У Латвіі на дзяржаўным узроўні абмяркоўваюць магчымасьць усталяваць плот на мяжы зь Беларусьсю, каб абараніцца ад плыні мігрантаў з усходу.
Ідэю пабудовы плота падтрымала прэм’ер-міністар Латвіі Лаймдота Страўюма, якая спаслалася на зьвесткі пра пранікненьне з тэрыторыі Беларусі нелегалаў. «Ужо дзьве групы прыйшлі зь Беларусі. Многія эўрапейскія дзяржавы будуюць платы, і гэта можа быць магчымым рашэньнем», — лічыць спадарыня Страйюма.
Ці пацьвярджаюць у Беларусі факт пранікненьня на тэрыторыю Латвіі празь Беларусь дзьвюх вялікіх групаў мігрантаў і як тлумачаць гэтыя зьвесткі?
Прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка гэтак пракамэнтаваў зьвесткі латыскага боку пра групы мігрантаў:
«Яны выявілі на сваёй тэрыторыі дзьве групы. А як і якім чынам яны там апынуліся, нашы і латвійскія памежнікі разьбіраюцца. Папярэдне — прыкметаў парушэньня мяжы не было. Групы маглі там апынуцца па-рознаму. Па гэтым пытаньні вядзецца праца, і пакуль афіцыйных пацьвярджэньняў няма», — сказаў спадар Цішчанка карэспандэнту Свабоды.
Паводле Аляксандра Цішчанкі, беларускія памежнікі ня думаюць, што насупраць Беларусі на латвійскай тэрыторыі могуць узьнікнуць муры кшталту таго, які адгароджвае ў Ізраілі кварталы палестынцаў. «Тое, што Латвія хоча аднавіць нейкія сыстэмы ці на нейкіх напрамках усталяваць больш шчыльны кантроль, прыкладам, з датчыкамі, зь відэаназіраньнем ці з сыстэмамі памежнага загароджваньня — гэта нармальна. Гаворка ж не ідзе пра бэтонныя сьцены і гэтак далей. Гэта агульная тэндэнцыя, якая разьвіваецца на тле міграцыйнага крызісу ў Эўропе, і кожная краіна Эўразьвязу спрабуе гэтыя пытаньні вырашыць, пакуль ідзе фінансаваньне. Мяркую, што гэтак стаяць справы».
Як абсталяваная мяжа Беларусі з Латвіяй, Літвой, Польшчай, Украінай і Расеяй? Ці ёсьць у ахове гэтых межаў розьніца?
Мяжу з Латвіяй і Літвой ахоўваюць памежнікі, якія служаць у Полацкім і Лідзкім памежных атрадах, а таксама ў Смаргонскай і Гарадзенскай памежных групах. Памежнікі рэгулярна патрулююць лінію мяжы, у тым ліку праводзяць рэйды па сыгналах, якія атрымліваюць ад мясцовых жыхароў — удзел у ахове мяжы «памочнікаў» зь ліку мясцовага насельніцтва ў Беларусі застаўся з савецкіх часоў. Уздоўж мяжы зь Літвой і Латвіяй стаяць вышкі памежных заставаў, у пэўных месцах усталявана адмысловае відэа- ды іншае абсталяваньне, але сама мяжа празрыстая — плоту няма. Затое на гэтым участку беларускай мяжы, як і на ўкраінскім, зьяўляюцца ўсё новыя заставы. Прыкладам, сёлета — новая стацыянарная памежная застава ў Астравецкім раёне, каля вёскі Караняты. Летась на мяжы зь Літвой зьявіліся дзьве новыя мабільныя заставы, для іх ужо будуюць стацыянарныя пункты каля вёсак Буйкі і Жарнелі.
Празрыстай застаецца і мяжа Беларусі з Украінай, аднак яе ахова робіцца ўсё больш пільнай. Тут няма драцяной агароджы, але ўсе іншыя тэхнічныя складнікі фактычна ўжо такія самыя, як на мяжы зь Літвой і Латвіяй, у тым ліку КСП — кантрольна-сьледавая паласа.
«КСП у нас ужываюць і на ўчастках з Прыбалтыкай, і на ўчастках з Польшчай, і на ўчастках з Украінай. Гэтая паласа ва ўсім сьвеце і сёньня застаецца самай паказальнай рэччу, бо ў выпадку парушэньня кожны бок абавязаны прадставіць доказ парушэньня мяжы. КСП — гэта як пратакол. Толькі з Расеяй няма КСП, бо там няма сыстэмы памежнага кантролю, мы там не правяраем пашпарты. Там працуюць пэўныя сілы з Расеі, часам з нашага боку, але яны маюць больш праваахоўны бок, не такі клясычны, як, скажам, на мяжы з Эўразьвязам ці Ўкраінай. Там працуе больш апэратыўны кампанэнт. Часам мы і там затрымліваем парушальнікаў, але яны больш эканамічнага фармату», — распавёў прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка.
Найлепш абсталяванай мяжой Беларусі застаецца мяжа з Польшчай, якая адзіная ў савецкія часы была дзяржаўнай і збольшага мусіла захавацца ў нязьменным выглядзе. Аднак і тут адбыліся пэўныя зьмены, паведаміў нашаму радыё жыхар памежнага Берасьця Анатоль, якому даводзілася бываць на мяжы і ў савецкія часы, і яшчэ 5 гадоў таму.
«Што ўвогуле ўяўляе сабой беларуска-польская мяжа? Дакладна па лініі мяжы з нашага боку ідзе шэраг памежных чырвона-зялёных слупоў, а з польскага — бела-чырвоных. Слупы ўсталяваныя на адлегласьці бачнасьці, таму, калі мяжа робіць паварот, дык дакладна ў пункце павароту стаяць слупы. Наступны рубеж — гэтак званая „трохсотка“. Гэта прыкладна ў 300 мэтрах уздоўж лініі мяжы пракладзеная КСП — кантрольна-сьледавая паласа шырынёй 4–5 мэтраў, на якой нічога няма, яна ўзараная і прабаранаваная. Яе рэгулярна абнаўляюць, каб быў бачны кожны сьлед. Уздоўж паласы ідзе дарога для аўтамабіля і пешаходаў. Наступны рубеж — „васьмісотка“. То бок ад першай КСП дакладна праз 800 мэтраў зноў дарога, за ёй КСП і за ёй плот з калючага дроту. Але за апошні час шмат у якіх месцах замест калючага дроту на плоце начапілі мэталічную сетку і падключылі такія ўчасткі да сыстэмы выяўленьня. То бок калі дрот на сетцы зачапіць ды парваць ці „замкнуць“, дык спрацуе сыгнал на пульце, і паедзе дзяжурная група. Але гэтак было пры саветах — калі аралі абавязкова абедзьве КСП. А цяпер не паўсюль барануюць „трохсотку“ — ня ведаю, чаму».
Чаму на беларуска-польскай мяжы застаецца плот з калючага дроту ці сеткі? Паводле Аляксандра Цішчанкі, да гэтага спрычыніўся і польскі бок.
«На беларуска-польскай мяжы стаіць не банальны плот, гэта так падаецца, што ён просты. Насамрэч гэта рэч значна хітрэйшая, чым была. Там стаяць і датчыкі, і сыстэма відэаназіраньня. Проста нашы польскія суседзі просяць пакуль не здымаць тыя варыянты, якія дзейнічаюць з савецкіх часоў».
Беларуска-польскую мяжу ахоўваюць памежнікі дзьвюх самых моцных памежных групаў — Гарадзенскай і Берасьцейскай чырванасьцяжнай імя Дзяржынскага. А вось мяжа з Украінай — параўнальна зусім маладая, затое яна імкліва разьвіваецца. Украінскі ўчастак мяжы ахоўваюць памежнікі Пінскага памежнага атраду і Гомельскай памежнай групы, да якіх нядаўна далучылі новы атрад.
«Там зьявіўся новы памежны атрад — Мазырскі, зьявіўся шэраг новых дадатковых застаў, памежных пастоў. Па сутнасьці, мы ўжо абсталявалі ў інжынэрным сэнсе гэты беларуска-ўкраінскі ўчастак з пункту гледжаньня комплексаў ды ўсіх іншых сыстэм. Таксама разам з украінскім бокам пачалася практычная дэмаркацыя мяжы», — паведаміў Аляксандар Цішчанка.
Прэсавы сакратар спаслаўся на службовую таямніцу і ня стаў паведамляць колькі ўсяго памежнікаў ахоўваюць беларускую мяжу. Паводле незалежных крыніцаў, на памежнай службе стаіць больш за тысячу чалавек.