Ганна Канапацкая паведаміла Свабодзе, што падчас пасяджэньня камісіі па эканамічнай палітыцы яна вылучала сваю кандыдатуру на пасаду намесьніка старшыні камісіі.
«Аднак калегі мяне не падтрымалі, —сказала яна. — Мне далі зразумець, што, па-першае, ужо ўсё вырашана, хто павінен быць намесьнікам, па-другое, сказалі, што ў мяне яшчэ не хапае досьведу для гэтай працы».
У выніку намесьнікамі старшыні эканамічнай камісіі выбралі Сяргея Брыча, Аляксея Сокала і Сяргея Зямчонка.
Пра свае найліжэйшыя пляны Ганна Канапацкая сказала наступнае:
«Ну ня выбралі і ня выбралі. Буду працаваць звычайным дэпутатам. Як я зразумела, зараз мы пачнём працу над тымі законапраектамі, якія засталіся ад дэпутатаў папярэдняга 5-га скліканьня. Сваёй асноўнай задачай на гэты момант я бачу выключэньне з Крымінальнага кодэксу палажэньня аб ілжэпрадпрымальніцтве».
Што тычыцца Алены Анісім, яна сказала, што не вылучала сваёй кандыдатуры на пасаду намесьніка старшыні камісіі і спакойна ўспрымае тое, што яна застаецца звычайнай дэпутаткай.
«Мы пакуль сёньня не абмяркоўвалі найбліжэйшых плянаў, але ў мяне ёсьць галоўнае, над чым я гатовая працаваць кожны дзень: прыняцьце закону аб падтрымцы беларускай мовы», — сказала Алена Анісім.