Касьцёл Чылі рыхтуецца да кананізацыі Ігната Дамейкі. Камэнтар сям’і Дамейкаў

Пас Дамейка, праўнучка Ігната Дамейкі

Каталіцкі касьцёл Чылі пачаў зьбіраць інфармацыю пра жыцьцё і дзейнасьць Ігната Дамейкі. Пра гэта паведаміла Пас Дамейка — праўнучка Ігната Дамейкі, якая наведвае цяпер Беларусь. Інфармацыйны этап — першы крок да магчымай бэатыфікацыі і далейшай кананізацыі.

«Пакуль ідзе інфармацыйная падрыхтоўка, — сказаў Свабодзе Уладыслаў Завальнюк, пробашч касьцёла Сьвятых Сымона і Алены ў Менску. — Гэта сказала праўнучка Ігнацыя, што каталіцкі касьцёл Чылі распачаў збор інфармацыі пра жыцьцё, дзейнасьць і веру, гераічныя цноты шаноўнага сьвятой памяці Ігнацыя Дамейкі».

Уладыслаў Завальнюк

Як патлумачыў Завальнюк, з ініцыятывай бэатыфікацыі і кананізацыі ня можа выступіць сама сям’я. Прапанаваць назваць чалавека бласлаўлёным ці сьвятым мае права толькі касьцёл.

«Мы ня робім сьвятых ці бласлаўлёных, а паказваем іх жыцьцё, — кажа Завальнюк. — Калі яны годныя і дастойныя, і адбываюцца цуды, тады Гасподзь празь іх дзейнічае».

Па словах Завальнюка, Ігнат Дамейка быў моцным духоўным падзьвіжнікам, у ягоным кабінэце заўжды вісеў абраз Маці Божай Астрабрамскай, ляжаў малітоўнік, і ён заўжды наведваў нядзельную імшу.

«Гэта вельмі радуе, што на небасхіле нашай гісторыі зьяўляецца яшчэ адна такая постаць, як Ігнацы Дамейка — чалавек навукі, патрыёт, вымушаны жыць па-за межамі Бацькаўшчыны, і чалавек высокай і глыбокай веры. Гэта ўзор, асабліва для таго народу, адкуль ён родам».

Мігель Заўшкевіч Дамейка, прапраўнук Ігната Дамейкі, сказаў Свабодзе, што ягоны продак быў вельмі асаблівым чалавекам для свайго часу, бо спалучаў глыбокую веру і навуку.

«Ён змог аб’яднаць дзьве гэтыя рэчы, — сказаў Заўшкевіч Дамейка. — Для ягонага часу гэта было нечым вельмі рэдкім і вельмі дзіўным».

Нашчадкі Ігната Дамейкі на прэзэнтацыі кнігі ў Міністэрстве замежных спраў

Таксама і Пас Дамейка, Ігнатава праўнучка, аўтарка кнігі «Ігнат Дамейка: жыцьцё ў эміграцыі», падкрэсьлівае рэлігійнасьць свайго продка.

«Ён быў фантастычным пісьменьнікам, размаўляў на чатырох мовах, прыгожа маляваў, граў на фартэпіяна і, вядома, быў навукоўцам і вельмі рэлігійным чалавекам, — сказала Свабодзе Пас. — Ён быў як чалавек Адраджэньня. Для мяне ён герой. У думках я ўвесь час зь ім размаўляю. Гэта робіць мяне шчасьлівай».

Тры праўнукі і адзін прапраўнук прыехалі на гэтым тыдні ў Беларусь. Яны ўзялі ўдзел у прэзэнтацыі перакладзенай на беларускую мову кнігі Пас Дамейкі ў Міністэрстве замежных спраў, удзельнічалі ў навуковай канфэрэнцыі, прысьвечанай 215-годзьдзю Ігната Дамейкі, наведваюць мясьціны, дзе ён нарадзіўся і вырас.