Анкета на лета. Іван Кірчук: «У мае гады няшчасьця ўжо няма»

  • ВА

Іван Кірчук, архіўнае фота

У летнім праекце Свабоды мы прадстаўляем анкеты цікавых і вядомых людзей. Сёньняшні рэспандэнт — лідэр этна-трыё «Тройца» Іван Кірчук.

Хто гэта

Беларускі музыка, фальклярыст, лідэр этна-гурту «Тройца», які ўдзельнічаў у 100 міжнародных фэстывалях ад Малайзіі да Чылі, выдаў 7 кружэлак (3 увайшлі ў каталёг галяндзкай студыі PAN Records, якая 25 гадоў зьбірала фальклёр усяго сьвету).

Іван Кірчук на сцэне, архіўнае фота

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Калі ў 2016 годзе ў мяне нарадзілася дачка.

2. Які ваш найбольшы страх?

Мне 61 год, і вельмі хочацца пажыць доўга, як мая бабуля Каця, якая пражыла 96 гадоў. Каб паставіць, як казалі старыя людзі, дзяцей «на ногі».

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Мне было 4-5 гадоў, і я быў з маімі бацькамі ў касьцёле на хорах. Там бацькі прасьпявалі разам 40 гадоў!

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Лянота.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Помста.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Я быў у Босьніі з батлейкай. Расклаў лялькі, маскі. Дзяцей было амаль 400! Мне сказалі: «Пачынай»! А тэксты былі ў машыне. Прайсьці да яе праз гледачоў магчымасьці не было. І я кінуўся ў імправізацыю. Нагадаю, у маёй батлейцы 38 лялек. Няёмка? Яшчэ як. Вось бы паслухалі мяне тады мае студэнты.

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

Бабулін ружанец, які падараваў ксёндз, дваюрадны брат майго таты. Ксёндз доўгі час служыў у Ерусаліме, потым у Гданьску.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Лекаваць душы народнымі песьнямі, напрыклад.

9. Што робіць вас няшчасным?

У мае гады няшчасьця ўжо няма. Кожны дзень — шчасьце: жыву, працую, гадую дзетак (Стэфану 5 гадоў, Агніі — 3).

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Сакрэт (сьмяецца). Нашто гэта вам? Гэта — маё.

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Люблю салодкае! А я дыябэтык.

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

У дзеда Томаша, якога я нават магілу ня бачыў. А ў яго было 14 дзяцей. У гэтым ліку была мая мама…

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

Першы.

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Хацеў, каб выйшла мая кніга фольк-фэнтазі. Але сабраў 3% ад грошай, патрэбных на выданьне.

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Нічога б не мяняў. Маё жыцьцё — мой шлях, мая школа жыцьця.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

У Індыі.

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Некалькі разоў, але пра гэта зноў-такі ня трэба.

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Свая хата, або хутар, як было ў дзеда-млынара.

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Мае дзеці. Дарэчы, іх усяго чацьвёра. Ільля, Ян, Стэфан і Агнія.

20. Што вам не дае спаць па начах?

Думкі.

21. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Няхай дзеці зьберагуць у памяці жыцьцё ў сямʼі.