Амэрыканская кампанія абяцала разабрацца зь беларускім праграмістам, які жадаў тэракту на «Сьвяце Незалежнасьці»

Амэрыканская кампанія Juno адказала карыстальнікам сацсетак наконт скандалу зь беларускім праграмістам Андрэем Кірыленкам.

Андрэй Кірыленка пісаў у Livejournal, што просіць Ктулху (выдуманага бога з апавяданьняў Говарда Лаўкрафта), каб на менскім «Сьвяце Незалежнасьці» 25 сакавіка «што-небудзь узарвалі, каб іхныя гнілыя вантробы на некалькі кілямэтраў вакол разьляцеліся».

Шэрагу карыстальнікаў Twitter і Facebook, у ліку якіх журналісты Антон Матолька і Дзьмітры Галко, кампанія Juno адказала на пасты са згадкамі словаў Кірыленкі:

«Juno працуе зь людьмі рознага паходжаньня і розных перакананьняў па ўсім сьвеце. Мы застаемся этычнымі, сацыяльна адказнымі і дыстанцыяванымі ад палітычных і рэлігійных прыналежнасьцяў. Мы ня церпім пагрозаў або актаў гвалту. Неадпаведныя паводзіны будуць падлягаць унутранаму разбору».

На выказваньні Кірыленкі раней зьвяртала ўвагу «Наша ніва». Выданьне зьвязалася з праграмістам, каб удакладніць, каму і чаму ён жадае сьмерці. Той адказаў, што перакананы: у сьвяце ўдзельнічалі нацысты, якія «зьнішчылі маю радзіму — СССР». Паралеляў між БНР і нацызмам ён ня змог правесьці. Да таго ў сваім блогу Кірыленка таксама жадаў сьмерці вайскоўцам «бывшей внаукраины», якіх таксама лічыў нацыстамі.

Кіраўнік менскага офісу Juno Аляксей Мінкевіч казаў «Нашай ніве», што кампанія ня сочыць за тым, што работнікі пішуць у сацыяльных сетках, «яны вольныя выказвацца, як захочуць», бо «кампанія была і застаецца па-за палітыкай», хоць прызнаў, што выказваньне Кірыленкі «можа абразіць нават тых, хто прачытаў яго выпадкова».

Пасьля навінаў пра ягоныя выказваньні Кірыленка напісаў у сваім блогу, што зьвярнуўся да юрыста, які забараніў яму пісаць нешта па тэме скандалу і даваць публічныя камэнтары. Арыгінальны пост ён выдаліў.

***

Juno заснаваная стваральнікамі Viber, мае офіс распрацоўкі ў Менску. Кампанія займаецца адсочваньнем і выклікам таксі, пазыцыянуецца як канкурэнт Uber і «сацыяльна-адказны шлях паездак». Летам 2017 году была прададзеная іншаму онлайн-сэрвісу таксі Gett — паводле Techcrunch, за 250 млн даляраў.

Твары гледачоў на канцэрце #БНР100 каля Опэрнага тэатру. ФОТА

На санкцыянаваным уладамі мітынгу-канцэрце «Сьвята Незалежнасьці», прысьвечаным 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, знаходзіліся адначасова тысячы чалавек — туды прыходзілі цэлымі сем’ямі, зь дзецьмі. Сумарная колькасьць наведнікаў ацэньваецца арганізатарамі прыблізна ў 40 тысяч чалавек — гэта быў самы масавы Дзень Волі ў XXI стагодзьдзі.