэнцыял у каманды ўсё ж ёсьць. Пра гэта, на яго думку, сьведчаць трэнэрскія ўстаноўкі і гатоўнасьць футбалістаў перамагаць.
Узровень беларускага футболу легіянэр з Камэруна ацэньвае як сярэднеэўрапейскі. Кікі лічыць, што мог бы гуляць у любым клюбе і адаптавацца да любых умоваў. А на пытаньне, ці меў запрашэньні гуляць у іншых эўрапейскіх клюбах, акрамя беларускага, адказваць ня стаў.
Узорам футбольнага майстэрства Кікі лічыць гульню паўабаронцы ангельскага «Манчэстэр Сіці» Ньеньеры Яя́ Турэ. Гэта футбаліст з афрыканскай краіны Кот-дʼІвуар. Улюбёным клюбам называе «Манчэстэр Сіці». У ім хацеў бы пагуляць.