Салдатам тэрміновай службы ў вайсковай частцы ў Печах дазволілі мець пры сабе мабільныя тэлефоны «дазволенага ўзору», піша Tut.by са спасылкай на Міністэрства абароны.
Як расказалі парталу ў Мінабароны, цяпер вайскоўцам можна мець пры сабе мабільныя тэлефоны, але карыстацца імі дазволена толькі згодна з распарадкам: у час вячэры або перад сном, у іншы час тэлефон павінен быць у бязгучным рэжыме (на вібразванку) або выключаным.
Раней вайскоўцы ў Печах мусілі здаваць тэлефоны на захаваньне «ў вызначаных месцах», у старшыны ці камандзіра, атрымліваць пад подпіс у журнале выдачы і прыёму тэлефонаў. Карыстацца тэлефонамі дазваляюць ва ўсіх частках Беларусі, але парадак карыстаньня вызначае камандзір часткі.
У Печах таксама плянуецца ўсталяваць «у некаторых месцах» тэхнічныя сродкі відэаназіраньня, закупіць новае абсталяваньне для мэдычнай роты, прафінансаваць рамонт клюбу і сталовай вайсковага мястэчка.
Ці можна набыць такія тэлефоны, невядома
Якія менавіта мадэлі тэлефонаў «дазваляюцца» ў войску, не ўдакладняецца. «Кнопачныя» тэлефоны бяз камэраў выпускаюцца па-ранейшаму, але мадэлі без дыктафона і бяз доступу да інтэрнэту калі і выпускаюцца, то ў Беларусі практычна не прадаюцца. Шэраг старых мадэляў тэлефонаў, напрыклад Nokia 3310, Siemens C35i ці Sony Ericsson T230, ня маюць камэры і нават функцыі дыктафоннага запісу, але маюць доступ у інтэрнэт праз тэхналёгію WAP.
***
Як разьвіваюцца падзеі ў Печах
3 кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.
13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы.
Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17-й гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю склепа, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».
Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго, як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра яго далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.
Аляксандар Коржыч (зьлева) у войску, архіўнае фота
Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве. Сяржанты з вайсковай часткі праходзяць падазраванымі ў справе аб нестатутных адносінах, таксама «прымаюцца рашэньні аб іх затрыманьні».
Папярэдне разглядаюцца вэрсіі давядзеньня да самагубства празь «дзедаўшчыну», зьдзекі, гвалт, вымаганьне ці адбіраньне асабістых рэчаў і грошай; забойства з асабістых або карысьлівых матываў або праз «валоданьне зьвесткамі, якія кампрамэтуюць іншых вайскоўцаў»; самагубства праз псыхалягічную траўму або нежаданьне служыць.
Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.
14 кастрычніка стала вядома, што ў сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў.
«Загадам міністра абароны адхіленыя ад займаных пасадаў 5 службовых асоб 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру, 4 службовыя асобы звольненыя з Узброеных сіл».
Раней паведамлялася, што міністар абароны адхіліў ад пасад камандзіра і шэраг службовых асобаў камандаваньня вайсковай часткі, дзе сёлета 3 кастрычніка знайшлі павешаным радавога Коржыча.