Адказнасьць за напад у Ніцы ўзяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».
Раней у суботу паведамлялася, што француская паліцыя затрымала чатырох падазраваных у датычнасьці да тэракту ў Ніцы.
У паліцыі знаходзіцца і былая жонка кіроўцы грузавіка, які 14 ліпеня ўрэзаўся ў натоўп на Ангельскай набярэжнай Ніцы падчас фаервэрку ў гонар Дня ўзяцьця Бастыліі і праехаў каля двух кілямэтраў, зьбіваючы людзей.
У выніку тэракту загінулі 84 чалавекі, сярод іх — 10 дзяцей. Больш за 200 чалавек пацярпелі, у тым ліку каля 50 дзяцей, некаторыя зь іх знаходзяцца ў крытычным стане. У ліку ахвяраў шмат замежнікаў.
За рулём 19-тоннага грузавіка быў 31-гадовы француз туніскага паходжаньня Мухамад Лахуідж Бугляль. Ён быў забіты ў перастрэлцы з паліцыяй. У францускіх праваахоўнікаў пакуль няма ніякіх зьвестак пра кантакты Бугляля з тэрарыстычнымі групоўкамі.