Адсотак хворых на сухоты ў беларускіх калёніях і турмах у 6 разоў большы за аналягічны паказчык на волі, пры гэтым з 2007 году агульная колькасьць хворых на сухоты ў месцах зьняволеньня зьменшылася.
Але адмыслоўцы кажуць пра ўсплёск іншай бяды — расьце колькасьць тых, хто адначасова мае і сухоты, і СНІД. Гэты «сьмяротны кактэйль», паводле дадзеных праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн», на 2015 год выяўлены ў больш як 2600 чалавек. Між тым яшчэ ў 2007 годзе такіх хворых было толькі 580.
«Два вірусы паскараюць разьвіцьцё адзін аднаго, гэта сьмяротная камбінацыя, асабліва ва ўмовах пэнітэнцыярнай сыстэмы», — мяркуе дасьледчык праблемы Дзьмітры Жамчужнікаў. Ён вывучаў тэму на падставе адкрытых дадзеных, якія Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС прадстаўляе ва Ўсясьветную арганізацыю аховы здароўя. Вынікі працы Дзьмітрыя Жамчужнікава надрукаваныя на сайце «Плятформы». Паводле дасьледчыка, ВІЧ-асацыяваныя сухоты часьцей сустракаюцца ў вязьняў на строгім рэжыме, якія маюць трэцюю і больш судзімасьць. Амаль усе такія хворыя падчапілі ВІЧ праз іньекцыі наркотыкаў. Палова іх — родам з Гомельскай вобласьці.
Ці можна дапамагчы тым вязьням, у каго выявілі небясьпечную камбінацыю са СНІДу і сухотаў? Паводле Дзьмітрыя Жамчужнікава, сьмяротнасьць пры такіх захворваньнях складае 23%, але сярод вывучаных гісторыяў няма сьмерцяў тых, хто прымаў адмысловыя прэпараты дзеля гэтак званай антырэтравіруснай тэрапіі. Праблема ў тым, што вязьні часта альбо не атрымліваюць такіх прэпаратаў, альбо адмаўляюцца іх прымаць.
«Найперш, у вязьніцах трэба шырэй уводзіць антырэтравірусную тэрапію. Гэта стандартная тэрапія, якая даецца людзям, якія маюць ВІЧ. Галоўнае, каб яе прымалі. Але час ад часу вязьні адмаўляюцца яе прымаць, або трапляюць за краты, калі ўжо разьвіўся СНІД. Але і тады трэба прымаць гэтую антырэтравірусную тэрапію. Дасьледаваньне паказала, што з тых, хто памёр, ніхто не прымаў гэтых лекаў. А тыя, хто прымаў, — ім удалося захаваць жыцьцё. Але праблема ў тым, што гэтая антырэтравірусная тэрапія мае пабочны эфэкт — калі яе прымаць, то спачатку самаадчуваньне пагаршаецца. Вось шмат хто зь вязьняў і адмаўляецца яе прымаць. А ніхто амаль не займаецца тым, каб растлумачыць людзям, што гэта трэба, ці неяк прымусіць іх далей прымаць гэтую тэрапію. Гэта, безумоўна, пытаньне складанае, бо яны і без таго за кратамі», — мяркуе Дзьмітры Жамчужнікаў.
Трэба наладзіць абавязковы кантроль за прыёмам прэпаратаў, бо вязьні часта ад іх адмаўляюцца
Яшчэ адзін кірунак прафіляктыкі ВІЧ-асацыятыўных сухотаў — паляпшэньне ўмоваў утрыманьня вязьняў у турмах і калёніях. Праваабаронца Алёна Красоўская-Касьпяровіч, сама мэдык, кажа, што сухоты лёгка разьвіваюцца ў арганізьме, які аслаблены недахопам вітамінаў, і прапануе павялічыць у рацыёне вязьняў колькасьць садавіны і гародніны, а найперш цыбулі і часныку. Таксама праваабаронца прапануе сама меней 2 разы на год выдаваць зьняволеным вітаміны ў таблетках ды з той жа рэгулярнасьцю праводзіць хіміяпрафіляктыку тых, хто хварэў на сухоты. «Але трэба наладзіць абавязковы кантроль за прыёмам прэпаратаў, бо вязьні часта ад іх адмаўляюцца», — дадае праваабаронца.
Ці толькі ад самога вязьня залежыць, прымаць лекі ці не? А калі іх табе проста не даюць, бо адміністрацыя ня лічыць, што ты варты лячэньня?
Вязень івацэвіцкай калёніі № 4 Уладзімер, які быў ВІЧ-інфікаваны, пасьля вызваленьня пражыў усяго тыдзень. Як кажа яго сябар, таксама былы асуджаны калёніі № 5 Міхаіл, за некалькі дзён да сьмерці вольны лекар-пульманоляг дыягнаставаў ва Ўладзімера сухоты, а ў турэмнай лякарні гэтай хваробы за ўсе гады не знайшлі.
«У мяне быў сябар, мы зь ім праседзелі 6 гадоў. Ён ужо прайшоў камісію на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, толькі заставалася, каб пракурор гэта падпісаў. Аднак Уладзімера павезьлі яшчэ і ў суд, хоць былі ўсе паперы ў ягонай справе, што ён нават хадзіць ужо ня можа. З калёніі яго выносілі на насілках. У судзе на гэтых насілках яго паклалі на падлогу. Каму была патрэбная прысутнасьць такога хворага, які ледзь размаўляў, не разумею. Недзе празь месяц яго вызвалілі. З калёніі таксама выносілі на насілках. Праз тыдзень свабоды Валодзя памёр. Потым ягоная маці расказала мне, што за некалькі дзён да сьмерці яго паглядзеў спэцыяліст-фтызіятар і сказаў, што ў хворага адкрытая форма сухотаў. Выходзіць, чалавек з такой хваробай не атрымліваў ніякага лячэньня, больш за тое, быў у кантакце зь іншымі».
Дзьмітры Жамчужнікаў, які вывучаў праблему ВІЧ і сухотаў у беларускіх вязьніцах, — студэнт 4 курсу Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Паводле Дзьмітрыя, гэтую тэму ён выбраў падчас навучаньня ў летніку для праваабаронцаў, які арганізавала «Вясна». Дадзеныя, якімі карыстаўся Дзьмітры Жамчужнікаў, паводле яго, можна знайсьці ў адкрытых крыніцах. «Беларусь у гэтым сэнсе адкрытая значна больш, чым некаторыя іншыя краіны СНД, у тым ліку нашы суседзі», — зазначае малады дасьледчык.