Ці трэба, каб Расея, Беларусь і Казахстан стварылі Валютны саюз? Апытаньне ў Горадні

Прэзыдэнт Пуцін настойвае, каб Расея, Беларусь і Казахстан стварылі Валютны саюз. Як вы да гэтага ставіцеся? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Пуцін настойвае, каб Расея, Беларусь і Казахстан стварылі валютны саюз. Як да гэтага ставяцца гарадзенцы

Спадар: «У нас павінны быць свае грошы, і ніякага там саюзу і ніякай валюты не патрэбна. Бо калі мы будзем мець свае грошы, то будзем беларусамі, а калі пойдзем на нейкую валюту, то ўжо ня будзем беларусамі...»

Спадар: «Ды гэта ўсё лухта, ня будзе ніякага саюзу, а ён толькі ляпнуў абы-што. Якая валюта агульная, калі ўсё валіцца? Няхай сабе там ва Ўкраіне вайна ідзе — а ў Беларусі вайны няма, і ўсё валіцца яшчэ горш, чым у той Украіне. А ў Расеі? Быў 30 рублёў даляр, а зараз — 60. А кажуць, што да канца году наагул да 120 дойдзе. Ну і якая тут агульная валюта можа быць, чым і хто яе забясьпечыць? Усё гэта лухта, от проста ляпнуў, ды ўсё...»

Спадарыня: «Я пра гэта шмат думала і лічу, што для нас было б карысна мець такую валюту. Можа, усё было б і добра. А тое, што цяпер такі курс — гэта ўсё зроблена штучна, і хутка ўсё вернецца на месца. Ва ўсякім выпадку, я „за“ Мытны саюз».

Хлопец: «А наагул, ці патрэбны Беларусі гэты Мытны зьвяз? Гледзячы на эканамічны стан гэтых краінаў, нават інтуітыўна адчуваеш, што гэта ўсё няправільна, бо краіны слабыя».

Спадарыня: «Хто яго ведае, можа і лепш было б. Нам патрэбна ад гэтага даляра неяк пазбавіцца, бо ён цягне нас няведама куды. Магчыма, агульная валюта і была б такім паратункам. Жылі без валюты столькі гадоў, і ўсё было добра».

Спадар: «Я думаю, было б добра. Для гандлю было б лепей, калі адна валюта. Раз ужо стварылі гэты Мытны саюз, то і валюта павінна быць адна».

Спадар: «Так ці інакш да гэтага набліжаемся, бо стварылі адзіную мытную прастору, а наступным крокам будзе стварэньне агульнай валюты».

Дзяўчына: «Трэба глядзець на гэта з пункту гледжаньня нашай эканомікі. А цяпер, на маю думку, для нашай эканомікі гэта нявыгадна, бо мы ў крызісе. І Расея таксама ў крызісе. Таму, па-мойму, ствараць падобныя валютныя саюзы было б папросту неразумна».