Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі (PDF), будынак на
скрыжаваньні вуліцы Філімонава і праспэкту Незалежнасьці ў Менску дазволена будаваць не да 2018 году, а да 2020-га.
«Газпром Цэнтар» на месцы аўтавакзалу «Маскоўскі» цяпер дазволена будаваць ня толькі за кошт інвэстара (гэта ААТ «Газпром трансгаз Беларусь»), але і арганізацыі, якая рэалізуе інвэстыцыйны праект. Інвэстыцыі чакаліся ў аб’ёме каля 900 млн даляраў. Будаўніцтва мае завяршыць італьянская кампанія Codest, піша БелаПАН.
Будынак пачалі ўзводзіць на месцы зьнесенага на загад Лукашэнкі аўтавакзалу ў 2015 годзе, але ўжо наступным летам будаўніцтва прыпынілася. У сьнежні 2016 году будаўніцтва закансэрвавалі. Паводле неафіцыйных зьвестак, паўза была зьвязаная з «газавымі войнамі» Беларусі і Расеі, а таксама з тэхнічнымі праблемамі (прасяданьнем) з прычыны надта вялікай вышыні праектаванага будынка.
Цяпер будаўніцтва будзе адноўленае «па меры гатоўнасьці генэральнага падрадчыка», кажуць у беларускім аддзяленьні «Газпрому».