Больш за 120 сутак у штрафным ізалятары за паўгода, праведзеныя ў папраўчых установах, адседзеў Уладзіслаў Казакевіч. Васемнаццацігадовага менчука асудзілі на 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму за напад на наведнікаў гандлёвага цэнтру «Новая Эўропа» ды забойства чалавека.
Маці Казакевіча: «Умовы ўтрыманьня ў карцэры бесчалавечныя»
«Сына хочуць давесьці да самагубства», — цьвердзіць маці зьняволенага Вольга Мажэйка.
Яна настойвае, што ў магілёўскай турме парушаюць правы асуджанага. Адміністрацыя папраўчай установы, кажа жанчына, не бярэ пад увагу стан псыхічнага здароўя сына і рэгулярна адпраўляе яго ў карцэр за дысцыплінарныя спагнаньні. Іх абскарджаньні ў судовым парадку і звароты ў наглядныя органы на сытуацыю не ўплываюць.
У зьняволенага сына, кажа Вольга, з прычыны пастаяннага знаходжаньня ў падвальным памяшканьні з кепскім асьвятленьнем пагаршаецца зрок. Яму не дазваляюць, адзначае яна, карыстацца акулярамі. Уладзіслаў ня можа ліставацца з роднымі, яго не выводзяць на прагулкі, ён ня мае ложка і пасьцельнай бялізны.
1 лютага, сьцьвярджае Вольга Мажэйка, ёй стала вядома, што ўтрыманьне сына ў турэмным карцэры працягнута да 8 лютага.
Паводле жанчыны, Уладзіслаў за паўгода адбыў у штрафным ізалятары Шклоўскай калёніі і карцэры Магілёўскай турмы больш за 120 сутак. Яшчэ сорак утрымліваўся ў памяшканьні камэрнага тыпу.
За першыя тры месяцы зьняволеньня ў шклоўскай калёніі Казакевічу вынесьлі блізу 16 дысцыплінарных спагнаньняў. У калёніі супраць Казакевіча распачалі новую крымінальную справу. 12 кастрычніка 2017 ён параніў самаробным нажом аднаго з кантралёраў Шклоўскай калёніі № 17, у якой адбываў пакараньне за Абвінавачаны этапаваны ў сьледчы ізалятар магілёўскай турмы №4.
На допыце ён заявіў, што хацеў забіць начальніка калёніі, каб адпомсьціць за дысцыплінарныя пакараньні.
З адказаў на скаргі ў пракуратуру Вольга Мажэйка даведвалася, што сына каралі штрафным ізалятарам за тое, «што ён забыў лыжку, калі пайшоў у сталоўку, не зашпіліў гузік на куртцы, няякасна прыбраў памяшканьне». Зьняволены таксама адмаўляўся працаваць і ў прыбіральні, бо разумеў, кажа Вольга, што адразу трапіць у катэгорыю асуджаных «зь нізкім статусам» і будзе цярпець зьнявагі ад іншых.
Улады: шызатыпічны разлад без абвастрэньня — не супрацьпаказаньне для зьмяшчэньня ў карцэр
Вольга Мажэйка настойвае: утрымліваць сына ва ўмовах «крытай турмы», а пагатоў у карцэры, з прычыны ягонай хранічнай псыхічнай хваробы недапушчальна. Яна спасылаецца на даведку з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя, у якой пазначана, што ва Ўладзіслава дыягнаставаны шызатыпічны разлад ды парасуіцыд і ён мае быць пад наглядам лекараў.
Акрамя таго жанчына цьвердзіць: з магілёўскай турмы яе паінфармавалі лістом, што сына паставілі на дыспансэрны улік псыхіятра-нарколяга. Гэта, на думку Вольга, пацьвярджае, што сын хворы.
Жанчына дамагаецца пераводу сына ў адмысловую ўстанову Міністэрства аховы здароўя.
Упраўленьне дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Магілёўскай вобласьці тым часам паведаміла бацькам асуджанага, што шызатыпічны разлад, калі адсутнічае абвастрэньне, не зьяўляецца супрацьпаказаньнем для зьмяшчэньня ў карцэр. Бацькоў запэўнілі: іх асуджаны сын пад мэдычным наглядам і падставаў для тэрміновага вызваленьня з карцэру праз хваробу не фіксавалася. Перад тым, як зьмясьціць Казакевіча ў карцэр, напісалі ягонай маці, стан здароўя асуджанага правярае мэдык. Пакараньне карцэрам зьняволенага патлумачына тым, што ён парушае рэжым.
Даведацца пра ўмовы ўтрыманьня Казакевіча ў магілёўскай турме не ўдалося. Гаварыць на гэтую тэму з карэспандэнтам Свабоды праз тэлефон адмовіліся.
Юрыст: на жорсткае абыходжаньне з Казакевічам праваабаронцы мусяць адрэагаваць
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка адзначае, што з падобным абыходжаньнем сутыкаюцца практычна ўсе асуджаныя папраўчых калёніяў Беларусі. Практыка абскарджаньня спагнаньняў у судах, адзначае экспэрт, сьведчыць, што разборы па такіх справах праходзяць з парушэньнем стандартаў справядлівага правасудзьдзя.
Праваабаронца не адмаўляе праблемаў з псыхічным здароўем Уладзіслава Казакевіча. Ён лічыць мэтазгодным у межах распачатай новай крымінальнай справы дамагацца паўторнай псыхіятрычнай экспэртызы.
Праваабаронца, спасылаючыся на ўласны адвакацкі досьвед, даводзіць: асуджаныя, якія маюць псыхічныя адхіленьні, сутыкаюцца ў няволі з адсутнасьцю належнага мэдычнага нагляду, дыягностыкі і ўсебаковага лячэньня. Іх часьцяком зьмяшчаюць у камеры з «здаровымі» зьняволенымі, якія зьдзекваюцца з іх.
«Тое, што Казакевічу ў няволі кепска, я ў гэтым не сумняваюся», — падкрэсьлівае Сапелка. — Найпершая задача праваабаронцаў — не дапусьціць, каб асуджаны цярпеў жорсткае абыходжаньне. Калі сапраўды, як цьвердзіць маці Ўладзіслава, яго ўтрымліваюць ва ўмовах, якія пагаршаць здароўе, то гэта жортскае абыходжаньне, якое вымагае неадкладнага рэагаваньня праваабарончай супольнасью».
Да злачынства Казакевіч спрабаваў сябе забіць
Суд Маскоўскага раёну Менску 3 сакавіка 2017 году прызнаў Уладзіслава Казакевіча вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасьцю, замаху на забойства з хуліганскіх намераў, нанясеньні траўмаў і пакараў 15 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Грамадзянскія пазовы пацярпелых задаволеныя амаль у поўным памеры — на суму 200 тысяч рублёў.
Казакевіч прызнаў віну цалкам, але не павініўся, а ў апошнім слове заявіў пра шкадаваньне, што ня цалкам ажыцьцявіў задуманае. 18-гадовы юнак заявіў, што плянаваў забіць бэнзапілой некалькі чалавек, каб у выніку яго застрэлілі міліцыянты.
З матэрыялаў справы вядома, што Ўладзіслаў Казакевіч чатыры разы спрабаваў сябе забіць. Жаданьне пайсьці з жыцьця падсудны тлумачыў расчараванасьцю ў сабе і людзях. Дасудовая экспэртыза прызнала абвінавачанага псыхічна здаровым у момант учыненьня дзеяньняў, якія яму інкрымінавала сьледзтва.
Між тым ён стаяў на ўліку ў дзіцяча-падлеткавым дыспансэры і праходзіў курс лячэньня ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псыхічнага здароўя, дзе ў 2014 годзе яму выставілі дыягназ «шызатыпічны разлад асобы». Бацькі настойваюць, што да пачатку сьледзтва ня ведалі пра хваробу сына.
Вярхоўны суд не задаволіў апэляцыі Ўладзіслава Казакевіча. Асуджаны ня можа разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Падчас разгляду апэляцыі ў Вярхоўным судзе адвакат Казакевіча Ўладзімер Сташкевіч настойваў на правядзеньні новай комплекснай экспэртызы псыхічнага стану падабароннага. Суд гэтага хадайніцтва не задаволіў.