Па бязьвізавым рэжыме з моманту яго ўвядзеньня Менск наведалі 56 тысяч турыстаў з 68 краінаў, перадае БЕЛТА.
Найбольш «бязьвізавых» турыстаў прыехалі зь Нямеччыны, Польшчы, Італіі, ЗША і Вялікай Брытаніі. Пяцідзённы «бязьвіз» у Беларусі прапануецца грамадзянам 80 краінаў, а зь якіх зь іх у Беларусі яшчэ не было «бязьвізавых» турыстаў, не ўдакладняецца.
Як сьцьвярджаюць у інфармацыйна-турыстычным цэнтры «Менск», па стане на кастрычнік пасажырапаток у нацыянальным аэрапорце вырас на 30% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году, а аб’ём турыстычных паслуг вырас на 34,1%.
Раней паведамлялася, што большасьць турыстаў у Беларусь па-ранейшаму прыяжджае з Расеі – больш за 79%. Але колькасьць турыстаў-расейцаў зьніжаецца, гасьцей з Польшчы і Літвы – расьце. Іншаземцы трацяць у Беларусі 60 эўра за суткі. Пры гэтым большасьць беларускіх арганізаваных турыстаў адпачываюць у Беларусі.
Пакуль у Беларусь бязь візы можна трапіць або самалётам праз нацыянальны аэрапорт «Менск», або ў горадзенскую «бязьвізавую зону» праз аўтамабільныя пункты пропуску «Брузгі» і «Прывалкі» (прапускаюць таксама пешаходаў і раварыстаў), а таксама сэзонныя пункты пропуску на бязьвізавую зону «Парк Аўгустоўскі канал».
Магчымасьці прыехаць у Беларусь бязь візы цягніком (або любым транспартам з боку Латвіі) на сёньня няма. Таксама іншаземцу нельга прыехаць у Беларусь бязь візы з тэрыторыі Расеі, нават калі ён грамадзянін краіны, якой у Беларусь дазволены «бязьвізавы прылёт».
У канцы ліпеня міністар спорту паведаміў, што тэрмін бязьвізавага ўезду ў Беларусь неўзабаве можа быць падоўжаны, але канкрэтных лічбаў не назваў.