Баец тактычнай групы «Беларусь» у складзе ўкраінскіх сілаў Ян Мельнікаў наведаў Прагу і галоўны офіс Радыё Свабода.
Ціхановіч: Ян, што такіх маладых людзей, як Вы, выштурхоўвае зь Беларусі? Нехта скажа, што шукаюць прыгодаў, адрэналіну, славы, грошай. Нехта лічыць, што гэта адсутнасьць пэрспэктывы самарэалізацыі ў Беларусі. Як бы Вы адказалі?
Мельнікаў: Я б адказаў проста. У той час, калі ў братняга народа праблемы, я ня здолеў заставацца дома, на канапе, хоць я і не грамадзянін той краіны. Я разумею, што гэта праблема ня толькі ўкраінцаў, але і ўсёй Усходняй Эўропы. І гэта таксама тычыцца лёсу маёй краіны. Я ня мог быць абыякавым.
Ціхановіч: Як шмат часу Вы правялі на Данбасе і што было для Вас самым небясьпечным?
Мельнікаў: На Данбасе я знаходжуся з самага пачатку так званых «рэфэрэндумаў» ДНР-ЛНР, 11 траўня быў мой першы баявы мой выезд у Чырвонаармейск. Што тычыцца пытаньня пра самае небясьпечнае... Было шмат момантаў. У жніўні, калі загінуў Алесь Чаркашын, я таксама быў у тым баі, быў моцны мінамётны абстрэл. Тое, што большасьць хлопцаў выйшлі жывыя — насмрэч цуд, бо паводле задумкі, якая, як мы разумеем, была ў сэпаратыстаў, мы не павінны былі ўвогуле выйсьці адтуль.
Your browser doesn’t support HTML5
Ціхановіч: Ян, выбачайце, такое пытаньне: Вы ж у войску не служылі, напэўна, дык адкуль у Вас вайсковая падрыхтоўка?
Мельнікаў: Пачнем з таго, што ёсьць такая сумнавадомая ў нас частка спэцназу 3214. Гэта так званы «лукашэнкаўскі спэцназ». Яшчэ падлеткам я кожнае лета, цягам трох гадоў, быў у летніку. Там на базе гэтай часткі быў ваенна-патрыятычны летнік. Тады я яшчэ не разумеў, хто такі спадар Паўлючэнка ды іншыя. І там я атрымаў першыя веды, як правільна карыстацца аўтаматам, кулямётам ды іншым.
Ціхановіч: Вы стралялі па жывых мішэнях?
Мельнікаў: У летніку? Не.
Ціхановіч: Не, я маю на ўвазе ў Данбасе.
Мельнікаў: Я страляў у бок ворага. Што такое страляць па «жывых мішэнях»? Там, збольшага, адлегласьць баявая каля кілямэтру. Вельмі рэдка здараецца, калі, як гэта было ў нас на шахце, дзе быў апошні бой, калі 300-400 мэтраў. Звычайна адлегласьць вельмі вялікая. І таму я не страляў па жывых мішэнях, я страляў у той бок, адкуль была небясьпека.
Ціхановіч: Вы ў вайсковай форме, у Вас бел-чырвона-белая нашыўка, Пагоня, і мэдаль. За што Вам яго далі?
Мельнікаў: Гэта мэдаль за ахвярнасьць і любоў да Ўкраіны. Ім мяне ўзнагародзіў мітрапаліт кіеўскай праваслаўнай царквы Філарэт. Гэта ўзнагарода афіцыйная, ёй ўзнагароджваюць іншаземцаў, і я не адзіны беларус, які ўзнагароджаны. Для мяне гэта — гонар.
Ціхановіч: Як Вы апынуліся ў Празе?
Мельнікаў: Я тут не ў адпачынку, а з валянтэрскай місіяй. Стан у дабраахвотніцкіх батальёнаў такі, што валянтэрскай дапамогі мінімум, людзі стаміліся. Мы прыехалі на сустрэчу з дыяспарамі. Да Прагі я быў у Мюнхэне, дзе была сустрэча зь беларускай дыяспарай, мы сабралі сродкі на існаваньне нашай групы і працяг баявога шляху.
Ціхановіч: Значыць, вам ня плацяць з украінскага бюджэту?
Мельнікаў: Усё, што вы бачыце на мне, уся ежа, якую я атрымліваў на вайне, нейкія рэчы — гэта ўсё за кошт народа. Ад дзяржавы я не атрымаў ні капейкі, і не кантрактнік, я не ваюю па кантракце.
Ціхановіч: Пастаянна з боку ўладаў у Беларусі гучаць пагрозы, што вас чакае перасьлед. Сапраўды гэта так, вам пагражае нешта?
Мельнікаў: Так. Калі казаць сумленна, тое, што нам інкрымінуюць улады — канкрэтна «найміцтва» — дык гэтае абвінавачваньне не адпавядае рэчаіснасьці. Бо найміт той — хто ваюе з мэркантыльных інтарэсаў. За тое, што я прымаю ўдзел у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны, я не атрымаў ні капейкі. Я ніякага кантракту ні з кім не падпісваў за тое, каб удзельнічаць у гэтым узброеным супрацьстаяньні. Таму насамрэч гэта проста парадокс.
Ціхановіч: На Вашу думку, ці ёсьць выйсьце з украінскага канфлікту, ці ён будзе працяглым, паколькі перад Эўропай стаяць і іншыя праблемы — хваля ўцекачоў крыху зьменшыла палітычную ўвагу да Ўкраіны.
Мельнікаў: Так, як я заўважыў у эўрапейскіх краінах, канфлікт ва Ўкраіне адышоў на другі-трэці плян, зараз на першым пляне Сырыя. Я лічу, што нельга забываць на Ўкраіну, там баявыя дзеяньні ня сканчваліся, там перамір’я рэальнага няма. І таму ўвага павінна быць пільная. Санкцыі супраць Расеі павінны быць працягнутыя. Толькі разам можна перамагчы навалу, якая ідзе з Усходу.