Калядаваньне ня 7-га, а 8 студзеня, пяціканцовая зорка й царкоўныя песьні на ўкраінскай мове — так традыцыйна сьвяткуюць Каляды ў вёсцы Вярховічы Камянецкага раёну, на самым паўднёвым захадзе Беларусі на памежжы трох краін: Беларусі, Польшчы й Украіны. Свабода зьезьдзіла за 400 км ад Менску.
«Казы няма, а зорку бацюшка дазволіў»
«Адразу папярэджу вас, што мы калядуем без казы, толькі з зоркай», — папярэджвае па тэлефоне Жанна Салфетнікава, кіраўніца мясцовага дому культуры.
Жанна Леанідаўна пераехала ў Вярховічы 30 гадоў таму. Але ўжо з тых часоў памятае мясцовае калядаваньне менавіта ў такім выглядзе, як яно захавалася тут сёньня.
Пра царкоўнае калядаваньне без інсцэніровак узгадвае й Ніна Шпак — 86-гадовая бабуля. Яна — самая старэйшая ў царкоўным хоры пры мясцовай царкве. Менавіта жанчыны з гэтага хору праводзяць калядаваньне.
«З 1947 года я памятую, як мы калядавалі, — узгадвае Ніна Канстанцінаўна. — І ніколі нам гэтага забаранялі, царква заўжды працавала пры Саветах».
Тут, у Вярховічах, вельмі моцны ўплыў праваслаўнай царквы, якая й арганізуе калядаваньне. У царкве захоўваецца калядная зорка. Нетыповая, тут яна пяціканцовая й нагадвае савецкую. Але жанчыны пярэчаць: ніякіх адсылаў да камунізму ў ёй няма. Кажуць, што зорка можа мець 5, 6, 8, 12 і 24 куты. Да яе некалі яшчэ мацавалася сьвечка.
«Бацюшка бачыў яе і дазволіў», — кажуць жанчыны пра сваю «псэўдакамуністычную» калядную зорку, якой ужо больш за 20 гадоў.
Каб не забыць мясцовыя калядкі, іх запісалі ў сшытак
Сьвяткуюць Каляды ў Вярховічах некалькі дзён. Першы раз выходзяць увечары 8-га, а ня 7 студзеня, як гэта прынята ў большасьці вёсак. 7 студзеня тут лічыцца яшчэ сьвятам Раства, а таму ў гэты дзень нічога ня робяць.
Перад выхадам у вёску жанчыны з царкоўнага хору зьбіраюцца ці ў доме культуры, ці ў хаце Ніны Кастанцінаўны — узгадваюць калядкі. У «рэпэртуары» песьні на ўкраінскай і рускай мовах, але шмат у іх і паланізмаў.
Што гэта ўкраінская мова, Ніна Кастанцінаўна ўсьведамляе, але менавіта такім калядкам навучылі яе бацькі.
Іншая калядоўшчыца — Ніна Богач — сама родам з Украіны. Яна пераехала ў Вярховічы ў часы Савецкага Саюзу. Кажа, што мова песень з некаторымі адрозьненьнямі вельмі падобная да той, на якой размаўляюць у яе дома. Але паміж сабой мясцовыя гавораць ужо на сваім дыялекце — мяшанай украінскай, беларускай, польскай і расейскай мовах.
Каб не забыцца на ўласныя песьні, у царкве ляжыць сшытак з запісанымі ад рукі калядкамі. Некаторыя школьніцы на калядаваньні ўзялі шпаргалкі.
«Мне мама дала вывучыць пару калядных песень», — кажа 15-гадовая Ірына, якая калядуе ў гэты вечар разам са сваёй маці Аленай Аркадзеўнай.
Your browser doesn’t support HTML5
«Пра шакаладку сталі сьпяваць, калі добра зажылі. Раней калядоўшчыкам давалі бульбу»
Песьню «Добрий вечір тобі, пане господарю» у Вярховічах сьпяваюць па-ўкраінску, але са сваёй адаптацыяй. Апошнім куплетам яны дадаюць: «А за ту колядку, дайтэ шоколадку».
«Пра шакаладку мы сталі сьпяваць, калі добра зажылі, — кажа Ніна Кансанцінаўна. — А пасьля вайны прасілі хоць бы якую бульбіну».
Сярод калядоўшчыкаў два механошы: адзін зьбірае шакаладкі ды іншыя пачастункі ад гаспадароў, а другі — ахвяраваньні на царкву.
Калядоўшчыкі падкрэсьліваюць, што ў іх — выключна царкоўныя традыцыі. Усе гэтыя калядныя песьні яны сьпяваюць і ў царкве ў перапынках паміж малітвамі.
А Ніна Канастанцінаўна дык увогуле нават Новы год не адзначае, бо ён прыпадае на пост. І ялінку ў ейнай хаце ставяць толькі 5 ці 6 студзеня — да Калядаў. Некаторыя цацкі на ёй, дарэчы, яшчэ з польскіх часоў — папяровыя балярыны й анёлы, а таксама цацкі зь бісэру.
Гэтым разам у першы вечар сабралася дзесяць калядоўшчыц. Яны абышлі з тузін хатаў. Астатнія — наступнымі днямі.
«Мы за дзень ніколі не абыходзім усю вёску — звычайна калядуем некалькі дзён, — кажа Жанна Салфетнікава. — А потым нас яшчэ запрашаюць у суседнія вёскі пакалядаваць у іх».