Як запраўкі «А-100» пераходзяць на родную мову

У сетцы аўтазаправачных станцыяў «А-100» з 1 студзеня пачалі абслугоўваць на беларускай мове.

«Наша мэта — пашырэньне моўнага асяродзьдзя, бо „А-100“ — прыватная сетка аўтазаправачных станцыяў зь беларускім капiталам. Мы паважаем нашу Радзiму, шануем мову, ганарымся беларускiм», — кажа генэральны дырэктар групы кампаній «А-100 АЗС» Ірына Валадзько.

Супрацоўнікі кампаніі на працягу 4 месяцаў аднаўлялі веды па мове паводле праграмы і пры дапамозе арганізатараў курсаў «Мова нанова», а таксама на ўнутраных трэнінгах. Пераход на беларускую мову будзе ажыцьцяўляцца паступова.

Па-першае, афіцыйныя вэб-рэсурсы будуць (і ўжо часткова сталі) беларускамоўнымі.

Па-другое, апэратарам рэкамэндавана абслугоўваць кліентаў на беларускай мове.

Па-трэцяе, будуць заменены ўсе рэклямныя матэрыялы ў гандлёвых залях, зьявяцца цэтлікі на таварах на беларускай мове — некалькі тысяч найменьняў бясплатна пераклалі экспэрты службы «Хуткая моўная дапамога» курсаў «Мова нанова». Такім чынам, празь некаторы час усё афармленьне паліўных станцыяў стане беларускамоўным, абяцае Ірына Валадзько:

«Праграма пераходу на родную мову будзе, як і сама мова, мяккай і павольнай. Гэта тычыцца як супрацоўнікаў, гэтак і кліентаў. Нам падабаецца тое, што мы робім, і мы ганарымся тым, што ў даволі кароткі тэрмін пачалі зьдзяйсьняць сваю мару — сталі імкнуцца размаўляць па-беларуску.

Наагул, любы праект А-100 — гэта вынік агульных намаганьняў: каманды, нашых сяброў-кліентаў і нашых партнэраў. Менавіта таму цяпер мы адкрытыя да любой моўнай „дапамогі“, бо вучыцца разам — гэта выдатна. Будзем таксама ўдзячныя за крытыку. Мы адкрытыя для парадаў і прапаноў», — запэўнівае Ірына Валадзько.