Базавая велічыня ў Беларусі ад 1 студзеня 2018 году будзе павялічаная зь цяперашніх 23 рублёў да 24 рублёў 50 капеек. Свабода падлічыла, як зьменяцца штрафы за палітычныя, каляпалітычныя і часам апалітычныя дзеяньні на падставе вынікаў судоў 2017 году.
Праехаць у аўтобусе, не аплаціўшы праезд — 0,5 базавай велічыні — 12 рублёў 25 капеек.
Крычаць шэптам — 3 б.в. — 73 рублі 50 капеек.
Пахаваць ахвяраў «Віцебскіх курапатаў» або абражаць байкераў на форумах — 5 б.в. — 122 рублі 50 капеек.
Паўдзельнічаць у акцыі пратэсту або правесьці несанкцыянаваны ўрок гісторыі — 5–50 б.в. (але здараюцца нават па 1 б.в.) — ад 122,5 да 1225 рублёў.
Абразіць беларускую мову — 4–10 б.в. — 98–245 рублёў.
Узьняць бел-чырвона-белы сьцяг на канцэрце, сфатаграфавацца з Рымашэўскім або рэпостнуць відэа анархістаў — 10 б.в. — 245 рублёў.
Патрымаць мікрафон «Белсату», наляпіць на слуп налепку або ўскласьці кветкі на магілах дэпутатаў Вярхоўнага Савету — 25 б.в. — 612,5 рублёў.
Зьняць сюжэт для «Белсату» — 15–50 б.в. — 367,5–1225 рублёў.
Зьбіць падлетка, калі ты міліцэйскі начальнік — 30 б.в. — 735 рублёў.
Патрымацца за бел-чырвона-белы сьцяг або «выправіць» спрэчны мурал — 50 б.в. — 1225 рублёў.