«Калючы дрот – не апошняя зьмена ў гэтым малюнку», — мінакі пра перамаляванае графіці

Зранку 23 кастрычніка ананімны аўтар намаляваў калючы дрот на графіці па вуліцы Магілёўскай, 32 у Менску. Першапачаткова, паводле расейскіх мастакоў, графіці мусіла сымбалізаваць сяброўства паміж Менскам і Масквой. Цяпер у рамонкавы вянок «расейскай дзяўчынкі» ўплецены калючы дрот, ён жа – у букеціку, які трымае «хлопчык Менск».

Ананімны аўтар: «Хай свабода трактовак гэтага жэсту будзе поўнай і бязьмежнай»

Свабода запытала ў жыхароў дома № 32 і мінакоў, што тыя думаюць пра такую зьмену.

Новы элемэнт малюнку кідаецца ў вочы яшчэ здалёк. Мужчына здымае на тэлефон абноўленае графіці.

«Я тут жыву і вырашыў спусьціцца на вуліцу, паглядзець, што зрабілі, — кажа Сяргей. — Расейцы пры падтрымцы нашага выканкаму пакінулі такі падарунак гораду, ну а беларусы ўзялі ды перамалявалі на свой лад. Цяпер выглядае, як сапраўдны стрыт-арт. Думаю, гэта не апошняя зьмена. Хутка яшчэ нешта дададуць, але жыльлёвыя службы зафарбуюць усё адразу, і будзе зноў проста шэрая сьцяна».

Галіна жыве ў суседнім доме і таксама выйшла паглядзець на славутае графіці.

«Што гэта значыць? Ну, відавочна ж, калючыя дачыненьні паміж нашай краінай і Расеяй. Усё, што яны адна адной могуць прапанаваць — калючы дрот. Вось першая асацыяцыя, якая прыходзіць у галаву», — падзялілася ўражаньнямі жанчына.

«Ну а мне дык заўсёды падабаўся гэты малюнак, вельмі станоўчы. Я была на адкрыцьці, вельмі нават весела. А хто хоча ўбачыць дрот, той убачыць», – дадае яе знаёмая.

На гэты момант абноўленае графіці ніхто не зафарбоўвае, аднак мінакі актыўна зьвяртаюць увагу на зьмены, фатаграфуюцца на фоне сьцяны.