Сьцісла:
- 8 траўня 1918 году камісія пры Народным сакратарыяце БНР ухваліла бел-чырвона-белы сьцяг як „дзяржаўны сьцяг Рэспублікі“.
- Але адценьне чырвані не названа. А дзяржаўны стандарт на сьцяг 1991 году дае для яе 12 розных колеравых кодаў.
- Слова чырвоны ад чарвяца Porphyrophora Polonica, фарбу зь якога ў нас здабывалі для сябе і на экспарт. Чарвец даў назву і чэрвеню.
- Цяпер чырвоны — назва для чырвані наагул у славянскіх мовах, акрамя расейскай.
- Таму зноў спатрэбліася назваць адценьне той фарбы. Пазычылі з італьянскай: кармазын, кармазынавы — ад індыйскага слова для дубовага чарвяца.
- Шляхотны цёмна-чырвоны кармазынавы колер у ВКЛ сьведчыў пра статус яго носьбіта, выкарыстоўваўся ў сымболіцы.
- Пазьнейшы тэрмін кармін абазначаў фарбу з мэксыканскага чарвяца, але ўжываўся і як сынонім кармазыну.
- Аўтары эталёнаў сьцяга і „Пагоні“ 1991 году называюць адценьне чырвані на іх кармінавым у процівагу „савецкай“ чырвані: „алый“, „кумач“.
- Расейскі прыметнік „алый“ не перакладаецца дакладна на беларускую мову, як і „кумач“.
- У. Дубоўка заклікаў адраджаць даўнейшыя прыметнікі колеру, асабліва кармазынавы. Прапанова — называць чырвань на сьцягу кармазынам.
Дзень дзяржаўнага сьцяга БНР
Дата 8 траўня насычана памяцьцю пра эпахальную падзею 1945 году. Але памятайма таксама, што ў гэты дзень 1918 году, як піша Ўладзімер Ляхоўскі, „адмысловай камісіяй па ўвядзеньні эмблем і вонкавых знакаў пры Народным сакратарыяце БНР бел-чырвона-белы сьцяг быў канчаткова ўхвалены як «дзяржаўны сьцяг Рэспублікі»“.
Вось жа маем Дзень дзяржаўнага сьцяга БНР.
Каторыя тут чырвоныя?
Але каторы чырвоны колер мае быць на беларускім нацыянальным і дзяржаўным сьцягу? У дакумэнтах БНР няма ўдакладненьня, можна меркаваць толькі ўскосна.
Як тэхнічна падабраць адценьне — клопат колеразнаўцаў, мастакоў, праграмістаў. А мы застанемся ў межах моўнага пытаньня — як яго назваць? На жаль, дэталёвае апісаньне колераў часта рэч суб’ектыўная. У межах аднае мовы ў розны час ды ў розных людзей адзін і той самы прыметнік можа абазначаць розныя адценьні і нават розныя асноўныя колеры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паміж белым і чорным: Міхал Анемпадыстаў дасьледуе прыроду беларускага колеруКожнаму, хто бярэцца за тэму, у дапамогу выдатная праца „Колер Беларусі“ — можна сказаць, кніга жыцьця Міхала Анемпадыстава. Ён аглядае фармаваньне колеравай сьвядомасьці беларусаў творчым вокам мастака.
Міхал слушна заўважыў, што адно пэўнае слова для абазначэньня менавіта чырвонага колеру зьявілася ў нас у параўнаньні зь іншымі позна. Бо старажытны, праіндаэўрапейскі корань руд- (параўнай літ. raudon-as і ням. rot ‘чырвоны’) стаў абазначаць крыху іншы колер — сынонім рыжага, адценьняў бурага ці цынамонавага. А для чырвані як назвы базавага колеру знайшлося іншае слова.
Носьбіт цывілізацыі — чарвец
Прыметнік чырвоны — свой, спрадвечнабеларускі. І ён нясе ў сабе ўнікальную гістарычную памяць.
Міхал Анемпадыстаў рамантычна хацеў быў лічыць пачатнаю для адпаведнае фарбы назву „кроў сьвятога Яна“ ці прынамсі адрадзіць яе. Бо акурат у чэрвені, у купальскія і сьвятаянскія дні, для яе здабывалі сыравіну. Гэта наш тутэйшы чарвец Porphyrophora polonica L. („польская кашаніль“), малая паўцьвердакрылая хобатная кузурка, што жыве на каранях расьлін менавіта ў нашым рэгіёне Эўропы. Дакладней, лялечкі самак чарвяца, якіх сушаць і таўкуць.
Паводле клясычнага дасьледаваньня Б. Бэрліна і П. Кея, менавіта чырвоны ў бальшыні моваў сьвету быў трэцім базавым колерам, які пасьля белага і чорнага атрымаў асобнае імя. І слова чырвоны як назва базавага колеру ў славянскіх мовах (акрамя расейскай) — ад таго самага чарвяца. Міхал Анемпадыстаў зьвяртае ўвагу менавіта на культурна-цывілізацыйнае значэньне колеравага прарыву:
„…Гэта была адна зь першых тэхналёгіяў беларусаў. ...Гэта настолькі вялікі цывілізацыйны крок, што месяцу даецца назва «чэрвень», а колер атрымоўвае назву «чырвоны». Наш «Perfect Red» — выдатны чырвоны, які мы самі здабылі і які застаўся ўва ўсіх славянскіх культурах“.
А прыметнік чырвоны перш быў дзеепрыметнікам ад „чарвіць“ — фарбаваць чарвяцом. Быў час, калі нашымі фарбамі надавалі тканінам колер ува ўсёй сярэднявечнай Эўропе.
Porphyrophora дала назву і шостаму месяцу году: бел. чэрвень, укр. червень, польск. czerwiеc, чэск. červen; адна з старых літоўскіх назваў — kirmėlių mėnuo (‘месяц чарвяцоў’, так у Канстантына Сірвіда). Менавіта чарвец (чэрвец, чырвец) — шосты месяц у старабеларускай мове.
Чаму б не стварыць навукова-адукацыйна-турыстычны асяродак, аднавіць цыкль вырабу тае фарбы — ад збору чарвяца да фарбаваньня шляхотнае тканіны? Але, на жаль, заслужаную для беларускай і эўрапейскай культуры кузурку ў нас не дасьледуюць. Чарвяца ўключылі ў Чырвоную (названую ў яго ж гонар!) кнігу Беларусі ў 1993 годзе, але потым выключылі, бо нават невядома, наколькі ён цяпер тут пашыраны.
Каляронімы каля колераў
Выяўлены ў каляронімах (назвах колераў) вобраз сьвету не супадае ў розных мовах. Палоску цёмных колераў, якія плаўна пераходзяць адзін у адзін, ангельская мова апіша як green — blue — grey — brown, а валійская толькі трыма словамі: gwyrdd — glas — llwyd. Прычым каляронімам glas валіец назаве ня толькі сіні/блакітны, але і бліжэйшыя да яго адценьні колераў green і gray, а прыметнік llwyd будзе азначаць шэра-брунатны колер. Гэта клясычнае псыхалінгвістычнае дасьледаваньне дацкага мовазнаўцы Л. Ельмсьлева.
Пераклад назваў колераў рэдка бывае дакладным, часам немагчыма знайсьці ідэальны адпаведнік чужому каляроніму.
„Алый“ — не „пунсовы“
Прыклад — праблема перакладу на беларускую расейскага „алый“.
Там гэта цюркізм, вельмі даўні. „Алые“ былі ярлыкі (граматы), якія ардынскія ханы давалі маскоўскім васалам. Al азначаў у крымскіх татараў сьветла-ружовы колер, а ў паўночных цюркаў — зырка-чырвоны; відаць, сэмантыка расейскага слова ад апошніх. У. Даль апісвае „алый“ як ‘свѣтло-, ярко-красный; самаго густаго цвѣта розы, яркой (не золотистой) зари; багряный, багрецовый (не багровый)’. У слоўніках ХХ стагодзьдзя гэта сьветла-чырвоны, ярка-чырвоны колер.
У расейскай прыметнік „алый“ ужываецца часта. Ім апісваюць не без эмацыйнасьці (у слоўніках пазнака „трад.-поэт.“) сымбалічныя артэфакты — сьцягі, гальштукі, зьвязаныя з камуністычнай эпохай. Кожны савецкі школьнік абавязаны быў ведаць песьню „юных піянэраў“:
Мы поднимаем алое знамя.
Дети рабочих, смело за нами!
У 1924 годзе колер дзяржаўнага сьцяга СССР быў на пэўны час заканадаўча замацаваны як „красный (или алый)“.
У беларускай мове зь перакладам прыметніка „алый“ праблема. Укладальнікі клясычных слоўнікаў перадавалі яго проста „чырвоным“, дадавалі і кантэкставы варыянт „румяны“:
— румяны, чырвоны (браты Гарэцкія, 1920)
— чырвоны (Байкоў, М. Гарэцкі, 1926)
— чырвоны, румяны (Некрашэвіч, Байкоў, 1928; там жа алость — чырвань, алеть — чырванець)
Толькі Вацлаў Ластоўскі (1924) атаясаміў рас. „алый“ зь бел. пунсовы: „сьветла-, ярка-чырвоны; пунсовы; пунсавець, станавіцца ярка чырвоным; пунсалікі — чырвонааблічны, чырвонатвары. Пучкі ружы ўжо пунсавеюць. Пунсавее дакуль маладзее“.
Думаю, выбітны моватворца не адчуў звужэньня сэмантыкі расейскага слова пасьля Даля. Па-расейску „алые“ і „пунцовые“ шчокі кажуць пра гаспадара рознае: „алые“ — румяныя, здаровага колеру, „пунцовые“ — чырвоныя ад сораму ці хваляваньня. Па-беларуску пачырванелы ад сораму ці нездароўя твар натуральна назваць пунсовым. Але проста скура здаровага колеру не пунсовая.
У кожным разе камуністычныя сьцягі, піянэрскія гальштукі ў БССР 1920-х гадоў зваліся проста чырвонымі.
Макдональдс — Нanes red, мак-відук — пунсовы
Іншы расейскі „чырвонім“ — „пунцовый“ — ідэалягічна ня так афарбаваны. Лічыцца, што ён, як і беларускі пунсовы, ад польскага ponsowy (pąsowy), а той у сваю чаргу ад францускага ponceau ‘Papaver rhoeas; відук, мак-самасейка’. Колер у расейскай шкале выразна цямнейшы за „алый“ (‘ярко-, густо- или темно-алый, темно-багряный, багровый’ у Даля, ‘ярко-красный; багровый’ у слоўніках сучаснай расейскай літаратурнай мовы).
Калі беларускі прыметнік пунсовы, з аднаго боку, зьвязаны з колерам кветак відуку, а з другога — ня надта розьніцца значэньнем ад расейскага „пунцовый“, то пераклад рас. „алый“ як „пунсовы“ прынамсі недакладны.
Пралетарская кітайка
У расейскай мове яшчэ ёсьць каляронім для чырвонага — „кумач“. Таксама цюркізм. На пачатак ХХ стагодзьдзя азначаў у расейскай мове баваўняную тканіну простага перапляценьня і „алого“ (у Даля) ці зырка-чырвонага (у пазьнейшых слоўніках) колеру.
У камуністычнай Расеі слова „кумач“ стала сынонімам чырвоных сьцягоў, лёзунгаў, абрусоў для партыйных сходаў, наагул ідэйна правільнай чырвані. Але ў беларускай мове савецкае Беларусі 1920-х яно было рэдкім. Лексыкографы перакладалі яго словам „кітайка“, бо на пачатак ХХ стагодзьдзя абодва словы абазначалі простую тканіну чырвонага колеру. Але ў прапагандысцкім кантэксьце замена расейскага „кумача пролетарских знамён“ на „кітайку“ была немагчымая.
Тым часам расло ідэалягічнае напружаньне вакол моўных пытаньняў, асабліва перадачы па-беларуску камуністычных тэрмінаў і прапагандысцкіх штампаў. Ужо ў сумнавядомым слоўніку 1937 году Андрэй Александровіч перакладае рас. „кумач“, нядоўга думаючы, як „кумач“, а „алый“ — як „пунсовы“ (хоць Вацлаў Ластоўскі, аўтар прапановы, ужо быў рэпрэсаваны як буржуазны нацыяналіст). Нарэшце зьяўлялася поўная міжмоўная адпаведнасьць ідэалягічна правільных каляронімаў.
У несавецкай Беларусі „кумач“ ужывалі як экзатызм:
Дзякуй бальшавіком, што яны паміж іншымі рэчамі зьніштожылі й чарвоны кумач, а то-бы ў нас прававерныя ад маскоўскага соцыялізму насілі-б маскоўскія чарвоныя рубашкі, —
кпіў пра савецкі дэфіцыт тавараў у 1923 годзе Янка Станкевіч.
Бáгра — ня барва
Шкада, што ў нас адкладзены ў далёкую шуфляду сакавіты каляронім бáгра. Слоўнікі яго тлумачаць як ‘густа-чырвоны, пурпуровы колер’ (ТСБМ), ‘пурпур’ (Байкоў і Некрашэвіч), вочны пігмэнт „зрительный пурпур“ слоўнікі Інстытуту беларускае культуры называлі зрокавая багра. Гэта у беларускай мове сваё слова, а не царкоўнаславянізм, адрозна ад словаў у расейскай і ўкраінскай.
Багра ёсьць у гаворках: у Івана Насовіча гэта ‘пурпуровая фарба’, а багравізна — ‘пляма ад удару на целе’. У Коласа: „Зь яго твару, афарбаванага баграю агнёў, ня сходзіць усьмешка“ — у густа-чырвоным, пурпуровым колеры ёсьць агністая нота.
Але ў ХХ стагодзьдзі гэтае колеравае значэньне пераняў іншы прыметнік — барвовы (і аднакаранёвыя барвяны, барвісты, барвяністы ).
Аднак у старабеларускай мове барва абазначала колер наагул: „Барва яго чорна“; „Тканы з усіх чатырох барваў“. Гэта германізм, з XV ст., ад сярэдневерхненямецкага varwe. (Адтуль жа і фарба, але слова пазычана ў іншы час.)
Другое значэньне „барвы“ — ‘вопратка з каштоўнай тканіны; шата, плашч; уніформа’: „Маскалём, што на плытах прыехалі вадою, барву правадзілі да палкоў, купілі хлеба“ (1710) — г. зн. прыплылых з усходу вайсковых забясьпечылі і ўніформай, і правіянтам (што ім, відаць, спадабалася, і ўрэшце яны засталіся назаўсёды).
Барваю называлі і кутро (ворсу) на дарагой фарбаванай тканіне. У даўніну барвовы, барвяны — гэта і ‘каляровы’, і ‘кутрысты/варсісты’):
чуга сукна люнскага блакітнага ізь пятліцамі барвяная (1582) — значыць каптан лёнданскага сукна, варсісты.
І ў ХХ стагодзьдзі слова барвісты ў клясыкаў — Міхася Зарэцкага, Максіма Гарэцкага — азначае ‘насычаны колерам’. У аповесьці Гарэцкага „Дзьве душы“ барвісты кляновы лісьцік, які Іра падаравала Абдзіраловічу, быў жоўты!
Паводле „Беларуска-расейскага слоўніка“ Міколы Байкова і Сьцяпана Некрашэвіча (1925 год), бел. барвісты адпавядае расейскаму „ярко окрашеный“. А беларускае барвяны перакладаецца на расейскую як „румяный“, г. зн. яно толькі пра колер твару.
Аднак ужо ў 1928 годзе тыя ж Некрашэвіч-Байкоў перакладаюць рас. „багровый“ беларускімі цёмначырвоны, барвісты, барвяны. Хоць расейскія „румяный“ і „багровый“ азначаюць зусім розны колер твару і стан чалавека.
У пасьляваенную пару слова барва і вытворныя канчаткова зьвязаліся з густа-чырвоным. Караткевіч любіў прыметнікі з барвай, якую лічыў чырваньню, у яго і апавяданьне пра „Барвяны шчыт“ — колеру крыві.
Як значэньне магло так зрушыцца? Відаць, выраз „барва на скуры, на твары“ (параўн. рас. „краска бросилась в лицо“) успрымаўся як апісаньне канкрэтнага колеру. Падобна тлумачыцца зьмена значэньня слова красный у расейскай прыблізна ў XVI ст.: ад ‘прыгожы, здаровы’ (напр., колер твару) да ‘чырвоны’.
І мо шукалі адпаведнік расейскаму гнязду назваў колераў — багровый, багряный. Нішу запоўніла слова барвовы — з новым значэньнем. А старыя назвы шляхотных чырвоных, якія збліжаюць беларускую мову зь іншымі эўрапейскімі, былі адсунутыя на пэрыфэрыю мовы.
Кузурка свая, а колер экзатычны — кармазынавы
Слова чырвоны стала ўнівэрсальнаю назваю колеравай катэгорыі. Але адценьне фарбы таго самага чарвяца трэба было называць дакладна. І нашыя продкі пазычылі новае слова.
Абазначала яно бізнэс-канкурэнта нашай кузуркі — дубовага чарвяца зь Міжземнамор’я, Паўднёвага Каўказу і Пэрсіі. Бо на вялікай прасторы Эўропы і Азіі чырвоную фарбу выраблялі з чарвяца некалькіх відаў.
Этымалягічна слова таго самага кораня. Санскрыцкае kr̥mi-jā — ‘з чарвяца здабытая’ фарба, (параўн. літоўскае kirmis ‘чарвяк’), арабскае qirmizī, якое далей пазычылі цюрскія мовы (напр. крымскатат. qırmızı ‘чырвоны’) і раманскія: у сярэднявечнай лаціне cremesinus, у італьянскай carmisino. Адтуль яно і прыйшло ў іншыя эўрапейскія мовы, у тым ліку ў ангельскую (crimson). Наша ж фарба вярнулася да нас на італьянскіх тканінах, а зь імі прыйшло слова кармазын ‘тонкае сукно цёмна-чырвонага колеру’, прыметнік кармазыновы.
На пісьме словы ў нас фіксуюцца з XVI стагодзьдзя:
„Жупан чырвоны адамашкавы, кармазыноваю бурнатнаю кітайкаю падшыты“ (1582).
Але, відавочна, іх ўжывалі і раней — таксама як сынонімы статусу і заможнасьці: кармазыновая шляхта. Гэтае ж адценьне чырвані — на даўніх харугвах.
(У расейскай мове фарба — „кошениль“, з францускай, а там ад лацінскага coccus ‘ягада, зернетка’, таксама лялечка дубовага чарвяца. Даль у артыкуле пра „кошениль“ не прамінуў нагоды ўбрыкнуць нашу кузурку — „плохой видъ червца, польскій, собирается у насъ, в южн. зап.“ — г. зн. ва Ўкраіне і Беларусі).
Кармазын, сынонім — кармін
Слова кармін у старабеларускай мове не было, яно і ў заходніх мовах замацавалася даволі позна, калі сыравіну для фарбы зь мясцовага чарвяца выціснула заморская — з Dactylopius coccus, мэксыканскай кактусавай кузуркі. Францускае carmin таго ж паходжаньня, што і carmesin. У бальшыні кантэкстаў кармазынавы і кармінавы выступаюць як сынонімы.
Але я добра разумею Ўладзімера Дубоўку, чалавека неабыякавага да моўнага колерапісу, які моцна хацеў адрадзіць да новага жыцьця менавіта прыметнік кармазынавы.
У праграмным артыкуле „Пра нашу літаратурную мову“ (Узвышша, № 2, 1927) Дубоўка, заклікаючы ўзбагачаць яе словамі з гаворак, старабеларускай мовы і прафэсійных арго, як прыклад прыводзіць акурат каляронімы:
„Прыгледзьцеся, падумайце, — колькі пашыраных слоў маем мы? — Чырвоны, сіні, жоўты, блакітны, зялёны, шэры, белы: восем колераў. У апошнія часы пайшлі ў ход: пурпуровы, лілёвы, пунсовы, рэдка — ірдзелевы і кармазынавы. Да чаго гэта вядзе? А да таго, што ў вершах і неба сіняе і вочы сінія, і туга сіняя і журба сіняя і… нямаведама што яшчэ сіняе… Або яшчэ які колер. А вось адценьняў і няма, у той час, калі ў народнай мове гэтыя адценьні ёсьць“.
Пяць з названых Дубоўкам колераў адносяцца да групы чырвонага. І мушу сказаць, што і аўтар закліку, і ягоныя сучасьнікі сёе-то зрабілі для іх адраджэньня ў паэтычным слоўніку:
Ведаеш добра: ты вельмi прыгожая,
вусны твае кармазынам асмужаны.
Вочы нянацкам жыцьцё устрывожылi
i агарнулi сукрыстасьцю кужалю...
(У. Дубоўка. „Кармазынам асмужаны...“)
А ў душы кармазынавы росквіт, як сьцежкі, зарой
апавіты... (П. Трус. „Ой, ня яснага сокала крыльле“)
У Насовіча, у Некрашэвіча і Байкова яшчэ кармазыновы. Але літаратурная практыка, пачынаючы з 1920-х гадоў, аддала перавагу варыянту кармазы́навы.
Заклік У. Дубоўкі паўтарае дасьледнік яго мовазнаўчай спадчыны лінгвіст Уладзімер Куліковіч: „Думаецца, і сёньня слоўка кармазынавы з посьпехам можна выкарыстоўваць для называньня адценьняў чырвонага колеру“.
„Чырвонімы“ на запас
Да Дубоўкавага пераліку трэба дадаць старабеларускія абазначэньні чырвонай гамы: чырвонабарвяны, бураковы, макавы, для конскай масьці — ня проста гнеды, а збурагнеды...
Запамінальны прыметнік шкарлатны (або шкарлятны), колер цёмна-чырвонай тканіны, блізкі да таго, які цяпер прынята называць пурпурам. Ян Станкевіч так і перакладае на расейскую: шкарлат — „пурпур“. Назва хваробы шкарлятына таго ж кораню, ад лац. febris scarlatina (‘шкарлятная гарачка’), апісвае колер языка. Этымалягічна роднасны шкарлату ангельскі прыметнік scarlet, але ён азначае ярка-чырвоны (ясна-чырвоны) колер.
Кармазынавы рэгіён
Тры суседнія народы, якія разам з намі ўваходзілі ў балта-чарнаморскую прастору ВКЛ і Рэчы Паспалітай, маюць чырвань на сьцягах.
На дзяржаўным сьцягу незалежнай Польшчы ў 1921 годзе яе апісалі як karmazyn, але ў 1927 годзе памянялі на сьвятлейшы cynober (па-беларуску цынобра або кінавар). Так і было да 1980 году, калі вярнулі цямнейшую чырвань.
Адценьні колераў дзяржаўнага сьцяга Літвы зафіксавалі толькі пры яго аднаўленьні ў 1989 годзе: „...чырвоны, блізкі да пурпуровага (raudona, artima purpurinei)“.
Асноўны колер сьцяга Латвіі апісаны ўва ўрадавым дакумэнце 1922 году: „tumši sarkana (karmin)“ = цёмна-чырвоны (кармін).
Як бачым, усе гэтыя адценьні — густой чырвані.
Чырвань на нашым сьцягу
Ініцыятары вяртаньня Пагоні і нацыянальнага сьцяга на ролю дзяржаўных сымбаляў у 1991 годзе, і я ў тым ліку, адценьне чырвані грунтоўна абмяркоўвалі. Пагаджаліся, што трэба адмежавацца ад савецкай чырвані, ад „алых галстуков“ і „кумача“, а браць за ўзор уласную традыцыю.
Таму выбіралі сярод густых чырвоных адценьняў. Колер паласы на сьцягу мае быць ідэнтычны колеру шчыта Пагоні. Зьвярнуцца да гістарычных эталёнаў было складана: апісаньні колераў прыблізныя, колеры тэкстыльных і друкарскіх фарбаў з часам зьмяняюцца. Тым ня менш змаглі.
Пра назву колеру паласы на сьцягу я перапытаў дваіх аўтараў эталёнаў дзяржаўных сымбаляў узору 1991 году (Яўгена Куліка, на жаль, ужо няма сярод нас).
Мастакі Ўладзімер Крукоўскі і Мікола Купава адназначна называюць кармінавы. Сп. Крукоўскі кажа пра „насычаны“, „энэргічны“ кармін, а сп. Купава — пра „аблегчаны“ кармін. У іншым інтэрвію М. Купава ўспамінае: „Мы нават запрашалі спэцыялістаў суконнага заводу, каб яны вырабілі тканіну менавіта такога колеру, які быў неабходны. А ён быў не аранжавы, не ружовы, як можна ўбачыць цяпер, а менавіта сьветла-бурачны“.
Здавалася б, гама варыянтаў вызначана даволі дакладна. Але вось Стандарт Рэспублікі Беларусі „Сьцяг дзяржаўны Рэспублікі Беларусь. Агульныя тэхнічныя ўмовы АКП 815 773“, РСТ Беларусі 911–91, меў дзейнічаць з 1 красавіка 1992 г. па 1 красавіка 1997 г. Пункт 1.2.9:
„Чырвоная паласа сцяга павінна быць аднаго з наступных колераў: 110506, 110607, 110608, 120506, 120507, 120606, 120608, 130506, 12070, 130606, 130607, 130708 згодна з Атласам колераў УІАлегпрома ад 1986 г.“.
Загадкавы „УІАлегпрома“ — гэта „Всесоюзный центр развития ассортимента товаров лёгкой промышленности, моды и культуры одежды“, які даўно сышоў у нябыт разам зь іншым „всесоюзным“ дабром. І нават адшукаўшы той атляс, ня мецьмем гарантыі ад скажэньня колераў у ім. А пералічаныя на выбар ажно 12 даўно забытых кодаў абазначаюць вельмі розныя колеры — і „агністы“, і „чырвоны мак“, і „крывавы“... Гэта, вядома, не спрыяла аднастайнасьці выгляду дзяржаўнага сьцяга.
Што ж, насьпела патрэба спрычыненым да вырабу тых эталёнаў сабрацца — разам з кампутарнымі гуру і з вытворцамі тэкстыльных вырабаў — каб удакладніць некалі выбраны колер (ці дастаткова вузкі дыяпазон колераў), вызначыць яго месца ў сучасных калярымэтрычных сыстэмах. І назваць. Мая прапанова — кармазынавым.