Караван сьмяротных прысудаў у Беларусі не спыняецца, — экспэрт

Андрэй Палуда

У 2015 годзе колькасьць пакараных сьмерцю — большая, чым у які іншы год за апошнія чвэрць стагодзьдзя, адзначаецца ў штогадовай справаздачы праваабарончай арганізацыі Amnesty International. А ў які бок мяняецца статыстыка сьмяротных пакараньняў у Беларусі, якая застаецца адзінай у Эўропе краінай, дзе іх надалей ужываюць? Праваабаронца «Вясны», каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супроць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда зазначае, што нават мараторый на сьмяротную кару ў Беларусі застаецца пакуль недасяжнай марай.

— Пабачыўшы справаздачу Amnesty International аб сытуацыі зь сьмяротным пакараньнем у сьвеце ў 2015 годзе, адзначу, што ў Беларусі, вядома, не такое драматычнае становішча, як у Кітаі ці Паўночнай Карэі. Але прагрэсу ў нас ня бачна — гэта галоўнае. Адзначана, што летась у Беларусі было вынесена два сьмяротныя прысуды, але ніводнага з ранейшых не было выканана. Што два было вынесена за год — гэта сапраўды так, але ўсё ж магчыма, што летась быў выкананы сама меней адзін сьмяротны прысуд. Гэта прысуд Эдуарду Лыкаву. У нас найвялікшая праблема яшчэ ў тым, што выкананьне прысудаў застаецца таямніцай, пра гэта становіцца вядома толькі пасьля выкананьня ад сваякоў, а калі сваякоў няма, дык ніхто нікому нічога не паведамляе. Вось гэтак і з Лыкавым. У нас ёсьць непацьверджаныя зьвесткі, што яго ўжо расстралялі, але ніхто афіцыйна нічога ня кажа. То бок інфармацыя, якая ёсьць у гэтай справаздачы Amnesty International адносна Беларусі, можа быць адна, а ў рэальнасьці яна іншая — і, хутчэй за ўсё, горшая.

— Нядаўна апэляцыйны суд разглядаў скаргу Івана Куляша, які быў асуджаны на сьмерць за тры забойствы, і нечакана асуджаны сам папрасіў для сябе выкананьня сьмяротнай кары. Ці можа быць гэтак, што ўмовы, у якіх утрымліваюць асуджаных на сьмерць у Беларусі, абыходжаньне зь імі падштурхоўваюць іх да такой пазыцыі?

— Сытуацыя сапраўды досыць дзіўная. Наша зьдзіўленьне зьвязанае з тым, што напярэдадні ён напісаў сваякам, што вось зараз ён усё распавядзе, што было зь ім насамрэч. Што ён прызнаваў забойства адной жанчыны-прадавачкі, а пра два іншыя забойствы казаў, што іх на яго «навесілі» сьледчыя. І таму, калі ён гэтак павёў сябе ў судзе, што папрасіў сам для сябе сьмяротнага пакараньня, шмат хто быў зьдзіўлены і са сваякоў, і з праваабаронцаў, якія прыйшлі ў суд. Пасьля гэтага праз два дні ў яго былі сваякі на спатканьні ў СІЗА, і ён сказаў, што сам гэтак вырашыў. Маўляў, як ёсьць, гэтак і ёсьць, а той чалавек, які зьдзейсьніў астатнія злачынствы, ён усё роўна пападзецца. А пра сябе сказаў, што з прысудам звыкся і калі б быў перагляд справы, дык ён ужо ня вытрымае фізычна і маральна. Таму, маўляў, хай мяне расстрэльваюць. Сваякі нібыта пыталіся ў яго, можа, быў які фізычны ці маральны на яго ціск. Але ён адказаў, што не, гэта толькі ягонае рашэньне. Вядома, мы ня можам зразумець, што ў галаве ў чалавека ў такім становішчы, ня можам зразумець, што ўвогуле адбываецца там, за сьценамі той турмы для сьмяротнікаў. Але, як мне падаецца, проста ў чалавека ў такім стане зламаная воля да жыцьця.

— Якая сытуацыя з разглядам іншых апэляцыйных скаргаў асуджаных на сьмерць? Ці ёсьць пэўнасьць, ці зноў справы адкладаюць на нявызначаны тэрмін?

— Не, у Вярхоўным судзе вызначыліся. Літаральна ў пятніцу, 8 красавіка будзе разгляд апэляцыі Генадзя Якавіцкага, гэта справа зь Вілейкі. Гэта першы зь сьмяротнікаў, асуджаных на пачатку году. І на пачатак траўня ўжо прызначаны апэляцыйны суд па справе Сяргея Хмялеўскага, гэта другі такі прысуд з пачатку году. Але, мяркуючы па абвешчаных да разгляду ў судах крымінальных справах, хутка могуць быць і іншыя сьмяротныя прысуды. Такім чынам, на сёньня мы маем усяго 4 сьмяротныя прысуды, зь іх 2 вынесеныя ў пачатку гэтага году, і яны яшчэ не прайшлі апэляцыю. І не выключаю, што да канца году гэтая статыстыка можа пагоршыцца.

— Два тыдні таму ў Менску прайшла прадстаўнічая міжнародная канфэрэнцыя па праблеме адмены сьмяротнага пакараньня. Ці наблізілася Беларусь хаця б на крок да адмены сьмяротнай кары або да мараторыю на яе?

— Адносна гэтай канфэрэнцыі было шмат спадзяваньняў, але пакуль, па вялікім рахунку, нічога ж не зьмянілася, акрамя таго, што нарэшце вызначыліся з апэляцыямі, якія ўсё адкладалі. Як ішоў гэты сумны караван сваім шляхам, ён гэтак і ідзе, нягледзячы на такія захады, як заклікі вядомых і ўплывовых асобаў з Эўразьвязу. Вядома, гэта не адразу мяняецца, ня варта чакаць хуткіх зьменаў у стаўленьні да сьмяротнага пакараньня. Размовы, перамовы — гэта таксама лепш, чым нічога ўвогуле. Але нашы чыноўнікі ўмеюць і любяць казаць гэтак, каб усім было прыемна, але як даходзіць да спраў, дык іх няма. Маглі б выканаць хоць адно рашэньне Камітэту правоў чалавека ААН адносна Беларусі, ці што яшчэ. Але пакуль, акрамя размоў, нічога рэальнага няма.