Паўгадзінная стужка — гэта плён супрацы маладога менскага рэжысэра Ягора Сурскага і валянтэраў праекту «Беларускі архіў вуснай гісторыі» гарадзенскага гісторыка Алеся Смаленчука. Галоўныя героі — непасрэдныя сьведкі і ўдзельнікі лёсавызначальных пэртурбацыяў канца 1940-х, якія суправаджаліся прымусовай нацыяналізацыяй, рэпрэсіямі і высылкай нязгодных у сыбірскую тайгу ды казахстанскія стэпы.
Калектывізацыю сустракалі ўзброеным супрацівам
«Асабіста я вялікі аматар вуснай гісторыі, — гаворыць Ягор Сурскі. — Ускосна пачаў гэтым займацца, яшчэ слухаючы ў дзяцінстве аповеды сваіх дзядоў і бабуль. А экспэдыцыі мяне пераканалі ў тым, што Беларусь — усё яшчэ краіна вуснай гісторыі: нідзе няма такой адкрытасьці, нідзе вас так блізка не падпусьцяць да сваёй прыватнай прасторы. Яскравым прыкладам гэтага зьяўляюцца звычайныя жыхары беларускіх вёсак, героі фільму».
Экспэдыцыя дзеля збору матэрыялаў ад жывых сьведкаў калектывізацыі адбывалася летась на Піншчыне. Некалькі камандаў наведваліся ў вёскі па ўсім раёне, зафіксавалі ўспаміны дзясяткаў старажылаў. Адрозна ад усходніх рэгіёнаў Беларусі, куды калектывізацыя прыйшла на чвэрць стагодзьдзя раней і першых калгасьнікаў ужо не засталося фізычна, тут сытуацыя прынцыпова іншая. Паколькі масава працэс пачаўся толькі бліжэй да 1950-х, ягонымі непасрэднымі сьведкамі сталі жыхары шмат якіх населеных пунктаў:
«Асаблівасьць нашай гісторыяграфіі ў тым, што перадусім дасьледавалася тэма калектывізацыі ва Ўсходняй Беларусі. А тое, што праз два зь лішкам дзесяцігодзьдзі паўтарылася ў заходняй частцы, для гісторыкаў ужо было менш актуальным. У большай ступені тагачасныя працэсы сыстэматызаваныя нават не беларускімі, а польскімі экспэртамі — той жа Ганнай Энгелькінг, якая за манаграфію пра калектыўную сьвядомасьць беларускай вёскі атрымала прэмію Кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі ў Коўне».
Пасьля «вызвольнага паходу» Чырвонай арміі ў «польскую Беларусь» у верасьні 1939-га хуткаму пераводу прыватнай гаспадаркі на калектыўныя рэйкі перашкодзіла вайна. Але пасьля яе завяршэньня дасланыя з маскоўскага «цэнтру» бальшавікі апантана ўзяліся за працу. Як заведзена, з поўным наборам спадарожных выдаткаў — выкараненьнем веры ды раскулачваньнем тых, хто выступаў супраць новых парадкаў:
«Калі разглядаць спэцыфіку калектывізацыі ў Заходняй Беларусі, адметнасьць перадусім у тым, што яна выклікала непадпарадкаваньне ўладам, — удакладняе Ягор Сурскі. — Насамрэч адбывалася барацьба з фактычнай экспрапрыяцыяй, нацыяналізацыяй маёмасьці. Людзі, якія збольшага абжыліся пасьля вайны, аднавілі свае гаспадаркі, пасьля такой цяжкай працы былі не гатовыя ўсё гэта ўзяць і аддаць невядома каму, у калгас. Таму ў рэгіёнах, далучаных да БССР, калектывізацыя часьцяком сутыкалася нават з узброеным супрацівам».
Старыя жыхары палескіх вёсак ня толькі памятаюць гісторыі такога супраціву, некаторыя былі яго непасрэднымі ўдзельнікамі. Як адна з гераінь фільму «Калгасьнікі», жыхарка вёскі Моладава на Піншчыне, 82-гадовая Марыя Барсукова:
«Безумоўна, у кожным канкрэтным выпадку — розныя гісторыі, розныя лёсы, — працягвае Ягор Сурскі. — Але што найбольш уражвае, дык гэта прыклады людзей, якія ў калгас так і не пайшлі — нягледзячы на тое, што іх апрыёры лічылі ізгоямі, абкладалі неверагоднымі падаткамі і г. д. Іх жыцьцё было нават цяжэйшае, чым у калгасе, дзе першыя гады людзі адбывалі працадні, безь ніякіх грошай. Дык вось Марыя Барсукова не пайшла ў калгас найперш з маральных перакананьняў. Вядома, у фільме ўсё спрасьціла — маўляў, баюся красьці, таму і не пайшла. Але тут, як той казаў, трэба капаць глыбей. І менавіта ў тым выяўляецца ўнікальнасьць, спэцыфіка вуснай гісторыі: біяграфіі такіх людзей выяўляюць штосьці нефакталягічнае, у пэўнай ступені гісторыкам невядомае».
Гэтаксама гераінямі стужкі «Калгасьнікі» сталі 90-гадовая Ульляна Міркевіч зь вёскі Ласіцк, Эмілія Вісьнеўская, 1934 году нараджэньня, зь вёскі Вулька Ланская. Усе яны сталі сьведкамі калектывізацыі, зламаных чалавечых лёсаў.
«Кулацкія» сем’і вывозілі ў Сыбір тысячамі
Статыстыка дасьледчыкаў уражвае: ад 1949 году, калі ў Заходняй Беларусі пачалася масавая калектывізацыя, штогод у Казахстан і Сыбір высылалі блізу 8 тысяч сем’яў — напрыклад, у 1952-м такі лёс напаткаў 8953 «кулацкія» сям’і. З улікам, што ў той час шматдзетных сем’яў было шмат, гаворка сама меней пра паўсотні тысяч чалавек. А калі памножыць на многія гады, якія заняла барацьба з «аднаасобнікамі», у лік рэпрэсаваных трапілі сотні тысяч.
Як лічыць Ягор Сурскі, дасьледаваньні наступстваў калгаснага прымусу мусяць быць працягнутыя, пакуль жывуць сьведкі тагачасных падзеяў. Прынамсі, праца ў гэтым кірунку ідзе і паступова перакідваецца на іншыя рэгіёны:
«Уласна кажучы, летась на Піншчыне была першая экспэдыцыя ў справе дасьледаваньня наступстваў калектывізацыі. Было дзесьці восем групаў валянтэраў, якія штодня наведвалі новую вёску. Калі падсумаваць працу за тыдзень, то ўдалося ахапіць практычна ўвесь рэгіён. Другая экспэдыцыя, па гарачых сьлядах, камандай Алеся Смалянчука праводзілася ўжо ў Лідзкім раёне. Таму «Беларускі архіў вуснай гісторыі» свой праект працягвае. Ну а прамежкавым вынікам стаў якраз дакумэнтальны фільм «Калгасьнікі», які падтрымаў тэлеканал «Белсат».
Сам «Белсат» сёньня перажывае ня лепшыя часы — калектыў у чаканьні свайго лёсу, яго неўзабаве мусяць абвесьціць улады Польшчы. Паводле Ягора Сурскага, які пры падтрымцы каналу здымае ўжо ня першую дакумэнтальную стужку, многія беларускія творцы вядомыя ў сьвеце якраз дзякуючы «Белсату» — дзясяткі прац уганараваныя на самых прэстыжных кінафорумах:
«Увесь час, што працуе „Белсат“, ідзе падтрымка незалежнай культуры. І ў значнай ступені — кінадакумэнталістыкі, якая ёсьць моцным бокам беларускага кіно. Не сакрэт, што наяўнасьць любой канкурэнцыі на карысьць найперш гледачу. Няма ніякіх доказаў, але для мяне відавочна: такая канкурэнцыя існавала паміж „Белсатам“ і дзяржаўнымі тэлеканаламі. Гэта тычыцца ў тым ліку прафэсійнага досьведу: так, Сяргей Філімонаў з праграмай „Відзьмо-нявідзьмо“ пачынаў на БТ, а пасьля рэалізаваў яе на „Белсаце“. Ці адзін з маіх рэспандэнтаў са стужкі „Заходнікі“ нечакана апынуўся ў праекце АНТ: пабачылі, што можна выкарыстаць мэтад вуснай гісторыі, і ён перакачаваў з майго фільма ў іншы. Можна прывесьці і іншыя прыклады такога сымбіёзу, калі белсатаўскія стужкі атрымлівалі ўзнагароды на фэстывалі „Лістапад“. Значыць, само па сабе існаваньне „Белсату“ давала станоўчы вынік для ўсёй беларускай культуры».
Спаўна скарыстацца асабістай прасторай беларуса
У сваім фільме Ягор Сурскі выкарыстоўвае архіўныя здымкі мотальскага фатографа Аляксея Мінюка, які цягам 1930-50-х гадоў працаваў на Піншчыне. Ён пакінуў найбольш уражлівыя сьведчаньні таго, як адчувалі сябе тутэйшыя жыхары да і пасьля калектывізацыі.
Іншы спосаб здабыць патрэбныя зьвесткі — якраз апытаньне яшчэ жывых сьведкаў. На перакананьне аўтара, у вуснай гісторыі Беларусі патэнцыял пакуль яшчэ ёсьць:
«Вусная гісторыя мае вялізны патэнцыял. Асабліва ў нашай краіне, дзе людзі надзвычай адкрытыя, дзе няма вялікіх складанасьцяў, каб трапіць у асабістую прастору чалавека. Лішні раз адчуваеш, што Беларусь нават можа прэтэндаваць на своеасаблівы статус краіны, прыцягальнай для тых, хто займаецца вуснай гісторыяй. Даводзілася браць удзел у летніках, дзе таксама былі і замежнікі. Дык вось, ім таксама здалося вельмі незвычайным, што можна адразу, без папярэдніх узгадненьняў, рэальна пранікнуць у прыватны сьвет беларуса, атрымаўшы абсалютна шчыры аўтабіяграфічны аповед».
Анансуючы свой новы дакумэнтальны фільм «Калгасьнікі» на сайце «Беларускага архіву вуснай гісторыі», http://www. nashapamiac. org/archive/viewfullnews. html? id=424, Ягор Сурскі падкрэсьлівае: найперш ён паспрабаваў разабрацца з такімі няпростымі зьявамі, як калгас ды калектывізацыя. Удакладняе, што, толькі заглыбіўшыся ў тэму, зразумеў: фактычна гаворка пра апошніх эўрапейскіх прыгонных: «Цяжка нават уявіць, што на працягу значнага пэрыяду станаўленьня калгасаў людзі не зараблялі, а проста былі вымушаныя неяк выжываць», — адзначае ён.
Паводле аўтара, «Калгасьнікі» у пэўным сэнсе ёсьць працягам іншай ягонай стужкі, пад назвай «Заходнікі», — найперш у тым, што ў фокусе застаецца вусная гісторыя Беларусі. А гэта найлепшая магчымасьць пабудаваць духоўны масток паміж рознымі пакаленьнямі, нягледзячы на рэгіянальную адметнасьць кожнага зь беларусаў.