Лукашэнка прапаноўвае насельніцтву купляць акцыі, але рынку акцыяў пакуль няма

Ірына Тачыцкая

Аляксандар Лукашэнка даручыў Нацбанку і ўраду разьвіваць фінансавы рынак і параіў насельніцтву ўкладаць грошы ў акцыі і аблігацыі. Наколькі разьвіты рынак акцыяў у Беларусі, ці ёсьць вялікі выбар акцыяў? Ці магчыма разьвіваць гэты рынак без наяўнасьці закону аб інвэстыцыйных кампаніях? На гэтыя пытаньні адказвае навуковы дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Ірына Тачыцкая.

— Лукашэнка параіў беларусам укладаць грошы ў акцыі і аблігацыі. Але ці ёсьць у насельніцтва такія магчымасьці? Ці ёсьць рынак акцыяў, дзе кожны можа купіць любую акцыю?

— Тачыцкая: Сам заклік укладаць у акцыі, шукаць нейкія альтэрнатыўныя крыніцы грошай, акрамя банкаўскіх дэпазытаў, — гэта разумнае пажаданьне з боку эканамічных уладаў. Фондавы рынак у нас спрабавалі разьвіваць, але на сёньня ён знаходзіцца ў вельмі неразьвіты́м выглядзе ў сілу шэрага прычынаў. Звычайнаму грамадзяніну даволі складана самому ўкладаць грошы у акцыі, перш за ўсё таму, што ён ня будзе ведаць, куды ўкладаць, і наколькі кошт акцыяў адпавядае рынкаваму.

У сусьветнай практыцы звычайныя грамадзяне даволі рэдка купляюць акцыі самастойна. Часьцей яны зьвяртаюцца да інвэстыцыйных фондаў, дзе адмыслоўцы валодаюць інфармацыяй, ведаюць, што адбываецца з акцыямі і што трэба рабіць. Адсутнасьць інвэстыцыйных фондаў і адпаведнага закону ў Беларусі будзе моцна стрымліваць жаданьне насельніцтва ўкладаць у акцыі. Акрамя гэтага, сам фондавы рынак у нас пакуль вельмі ня разьвіты.

— Што трэба яшчэ зрабіць эканамічным уладам, каб разьвіваць рынак акцыяў?

— Калі ўлады пажадаюць ісьці ў гэтым кірунку, то варта сказаць, што адсутнасьць рэальнай прыватызацыі, рэальнага разьдзяржаўленьня прадпрыемстваў, пераўтварэньня іх у акцыянэрныя прадпрыемствы таксама ёсьць моцным чыньнікам стрымліваньня. Гэта неабходны элемэнт для разьвіцьця фондавага рынку і ўдзелу насельніцтва ў ім. Таксама на сёньня фактычна адсутнічае мэханізм вызначэньня рэальных рынкавых цэнаў на каштоўныя паперы. У нас некаторыя банкі спрабуюць наладзіць такія паслугі для заможных кліентаў — але усё ж патрэбна, каб існавалі інвэстыцыйныя фонды, якія будуць даваць інфармацыю для ўсіх пра даходнасьць акцыяў.