Чаму беларускае кіраўніцтва зьмяніла стаўленьне да пярэчаньняў Літвы адносна пабудовы Беларускай АЭС? Ці мае гэты праект эканамічную абгрунтаванасьць? Ці можна сказаць, што яшчэ ня позна спыніць будаўніцтва АЭС у Астраўцы?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і экспэрт у справах экалёгіі і энэргетыкі, сябар рады руху «За свабоду» Юрась Меляшкевіч. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прапанаваў амбасадару Літвы, які пакідае Беларусь, «разам падумаць», як эксплюатаваць Беларускую АЭС. Лукашэнка заявіў, што Беларусь магла б пастаўляць электрычнасьць у Літву па прымальных цэнах, а таксама прыцягнуць спэцыялістаў з Ігналінскай станцыі ў Літве для працы ў Астраўцы. Раней беларускі бок ставіўся да літоўскіх пратэстаў супраць будоўлі Беларускай АЭС даволі паблажліва. І вось такая зьмена. Чым яе можна патлумачыць?
Казакевіч: Пакуль што мы ня бачым афіцыйнай зьмены пазыцыі Беларусі. Пакуль гэта толькі выказваньне Лукашэнкі, якое ні да чога сур’ёзнага не абавязвае. Але Беларусь так ці іначай зацікаўленая ў тым, каб праблема пабудовы АЭС ня стрымлівала разьвіцьцё стасункаў Беларусі і Літвы, Беларусі і Эўропы. Літва цяпер даволі шмат робіць, каб узьняць гэтае пытаньне на рэгіянальны і нават агульнаэўрапейскі ўзровень. Гэта не ў інтарэсах афіцыйнага Менску, і ён зацікаўлены, каб градус дыскусіі і процістаяньня тут быў зьменшаны.
Стратэгічна Літва — вельмі важная краіна з пункту гледжаньня эксплюатацыі станцыі. Таму асноўныя моманты Лукашэнка і абазначыў — Беларусь можа прыцягнуць спэцыялістаў з Ігналінскай станцыі, а таксама Менску патрэбны рынак збыту электраэнэргіі.
Цыганкоў: Беларусь баіцца меркаваньня Вільні як уласна толькі Літвы? Ці баіцца таго, што да меркаваньня Літвы могуць прыслухацца іншыя краіны Эўразьвязу, у пераважнай большасьці якіх ядзерная энэргія даўно ўжо не шануецца?
Казакевіч: І першае, і другое. Беларусі важна мець добрыя стасункі зь Літвой як суседняй краінай. А тое, што Вільня ўздымае гэтыя пытаньне на эўрапейскім узроўні — гэта можа значна ўскладніць пэрспэктывы адносінаў Беларусі і ЭЗ. Тым больш што ў Літве гэтае пытаньне вельмі моцна палітызаванае, актыўна ўключанае ў унутрыпалітычную барацьбу, становіцца ўсё больш уразьлівым.
Да таго ж зноў нагадаю, што пасьля пабудовы АЭС паўстане пытаньне продажу электраэнэргіі, магчымасьці прадаваць яе ў Літву і іншыя краіны ЭЗ. Некаторыя экспэрты нават кажуць, што гэта ці не адзіная магчымасьць зрабіць пабудову Беларускай АЭС эканамічна абгрунтаванай.
Цыганкоў: Беларускае незалежнае грамадзтва пераважна выступае супраць пабудовы АЭС. Але адны супраць атамнай станцыі ў прынцыпе, іншыя — супраць гэтага канкрэтнага расейскага праекту. Юры, якая ваша пазыцыя і ці можна нешта сёньня зрабіць тым, хто называе сябе праціўнікамі пабудовы АЭС?
Меляшкевіч: Я належу да тых экспэртаў, якія лічаць, што атамная станцыя нам у прынцыпе не патрэбная. Мы краіна, якая мае энэргапрафіцытную энэргасыстэму.
У нас рэзэрвовыя магутнасьці дазваляюць выпрацоўваць больш энэргіі, чым патрэбна. Да таго ж у нас вельмі мала разьвіваюцца ўзнаўляльныя кірункі энэргетыкі. Для краіны, якая пацярпела ад Чарнобыля, атамная энэргетыка — ня той кірунак, які быў бы бясьпечным і ўстойлівым спосабам разьвіцьця энэргасыстэмы.
Цыганкоў: Многія кажуць, што ўжо нічога ня зробіш. Але гісторыя кажа, што ў Эўропе часам спынялі будаўніцтва амаль гатовых АЭС...
Меляшкевіч: Так, гэта нармальная зьява. Калі АЭС застаюцца нават у стадыі пабудаванага рэактарнага адсеку. У сьвеце недабудаваных АЭС даволі шмат. Таму, калі заходзіць размова пра Беларускую АЭС — то гэты праект можна спыніць на любым этапе, нават калі будзе выраблены сам рэактар. Гэта не праблема.
Праблемы паўстаюць іншага парадку — эканамічныя аспэкты эксплюатацыі АЭС. Гэта ж не цеплавая станцыя, гэта зусім іншы паводле тэхналягічнага ўзору аб’ект. Ён патрабуе стабільнай аддачы энэргіі, інакш ён будзе працаваць у небясьпечным рэжыме. Беларуская энэргасыстэма не такая вялікая, як у Нямеччыне ці Расеі, дзе ёсьць рэзэрвовыя магутнасьці, якія дазваляюць у выпадку экстрэмальнага адключэньня станцыі гэты недахоп пакрыць.
А Беларуская АЭС, калі будзе запушчаная — то нават адзін блёк АЭС будзе моцна дысбалянсаваць усю сыстэму. І трэба будаваць другі атамны рэактар і ставіць яго побач. Зыходзячы з гэтага, мы разумеем, што маштаб праекту будзе ўзбуйняцца, складанасьці з пошукам рынкаў збыту будуць нарастаць. Праект будзе набываць такія памеры, калі эканамічна яго падтрымліваць будзе вельмі цяжка, а тэхналягічныя рызыкі будуць расьці вельмі істотна.
Цыганкоў: Андрэй, вы казалі пра тэарэтычную магчымасьць продажу энэргіі зь Беларускай АЭС у Літву. Але Літва — сябра ЭЗ, і яна працягвае інтэгравацца ўва ўсе праекты і структуры Зьвязу, у тым ліку энэргетычныя. Ёсьць праекты, згодна зь якімі швэдзкія АЭС будуць пастаўляць у Літву электраэнэргію. Навошта Літве беларуская электраэнэргія?
Казакевіч: Пытаньне стаіць ня толькі пра Літву, але і пра іншыя балтыйскія краіны. Я думаю, калі зьняць усе палітычныя аспэкты, то гэта найперш пытаньне коштаў. Калі беларусы здолеюць прадаваць электраэнэргію таньней за іншых, то чаму б яе тут і не закупляць? Але, сапраўды, існуюць праекты пабудовы адпаведных энэргетычных сетак са Скандынавіі, і яны будуць рэалізоўвацца.
Цыганкоў: Як на гэтым фоне ўвогуле выглядае ідэя пабудовы АЭС? Пра што думала беларускае кіраўніцтва, калі прымала гэтае рашэньне? Яны, відавочна, хацелі забясьпечыць энэргетычную незалежнасьць Беларусі, але з таго часу ўсё зьмянілася, у тым ліку зьменшыліся цэны на газ і нафту.
Меляшкевіч: Што было наўме ў беларускага кіраўніцтва ў момант прыняцьця гэтага рашэньня — мне цяжка сказаць. Рашэньне было цалкам валюнтарысцкае і дыктавалася нейкімі ўнутранымі прычынамі. Ёсьць такая праграма ў Польшчы, якая зьвязаная з абавязкамі Польшчы скараціць выкіды па СО2, у сувязі з чым будзе паступова зьмяншацца доля вугальных станцыяў у энэргетыцы Польшчы. Таму адна з ідэяў была — прадаваць беларускую электраэнэргію на вялікі рынак Польшчы. Але гэта такая нерэальная мара, бо Польшча ўваходзіць у Эўразьвяз, мае добрыя стасункі зь Нямеччынай, і праблемаў з энэргіяй там няма.
Таму разьлік быў на наступнае — балтыйскі рынак, польскі рынак, плюс надзея на тое, што будзе расьці беларуская эканоміка і, адпаведна, будзе расьці энэргаспажываньне. Але рэальнасьць дыктуе іншае. Я думаю, будучыня гэтага праекту сумная — хутчэй за ўсё, яго замарозяць, і я буду толькі рады, калі ён цалкам сыдзе.
Казакевіч: Мне падаецца, што станцыю ўсё ж дабудуюць — бо такія вялікія грошы ўжо былі ўкладзеныя. Гэта доўгатэрміновы праект. Цяжка сказаць, як будзе выглядаць энэргетычны рынак праз 5–10 гадоў, якія будуць цэны на газ і нафту, якая будзе структура спажываньня энэргіі. Будзе скарачацца транспарт, які езьдзіць на паліве, будзе больш электрамабіляў — і гэта можа паўплываць на энэргетычны рынак.
Хоць, вядома, рызыкі эканамічнай абгрунтаванасьці і мэтазгоднасьці гэтай станцыі — вядома, ёсьць.