Каляды і Колядэ, Раство і Раждво... Як беларусы называюць зімовыя сьвяты

У беларускіх народных гаворках зімовыя сьвяты называюцца і Калядамі, і Раством, прычым назвы могуць суіснаваць і кожная зь іх мае яшчэ і мясцовыя варыянты. Глядзім мапу.

А мапа гэтая мае салідны грунт. „Лексічны атлас беларускіх народных гаворак“ — плён палявых экспэдыцыяў беларускіх дыялектолягаў у 1970–90-я гады. Лінгвісты сабралі адказы на 3972 пытаньні, якія далі беларускамоўныя людзі ў 149 паселішчах. Укладальнікі пяці важкіх тамоў заслужана ўганараваныя Дзяржаўнай прэміяй.

Трэці том Атлясу — „Чалавек“ — сярод іншага, фіксуе народныя назвы старажытных вераў, традыцыйных і рэлігійных сьвятаў.

Мапу № 281 „Каляды“ ўклаў выдатны беларускі дыялектоляг і тапаніміст Іван Яшкін. Людзям задавалі пытаньне: „Як называецца зімовае рэлігійнае сьвята: Каляды, Коляды, Ражаство...?“

Каляды

Вельмі старажытнае, яшчэ праславянскае пары, пазычаньне з лацінскай мовы: у рымлянаў calendae — першы дзень месяца або сьвята пачатку году.

Заўважым: Калядá ў адзіночным ліку — гэта і Куцьця, дзень ці вячэра перад Калядамі, а не само сьвята: „Ішла Каляда упярод Раства“ — калядная песьня. „Калісь на Каляду пяклі з мукі каляднікі“ (Маркоўскае, Лельчыцкі р-н). Каляда — і стравы, прыгатаваныя на Каляды, у тым ліку канкрэтны заколаты вяпрук. Каляда — і хаджэньне каляднікаў са сьпевамі ад хаты да хаты. На схему Каляда ня трапіла (

Абрад „Цягнуць Каляду на дуба“. Вёска Новіны Бярэзаньскага р-ну. 21 студзеня 2017 г.

На дахрысьціянскія зімовыя сьвяткаваньні прыпала ўшанаваньне Хрыстовага нараджэньня, і слова Каляды стала абазначаць хрысьціянскае сьвята. У Кузьмічах Любанскага р-ну кажуць: першыя Каляды — уласна Каляды, другія Каляды — Новы год, трэція Каляды — Вадохрышча.

У гаворках два варыянты націску: Каля́ды і Кóляды (запісалі яшчэ і зусім рэдкі трэці — Калядэ́ — у Малых Вераб’евічах Наваградзкага р-ну). Але стандартныя асаблівасьці мясцовага вымаўленьня на схеме не пазначаныя (на паўночным усходзе скажуць прыблізна так: Кыля́ды, а на Заходнім Палесьсі бываюць і Кóлядэ).

Раство

Сынонім Калядаў (часам іх першы дзень). Слова таксама пазычанае, але з царкоўнаславянскай (генэтычна паўднёваславянскай, колішняй роднай мовы Кірыла і Мятода), мовы афіцыйных багаслужбаў у праваслаўнай царкве: РОЖДЬСТВО. Таму яно жыве ў рэгіёнах і вёсках, дзе праваслаўнае насельніцтва пераважае.

Сьвяточную батлейку ў Горадні паказваюць грэка-каталікі. 25 сьнежня 2015 г.

Беларуская мова асвойвала слова адпаведна сваім гукавым законам: Ражаство, Раздво, Раство.

На мапе абазначаныя адным значком варыянты:

Раждзяство, Разьдзяство; толькі ў двух пунктах (Глівін Барысаўскага і Бабовікі Полацкага р-ну) запісаная форма Ражджаство, прынятая цяпер у Беларускім экзархаце РПЦ;

Ражаство, Ражство, Ражтво, Раштво, Раждво, Рашство;

Раздво мае дыялектныя варыянты вымаўленьня накшталт Руздво.

Вясёлых Калядаў!

Цыкль „Моўныя мапы“ вядуць Антон Трафімовіч, Жанна Новік і Вінцук Вячорка.