Віцебская актывістка Ірына Яскевіч сабрала амаль паўтары тысячы подпісаў гараджан за адмену дэкрэту аб сацыяльным утрыманстве. Дакладней, рабіць гэта дапамагаюць і самі «дармаеды».
Падпісваюцца нават тыя, хто раней быў гарачым прыхільнікам дзейнай улады
Бывае, што тыя, хто прыходзіць у віцебскі офіс суполкі АГП каб толькі падпісацца за адмену дэкрэта, потым просяць падпісныя аркушы і далучаюцца да валянтэрства, кажа спадарыня Яскевіч:
«Людзі, якія чытаюць нашы абвесткі і прыходзяць падпісацца — абсалютна розныя. Хтосьці падтрымлівае АГП, хтосьці ведае мяне як стваральніцу прафсаюзу прадпрымальнікаў „Разам“, а хтось просіць падпісны аркуш без аніякіх лягатыпаў, бо лічыць сябе апалітычная асобай... Але магу сказаць: гэты дэкрэт узрушыў шмат каго ў нашым горадзе. Нават тых, хто раней быў гарачым прыхільнікам дзейнай улады».
Людзі не толькі прыходзяць паставіць свой подпіс. Яны хочуць паразмаўляць, падзяліцца сваёй гісторыяй, паскардзіцца. Бо апрача як сюды, ісьці з аповедам пра «уласнае дармаедзтва» няма куды, працягвае спадарыня Ірына:
«Людзі апавядаюць, чаму гэты дэкрэт тычыцца непасрэдна іх. Неяк прыйшлі двое пэнсіянэраў. Здавалася б, яны тут зусім не пры чым. Але распавялі, што ў іх дарослы сын, зь якім не працягнулі кантракт. Пэнсіі невялікія, жыць утрох цяжка, і сын вельмі балюча ўспрымае сытуацыю. Цяжка псыхалягічна, бо ён лічыць ганебнай сытуацыю, у якой апынуўся. Як гэта — малады здаровы мужчына, і без працы? Для нармальнага чалавека цяжка ўсьведамляць, што ён ня можа зарабляць, і гэта вядзе да глыбокіх псыхалягічных праблемаў. Ужо былі падобныя гісторыі, якія скончыліся суіцыдам... таму, калі слухаеш людзей, часам хочацца плакаць!»
Праз хваробу хлопец страціў працу і ў 25 гадоў стаў «дармаедам»
Гісторыю ўласнага дармаедзтва распавёў 25-гадовы Міхаіл, які таксама зайшоў падпісацца супраць дэкрэта:
«У мяне няма сям’і, я жыву адзін. Зараз мае сродкі да існаваньня — гэта калісьці ашчаджаныя грошы. Але гэтая «падушка бясьпекі» бясьпекі неўзабаве скончыцца, і што рабіць далей? Быў супрацоўнікам „Эўрагандлю“, але ў 2015 годзе ў мяне знайшлі захворваньне сэрца, пра якое я раней ня ведаў. Яно прагрэсавала, і аднойчы я страціў прытомнасьць проста на вуліцы. Давялося сысьці з працы, аднак цяпер знайсьці іншую яшчэ цяжэй — бо ёсьць абмежаваньні праз наяўнасьць хібаў са здароўем.
Я спрабаваў розныя шляхі. Прыкладам, хацеў вывучыцца на праграміста. Ужо быў пачаў, але няма сродкаў плаціць за вучобу. Маю спэцыяльнасьць па мантажы і абслугоўваньні электрычнага абсталяваньня. Уладкавацца хаця б электрыкам у дзіцячы сад — нерэальна, бо такія месцы даўно занятыя, у асноўным людзьмі пэнсійнага і перадпэнсійнага ўзросту, бо там плацяць „капейкі“. Дый працаваць за 200 рублёў — гэта практычна працаваць „за ежу“».
Хлопец пераканаўся, што цяперашнія вакансіі, дзе сёньня ёсьць попыт на кадры — гэта хіба што сеткавы маркетынг. Там ад «навічкоў» могуць запатрабаваць прайсьці навучаньне за ўласны кошт, а потым выкупіць за ўласныя сродкі пэўную колькасьць прадукцыі — касмэтыкі, бытавых прыбораў і гэтак далей. А ў абвестках цэнтру занятасьці і ўвогуле вакансіі бываюць несапраўдныя: варта патэлефанаваць наконт працаўладкаваньня, як тут жа чуеш, што месца ўжо занятае. Ці нават шчырае зьдзіўленьне: «А нам ніхто не патрэбны».
«Дэкрэт пра „дармаедзтва“ — гэта фактычнае рабства»
Міхаіл лічыць, што дэкрэт пра сацыяльнае ўтрыманства не падлягае аніякай карэктыроўцы — што яго трэба толькі адмяняць. Такое самае меркаваньне і ў жыхаркі Віцебску Ганны Мельянцовай:
«Гэта антыканстытуцыйны дэкрэт! У кожнага свая жыцьцёвая праблема: нехта ня можа знайсьці працу, бо паўсюль скарачэньні, кагосьці не задавальняе заробак, хтось вымушаны зьехаць на працу ў іншую краіну... Але найперш — гэта антыканстытуцыйны акт! Бо гэта прымус да працы, пазбаўленьне магчымасьці выбару, фактычнае рабства!»
Віцяблянін Аляксандар Мікулін нязгодны нават з фармулёўкай назвы дэкрэта. Панятак «сацыяльнае ўтрыманства», на ягоную думку, — поўны нонсэнс:
«„Дармаедаў“, абвешчаных такімі гэтым дэкрэтам, у цяперашняй эканамічнай сытуацыі вымушаных „дармаедаў“, утрымлівае не дзяржава і не грамадзтва. Іх утрымліваюць бацькі, жонкі, мужы і гэтак далей. Падатак, які патрабуюць сплаціць, на кожную сям’ю кладзецца дадатковым цяжарам! Калі кіраўніцтва дзяржавы хвалюе наяўнасьць сапраўдных дармаедаў як асобаў, што вядуць антысацыяльны лад жыцьця, ігнаруюць нормы права і маралі, дык заканадаўчы акт трэба было так і называць — „аб дармаедзтве“. І тады ён тычыўся б зусім іншай катэгорыі людзей, а не такой вялікай часткі беларусаў, якія несправядліва падпалі пад вызначэньне „утрыманцаў“».
Пра незадавальненьне дэкрэтам мусіць ведаць дэпутат парлямэнту ад Віцебску
Падпісваючыся за адмену дэкрэта, віцябляне шмат разважалі пра беспрацоўе і нізкія заробкі, пра адсутнасьць ня тое што кар’ернага росту — працоўных пэрспэктыў увогуле, пра сацыяльную неабароненасьць, пра адсутнасьць даверу да стваральнікаў законаў...
У Віцебску збор подпісаў нязгодных з дэкрэтам пра сацыяльнае ўтрыманства праводзіцца ўжо некалькі тыдняў сіламі актывістаў розных палітычных структур.
Зьбіральніца подпісаў Ірына Яскевіч падрыхтавала ліст да дэпутата парлямэнту Аляксандра Цацохі, яе суперніка па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе № 20 падчас мінулай выбарчай кампаніі. У лісьце, а потым і падчас асабістага прыёму, актывістка хоча паставіць дзейнага дэпутата перад фактам, што жыхары Віцебску скрайне незадаволены прынятым дэкрэтам.
Паводле вынікаў падліку галасоў выбарчымі камісіямі, спадар Цацоха перамог зь вялікай перавагай. Адпаведна, менавіта ён мусіць заступіцца за землякоў, якія, паводле афіцыйных зьвестак, аказалі яму давер прадстаўляць іхныя інтарэсы ў парлямэнце.