Замежныя інвэстары ў першым квартале 2015 году ўклалі ў беларускую эканоміку на 29,1% меней грошай параўнальна з такім самым пэрыядам летась.
Пра гэта сёньня паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі:
«За першы квартал 2015 году ў рэальны сэктар эканомікі (акрамя банкаў) замежныя інвэстары ўклалі 3,4 мільярда даляраў ЗША інвэстыцыяў, што на 29,1% меней, чым за першы квартал 2014 году».
Нават гэтыя параўнальна невялікія грошы нельга цалкам лічыць інвэстыцыямі,— падкрэсьлівае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:
«Гэта проста крэдыты. Гэта грошы, якія прыватныя кампаніі, банкі бяруць пад працэнты ў замежных банкаў, фінансавых кампаніяў. Таму гэта не інвэстыцыі, а ажыцьцяўленьне эканамічнага абароту.
Гэта грошы, якія бралі банкі альбо праз банкі буйныя прадпрыемствы пад набыцьцё тавараў. Юрыдычна яны афармляюцца як пазыка грошай за мяжой. Імі запаўняюць недахоп абаротных сродкаў, пад іх купляюць розныя камплектуючыя, якіх нам не хапае. Гэта наша звычайная практыка. І тут бальшыня — не інвэстыцыі, а крэдытныя грошы.
Гэта не інвэстыцыі, а ажыцьцяўленьне эканамічнага абароту
Але беларуская статыстыка традыцыйна ўлічвае ўсе грошы. Такая вось існуе спэцыфіка разьлікаў беларускай эканомікі».
Паводле беларускіх статыстыкаў, асноўнымі інвэстарамі сёлета для беларусаў сталі суб’екты гаспадараньня Расеі (44,3% ад усіх інвэстыцыяў), Нідэрляндаў (19,5%), Кіпру (10,8%). Леанід Заіка тлумачыць, чаму менавіта гэтыя краіны ўваходзяць у першую тройку:
«З Расеяй усё зразумела. Ня будзем забывацца, што яна фінансуе будоўлю Астравецкай АЭС.
Што тычыцца Нідэрляндаў, то гэта зьвязана з продажам беларускіх нафтапрадуктаў за мяжу. Верагодна, бальшыня разьліковых схемаў праходзіць празь Нідэрлянды.
Для Кіпру таксама ёсьць сваё тлумачэньне. Праз гэтую краіну ідуць расейскія грошы. Афіцыйна яны нібыта не расейскія, але насамрэч гэта расейскія замаскіраваныя фінансы».