У Горадні подпісы на праверку здалі толькі чатыры з васьмі ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта.
Паводле назіральніка за выбарамі ад БХК Рамана Юргеля, сёньня на паседжаньні гарадзкіх акруговых камісій было абвешчана, што ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі сабрала 64 468 подпісаў, за Віктара Цярэшчанку сабралі 11491, за Сяргея Гайдукевіча – 5944, за Тацяну Караткевіч – 3223.
Юргель зьвяртае ўвагу, што пікеты па зборы подпісаў за Тацяну Караткевіч і Аляксандра Лукашэнку на вуліцах Горадні стаялі амаль штодня, а за Цярэшчанку і Гайдукевіча пікетаў наагул не праводзілі. Хутчэй за ўсё, паводле правабаронцы, гэтыя каманды абыходзілі кватэры.
На падставе здадзеных подпісаў у Горадні праваабаронца робіць выснову, што пасьведчаньне кандыдатаў могуць атрымаць толькі чатыры прэтэндэнты.
— Думаю, што ў іншых не было належных камандаў для збору подпісаў і неабходных рэсурсаў. Відавочна, таму найперш яны і вырашылі не здаваць свае нешматлікія подпісы. Але цікава, што нават у гэтай сытуацыі наглядальнікаў не дапусьцілі прысутнічаць пры праверцы подпісаў, спаслаўшыся на выбарчае заканадаўства. Хаця ў выбарчым заканадаўстве наўпрост такой забароны няма. Значыцца, і гэтыя подпісы будуць спраўджваць негалосна ў закрытым рэжыме.