90-гадовы старажыл Ільлі Аляксандар Шушкевіч любіць сьпяваць. І для сябе, і для гасьцей. Ведае і беларускія, і расейскія, і польскія песьні. Польскія рамансы пяе шчымліва, са сьлязой. Бо гэта мэлёдыі далёкага дзяцінства. Калі Ільля была зусім іншаю.
— Якое было мястэчка! Поўна яўрэяў, магазыны іхныя. Рамесьнікі — кавалі, шаўцы, краўцы.
Стары любіць разглядаць старыя здымкі Ільлі. Як непадобнае даваеннае мястэчка да сёньняшняга былога райцэнтра! На месцы страшнага клюбу стаяла старая ўніяцкая царква. Перад ёю, дзе сёньня пустыр, у 1930-м годзе паставілі высачэзную капліцу ў гонар паўстанцаў Каліноўскага. У якой на мармуровых плітах былі выбітыя імёны тых, хто загінуў у баі каля вёскі Ўладыкі.
— А гэтую капліцу збудаваў памешчык Багдановіч. У гонар палеглых за вольнасьць, як было напісана.
Івану Рудніцкаму праз чатыры гады стукне 100. Як гэта заўжды бывае зь беларускімі старажыламі, пасьля 70-ці яны зьнешне амаль не мяняюцца. Іван памятае, як тую капліцу бурылі.
— Прыгажосьць была трохпавярховая! Там унутры была мармуровая дошка, і на ёй залатымі літарамі былі напісаныя прозьвішчы ўсіх паўстанцаў, якія загінулі ва Ўладыках. Помнік стаяў пасьля вайны яшчэ. Дарэмна яго сталінскі рэжым зруйнаваў. Навошта? Хай бы быў. Каму ён замінаў? Красата. Упрыгожваў Ільлю. Хацелі падарваць спачатку. Але навокал дамы, нельга. Дзяўблі доўга. Бэтон быў моцны.
Фантастыка. Я гутару з унукам удзельніка паўстаньня. Справа ў тым, што дзед старога Івана, таксама Іван, быў касьцельным арганістам. І нават хаваў у касьцёле зброю паўстанцаў. Маглі яго і выслаць у Сыбір. Але слухаць ягонага ўнука і крыўдна, і балюча. Бо інфармацыйная вайна генэрала Мураўёва працягваецца дагэтуль.
— У 1861-м годзе адменены прыгон. А ў 1863-м памешчыкі зрабілі паўстаньне супраць цара. Ім, напэўна, не спадабалася. Яны ж былі поўныя гаспадары. Яны і судзьдзі былі, што хацелі, тое і рабілі. І каля вёскі Ўладыкі быў паўстанцкі лягер. А якія ў іх стрэльбы? Дубальтоўкі. І паслалі аднаго мужыка па піва. А гэты мужык — у жандармэрыю. НКВД тады ж не было. Далі ўзвод салдат. Ён і павёў іх празь лес. А салдаты ж усе зь вінтоўкамі. Усіх іх там пабілі, паўстанцаў. Ніводнага салдата нават не паранілі. Некаторыя праз рэчку спрабавалі ўплыць, усё роўна пабілі. Памешчыкаў. Затым жандармэрыя знайшла ў касьцёле зброю. Напэўна, паўстанцы здавалі на захаваньне. І майго дзеда вырашылі ў Сыбір саслаць. У яго вялікая сям’я была. І сказалі — альбо прымай праваслаўе, альбо ў Сыбір. І ён прыняў праваслаўе. І так мы сталі праваслаўнымі.
Я стаю на месцы той грандыёзнай капліцы ў кампаніі з Уладзімірам Кажамякам, краязнаўцам, які ведае пра Ільлю як ніхто.
— Як разбуралі капліцу, мне расказвалі. У 50-я гады прызыўнікоў, якіх у ваенкамат прызывалі, дык ім давалі заданьне. Зь сякерамі, з кувалдамі, з зубіламі. Бо вельмі быў якасны бэтон, не паддаваўся ручной апрацоўцы. Але тыя прызыўнікі ўсё паразбуралі і зьнішчылі. Каб цяпер гэты помнік стаяў, гэта было б упрыгожваньне Ільлі. А ўнутры пліты з прозьвішчамі тых, хто пахаваны ва Ўладыках. Пліты тыя разьбілі. Нехта казаў мне, што сьмецьце часткова некуды вывозілі, часткова ў раку скідалі. Дзе гэтыя пліты?
Ня выключана, што частка плітаў з імёнамі паўстанцаў да гэтае пары ляжыць на дне мясцовай рэчкі. Тамсама, дзе і зрынуты бюст Сталіна. Галоўную плошчу ачысьцілі ад камуністычных помнікаў. Сталіна скінулі ў раку, а Ленін пераехаў да мясцовай школы. Каб не прападаць дабру.
Але школа цікавая ня гэтым. У ёй ажно два музэі. Літаратурны і краязнаўчы. І ёсьць на што паглядзець. У адным — цудоўная калекцыя даваеннай беларускай пэрыёдыкі, сабраная настаўніцай Розай Шэрай.
У другім — рэдкія артэфакты міжваеннай Віленшчыны. Мяне ўразіў агромністы куфар, памерам з намёт і знутры аздоблены біблейскімі ілюстрацыямі.
Але ня менш цікавая гісторыя гэтага куфра, якую мне распавяла выкладчыца гісторыі Люцыя Маркевіч.
— Гэта куфар зь незвычайнай гісторыяй. Ён належаў сям’і Філіповіч. Многія на пачатку ХХ стагодзьдзя выяжджалі ў Амэрыку. Уладальнік гэтага куфра паехаў з гэтым куфрам за акіян, зарабіў грошай, сеў на карабель і з гэтым куфрам вярнуўся дамоў. А ягоны ўнук падараваў нам гэты куфар у музэй.
Ёсьць у музэі і дакумэнты самых змрочных часоў. Пасьведчаньне НКВД і групавы фотапартрэт з ГУЛага.
За беларускасьць тутэйшых дзяцей можна не хвалявацца. Бо пэдагогам-арганізатарам у школе працуе выдатная паэтка Аксана Ярашонак.
— Аддача ёсьць, вядома. Дзеці зацікаўленыя. Нашы дзеці ведаюць і любяць беларускую мову, і многія, хто прыяжджае, гэта заўважаюць. Тут на хутары непадалёк жыве пісьменьнік Леанід Левановіч, дык ён назваў нашу школу астраўком беларускасьці.
Часам, кажучы, што ў Беларусі няма паняцьця правінцыі і сталіцы, я, сам таго ня хочучы, крыўджу несталічных паэтаў. Дакладней трэба казаць, што ў Беларусі паўсюль можна сустрэць таленавітага творцу. І пачуць выдатны верш пра Менск.
Нібыта ў студэнцтве, да болю далёкім,
На плошчы ізноў акрыяе душа.
Сьняжынкі Сымона засыпалі зьлёгку,
І срэбрам блішчыць барада Талаша.
Задумлівы клясык глядзіць на сталіцу
З такой недасяжнай сваёй вышыні.
Ён бачыць, напэўна, як сьнег мітусіцца
І холадам зьзяюць нэону агні.
Ці пішуцца вершы пад грукат трамваяў?
Ці сумна на плошчы у лютаўскі час?
Я Коласа ў думках, канечне, спытаю
І ў голасе ветру пачую адказ.
Любімая плошча пад сонцам іскрыцца,
І раптам нахабная думка міргне:
Задумлівы клясык глядзіць на сталіцу
І, можа так стацца, заўважыць... мяне.