Вы зірнулі на свой гадзіньнік або — хутчэй за ўсё — на тэлефон, каб даведацца, каторая гадзіна. Менавіта гэтак — каторая гадзіна. (А ня „колькі часу“ — дакладная калька з расейскага „сколько времени“.) Зрэшты, нават у расейскай мове апошні выраз яшчэ ў 1930-я гады лічылі размоўным (у значэньні 'который час'). ВІДЭА
Your browser doesn’t support HTML5
Сьцісла
- Правільна пытаць „Каторая гадзіна?“ Адказваем „першая“, „трэцяя“ — парадкавым лічэбнікам.
- Для першай паловы гадзіны (ад нуля да 30 хвілін) ужываем прыназоўнік на: дзесяць хвілін на першую, палова на пятую.
- Для другой паловы гадзіны ўжываем прыназоўнікі да, без, за: чвэрць (або квадранец) да шостай, за дзесяць хвілін дзявятая, без дваццаці пяці дзясятая.
- На пытаньне „Калі?“ адказваем з прыназоўнікам а (аб): а другой, аб адзінаццатай, апоўдні, апоўначы, а палове на сёмую. Але: У дваццаць хвілін на восьмую.
Каторая гадзіна? і Колькі часу? — розныя пытаньні пра рознае
Добры прыклад адрознага значэньня гэтых выразаў — у „Трывожным шчасьці“ Івана Шамякіна. Шамякін не цураўся русізмаў. Але і ў яго два пытаньні разьмяжоўваюцца:
Невядома, колькі часу Пятро прасядзеў так. Каторая гадзіна? Ён не адважваўся чыркнуць запалку, каб глянуць на будзільнік.
Дык колькі часу Пятро праседзеў? Гэта пытаньне аб працягласьці часу. „Колькі часу?“ = „як доўга?“ Адказваем на яго выразамі з колькаснымі лічэбнікамі: адну гадзіну, пяць гадзін, два дні.
А пытаньне „Каторая гадзіна?“ зусім пра іншае. Лягічна чакаць адказу на яго ў форме парадкавага лічэбніка: першая гадзіна, восьмая, адзінаццатая, дванаццатая. Вынікае, што і абвяшчаючы дакладны час у радыё, варта было б ужываць парадкавыя:
Гаворыць Менск. Васямнаццатая гадзіна.
Але ў моўную сьвядомасьць некалькіх пакаленьняў уштукавалі іншую формулу — менавіта праз радыё. Успамінае Валянцін Тарас:
„Я яшчэ памятаю той Менск, калі Беларускае радыё пачынала свае перадачы словамі: «Увага, увага! Гаворыць Менск». Менск, а ня Мінск. «Радыёстанцыя імя Камінтэрну. Зараз 13 гадзін па менскім часе, 14 — па маскоўскім»“.
Хутчэй за ўсё, ён запомніў усё даслоўна, так і было ў 1930-я. Але беларускую гістарычную і народную традыцыю называць дакладны час парадкавым лічэбнікам пацьвярджае мноства прыкладаў.
Пачаўшы ад сьвітаньня, аж да дзявятае гадзіны на дзень быстра бітва трывала (Гісторыя аб Атыле, 1580)
Ад паранку аж да самага вечара, да гадзіны дваццаць трэцяе, пільнасьць чыніў (1582)
А тут прапушчаны, але маецца на ўвазе лічэбнік першая:
Ужо дзей магло быць гадзіна ў ноч (1595)
Былі таксама апісальныя формы ў адказ на пытаньне „каторая“ ці „якая“. Няшпорная гадзіна — вечар, ад словы няшпоры — набажэнства. Астатняя гадзіна чалавека, злая гадзіна — значэньне зразумелае.
У дыялектнай мове нашага часу жыве такая самая моўная формула:
Валя, паглядзі, катора гадзіна? (Шчучынскі раён)
Да дванаццатай гадзіны прахадзіла (Салечніцкі — цяпер Шальчынінкайскі — раён)
У гаворках, дзе зьбераглося слова гадзіна, да яго дапасоўваецца парадкавы лічэбнік. А калі месца гадзіны ўжо захапіў час — у значэньні ’60 хвілін’ сэмантычны русізм — то зьяўляецца і расейская формула абазначэньня часу:
У чатыры часы закрываюць магазін. (Браслаўскі раён)
Сем часоў, а не відаць Ніны едучы. (Глыбоцкі раён)
Але здараюцца і гібрыдныя выразы, беларуская традыцыя адразу не здаецца:
[Цяпер] cядмы час (Ляхавіцкі раён)
Няроўныя гадзіны ў адказ на пытаньне „Каторая гадзіна?“ абазначаюцца традыцыйна.
Ад пачатку і да паловы гадзіны —
з прыназоўнікам НА:
пяць хвілін на трэцюю
палова на пятую (гадзіну)
Больш строга, афіцыйна — другая гадзіна пяць хвілін, шаснаццатая гадзіна трыццаць хвілін.
Ёсьць у беларускай мове і чвэрць, і старадаўні лацінізм квадранец (азначае тое самае — ‘чвэрць гадзіны’):
Зосі так не хацелася ўставаць, так цяжка было расставацца з пасьцельлю, што яна немаведама што дала б за лішнюю хвілінку, за адзін квадранец, каб яе пусьцілі паспаць. (Цішка Гартны)
Таму можна сказаць і чвэрць на сёмую, і квадранец на сёмую.
Другая палова гадзіны
абазначаецца двума спосабамі: або з прыназоўнікам без — безь дзесяці першая, або з прыназоўнікам за — за квадранец восьмая.
А як адказаць на іншае пытаньне — Калі?
Калі пачнем працу, калі прыедуць госьці?
У нашай моўнай традыцыі некалькі варыянтаў. У старабеларускай мове — з родным склонам:
Тым, каторыя первае гадзіны, і трэцяе, і шостае, і адзінаццатае да вінньніцы прыйшлі, яднакая заплата даецца (Жыцьцё Варлама і Асафа, Куцейна ля Воршы, 1637)
Але паступова замацавалася іншая формула — з прыназоўнікам а (аб). Сустрэнемся калі? А дзясятай, аб адзінаццатай, а палове на чацьвертую гадзіну.
Ад гэтай канструкцыі паходзяць і прыслоўі часу апоўдні ды апоўначы. Адказваюць на пытаньне „калі?“
Добры то наш гадзіньнік пятух, што няхібне апоўначы какарэкаець (Прамова Мялешкі, к. XVI ст.).
Гадзіньнік спыніўся апоўначы ў памятным савецкім фільме пра забойства гаўляйтара В. Кубэ. Але ў выпадку дробных хвілінаў адказ будзе апісальны, з прыназоўнікамі у, на, без, за, да:
сустрэнемся ў дзесяць хвілін на пятую, за дваццаць да восьмай, без дваццаці да восьмай.